Пошук

08.06.2026 19:16   Тэкст: Кс. Павел Эйсмант / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

7 чэрвеня, у нядзелю пасля ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Пана, ад касцёла Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску аж да архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі прайшла штогадовая Агульнамінская эўхарыстычная працэсія.

Вернікі з розных парафій Мінска сабраліся на пляцы каля залатагорскага касцёла, які з'яўляецца старадаўнім цвінтаром. Сонечнае і дастаткова цёплае надвор'е заахвочвала кожнага верніка даць асаблівае сведчанне веры праз удзел у эўхарыстычнай працэсіі.

У гэтым асаблівым для горада месцы, як і штогод, адбылася святая Імша, якую ўзначаліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Старшыня ККББ. Разам з ім канцэлебравалі Эўхарыстыю Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, Генеральны сакратар беларускага епіскапату, арцыбіскуп эмэрыт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, святары Мінскага душпастырскага рэгіёна. Прысутнічалі таксама кансэкраваныя асобы і свецкія катэхеты і катэхеткі разам з дзецьмі, апранутымі ў белыя сукенкі, якія сыпалі кветкі перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. У малітоўным з'яднанні з Богам вернікам дапамагаў залатагорскі парафіяльны хор.

«Сказана, што дзяржава і Касцёл — гэта сям'я сем'яў. Таму маю права да вас звяртацца: браты і сёстры!»

— распачаў сваю гамілію арцыбіскуп Станеўскі, нагадаўшы, што «мы спажываем адзін хлеб і п'ем з аднаго келіха». Гэты дзень ён назваў «днём удзячнасці Касцёла за тое, што Яго Збаўца застаўся з намі назаўсёды ў Найсвяцейшым Сакрамэнце», які можна адараваць і спажываць.

Арцыпастыр нагадаў, што 35 гадоў таму па ініцыятыве парафій святых Сымона і Алены і Узвышэння Святога Крыжа адбылася першая эўхарыстычная працэсія вуліцамі Мінска як падзяка за захаванне веры. Яна прайшла ад мінскай Кальварыі да Чырвонага касцёла. Пасля працяглага часу ваяўнічага атэізму вернікам здавалася, што гэта сон. Прамоўца запытаўся, хто з прысутных быў на той першай працэсіі. Тым, хто падняў руку, іерарх шчыра падзякаваў за адвагу і веру, узгадаўшы таксама тых, хто адышоў у вечнасць.

Далей галоўны цэлебрант прапанаваў разглядзець Эўхарыстыю з тэалагічнага пункту гледжання, засяроджваючы ўвагу на 4-х аспектах:

  • гэта ахвярная гасціна, падчас якой Езус Хрыстус ахвяруе сябе дзеля збаўлення свету;
  • яна «сілкуе нашыя душы ласкай»;
  • гэта задатак вечнага жыцця, у якім «мы атрымліваем прадчуванне будучай хвалы»;
  • гэта сакрамэнт еднасці пілігрымуючага, церпячага і трыумфуючага Касцёла.

Прамоўца адзначыў, што паасобныя элементы працэсіі: манстранцыя, харугвы, ферэтроны, першакамунійныя дзеці, якія сыплюць кветкі — нагадваюць пра каралеўскую, прароцкую і святарскую годнасць Хрыста. Знешняя прыгажосць эўхарыстычнай працэсіі, паводле арцыпастыра, якой годны Хрыстус, Кароль Сусвету, нагадвае словы папы Францішка з апостальскай адгартацыі Christus vivit: той, хто дазваляе Хрысту ў Эўхарыстыі дакрануцца свайго сэрца, становіцца маладым маладосцю Хрыста, які з'яўляецца найпрыгажэйшай маладосцю гэтага свету.

Звяртаючыся да бацькоў першакамунійных дзяцей, іерарх скіраваў наступны заклік:

«Дарагія бацькі! Давайце сваім дзеткам прыклад вернасці і даверу Богу. Вучыце іх годна ўдзельнічаць у Імшы, таксама і падчас канікулаў. Прывядзіце ім прыклады маладых святых, якія, нягледзячы на юны ўзрост, былі гатовыя аддаць сваё жыццё за Езуса».

Ён прывёў прыклад вядомага маладога святога — Карло Акуціса, які паўтараў, што «Эўхарыстыя — гэта аўтамагістраль на неба». Дзякуючы гэтаму святому, згодна з меркаваннем прамоўцы, можна пераканацца, што святасць магчыма і ў XXI стагоддзі і што яна вядзе да шчасця.

Яшчэ адзін прыгожы элемент працэсіі, на які звярнуў увагу арцыпастыр, — гэта манстранцыя, бліскучая і аздобленая каштоўнымі камянямі і іншымі ўпрыгожаннямі. Ён заўважыў, што «той, хто годна прымае святую Камунію, з'яўляецца своеасаблівай Божай манстранцыяй». «І таму ад нас, хрысціянаў, залежыць тое, ці Хрыстус бачны гэтаму свету, — падсумаваў іерарх. — (...) Мы павінны быць "носьбітамі Хрыста", каб праз нас Яго ўбачылі іншыя».

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі выразіў падзяку Найсвяцейшай Тройцы за 35-годдзе адраджэння структур Каталіцкага Касцёла на Беларусі і папрасіў Бога «аб літасці і міласэрнасці для ўсяго свету», а таксама «ласку Божага спакою».

«Дзякуем Табе, наш Пане і Збаўца, за Тваю эўхарыстычную прысутнасць сярод нас»,

— такімі словамі завяршыў сваю гамілію прамоўца.

Падчас Імшы і эўхарыстычнай працэсіі прысутнічалі каталіцкія скаўты з Мінска, якія падчас раздзялення святой Камуніі дапамагалі святарам дайсці да вернікаў.

Перад распачаццем працэсіі галоўны цэлебрант заахвоціў прысутных да малітвы аб новых святых пакліканнях, каб у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і ва ўсёй Беларусі «Божы народ не адчуваў недахопу святарскіх далоняў, якія будуць падаваць Цела Хрыста і ўдзяляць іншыя сакрамэнты», адзначыўшы, што сёння іх вельмі не хапае.

Пасля Імшы вырушыла традыцыйная працэсія да чатырох алтароў.

Першы алтар знаходзіўся на месцы цэлебрацыі Эўхарыстыі, другі — на плошчы Перамогі, трэці — на Кастрычніцкай плошчы і чацвёрты — каля архікатэдральнага касцёла.

Падчас працэсіі яе ўдзельнікі спявалі эўхарыстычныя спевы. У гэтым дапамагаў ім хор, прысутнасць якога падчас працэсіі забяспечвалася адпаведнай аўтатэхнікай. Калі працэсія затрымлівалася каля кожнага з алтароў, вызначаны святар спяваў Евангелле, а пасля малітоўнага закліку адзін з іерархаў удзяляў благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Працэсія завяршылася перад уваходам у галоўны касцёл архідыяцэзіі. Пасля апошняга благаслаўлення Мітрапаліт прачытаў акт прысвячэння Мінска-Магілёўскай мітраполіі Найдаражэйшай Крыві Хрыста, што таксама будзе здзейснена ў Нацыянальным санктуарыі падчас Будслаўскага фэсту.

Арцыбіскуп Станеўскі, развітваючыся з удзельнікамі працэсіі, падзякаваў ім за ўдзел і арганізацыю гэтага духоўнага мерапрыемства. Працягваючы тэму паклікання да святарскага і манаскага жыцця, ён прызнаўся, што падчас працэсіі размаўляў на гэтую тэму з міністрантамі і моладдзю, і каля 15-і маладых людзей адказалі пазітыўна. «Гэта мужчыны, а мужчына за свае словы адказвае. Так што не будзем без святароў», — такім незвычайным чынам іерарх выразіў надзею на тое, што будуць новыя пакліканні.

Ён пажадаў усім удзельнікам працэсіі ісці дахаты «з Езусам у сэрцы» і з «сэрцам на далоні». Апошнія свае словы — словы падзякі — арцыбіскуп скіраваў у адрас дзяржаўных уладаў і службаў парадку за магчымасць правесці штогадовую працэсію вуліцамі Мінска.

Абноўлена 08.06.2026 21:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця