Пошук

11.09.2026 15:38   Catholic.by
Аньёло Гаддзі. Адкрыццё сапраўднага Крыжа. Выява з адкрытых крыніц

Напярэдадні свята Узвышэння Святога Крыжа, якое адзначаецца 14 верасня, а таксама з нагоды 1700-й гадавіны адшукання Святога Крыжа, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, кіруе вернікам сваё слова.

Пастырскае слова
Арцыбіскупа Юзафа Станеўскага
Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага
на свята Узвышэння Святога Крыжа
у 1700-ю гадавіну адшукання Святога Крыжа

«Любові без крыжа не знойдзеш, а крыжа без любові не падымеш»
святы Ян Павел II

Умілаваныя браты і сёстры ў Хрысце!

Сёння ў нашых святынях гучаць прыгожыя песні, прысвечаныя Святому Крыжу. І гэта невыпадкова, бо 14 верасня паўсюдны Касцёл адзначае свята Узвышэння Святога Крыжа. З моманту смерці Хрыста на Крыжы ён стаў сімвалам перамогі над сатаной і грахом, знакам збаўлення, славы, гонару, сілы і надзеі.

Свята Узвышэння Святога Крыжа мае доўгую і прыгожую гісторыю. Яно ўшаноўвае дзве далёкія падзеі: адшуканне ў 326 годзе рэліквій Хрыстовага Крыжа святой Аленай, маці Канстанціна Вялікага, і здабыццё Крыжа ў персаў, якое адбылося пры імператары Іракліі ў 628 годзе. Менавіта тады рэліквіі Крыжа былі ўрачыста прынесены ў базыліку Гроба Пана ў Ерузалеме, а затым, у шматлікіх кавалачках, шанаваліся і адараваліся ва ўсім хрысціянскім свеце. Такім чынам, сёлета мы святкуем 1700-ю гадавіну адшукання Святога Крыжа, на якім адбылося збаўленне свету.

Мае дарагія. Для хрысціянаў крыж заўсёды быў святым. Як казаў святы Павел, грэкі шукаюць мудрасці, габрэі патрабуюць знакаў, але мы, як хрысціяне, абвяшчаем Хрыста ўкрыжаванага, славім Хрыстовы крыж (пар. 1 Кар 1,18). З самага пачатку вучні Езуса глядзелі на крыж, які нагадваў ім пра Пана, не толькі ўкрыжаванага, але перш за ўсё ўваскрослага.

Крыж увасабляе Божую любоў, Яго збаўчую сілу. Ён таксама заўсёды быў знакам суцяшэння ў цярпеннях і жадання «быць з Хрыстом».

Да пачатку IV стагоддзя хрысціянам было забаронена публічна вызнаваць сваю веру. Гэта быў час выпрабаванняў, пазначаны перыядамі крывавых і жорсткіх пераследаў. Хрысціянства ў той час развівалася патаемна. Толькі пасля Міланскага эдыкта імператара Канстанціна ў 313 годзе хрысціянства выйшла з падполля і пачало сваё публічнае служэнне. У той час маці імператара, святая Алена, адправілася ў пілігрымку ў Ерузалем і пачала шукаць крыж, на якім быў укрыжаваны Езус.

Любыя. На адной са сваіх аўдыенцый Папа Леў XIV падкрэсліў, што Крыж — гэта самы каштоўны скарб, і мы павінны шукаць яго так, як святая Алена. Святая Алена, маці імператара Канстанціна Вялікага, перажываючы трагедыю сына і яго сям'і, адправілася ў Святую Зямлю на пошукі Крыжа Езуса Хрыста. Можна меркаваць, што гэты знак быў настолькі важны для маральна разгубленага імператара, што яго амаль 76-гадовая маці распачала надзвычай смелае падарожжа. Археалагічныя раскопкі, якія яна арганізавала, закончыліся вельмі важнай для ўсяго чалавецтва знаходкай — былі знойдзены рэліквіі Крыжа, на якім быў укрыжаваны Езус Хрыстус. Чаму святая Алена рашылася на гэтае нялёгкае падарожжа? Магчыма, таму, што яе зямное жыццё было таксама пазначана крыжам. Паводле некаторых звестак яна нарадзілася ў беднай сям’і і пэўны час працавала ў карчме. Але нягледзячы на гэта, у яе закахаўся будучы імператар Канстанцін. Ён ажаніўся з Аленай, але потым развёўся, разлучыўшы будучую святую з яе сынам Канстанцінам. Узышоўшы на імператарскі трон, сам Канстанцін прычыніў сваёй маці шмат цярпення і расчараванняў, але Алена заўсёды заставалася сабою, заставалася жанчынай, якая пастаянна шукала. Яна вырашыла стаць хрысціянкай і пастаянна практыкавала міласэрнасць, не забываючы пра просты народ, з якога сама паходзіла. Папа Леў звярнуў увагу на істотныя рысы духоўнасці святой Алены, над якімі мы павінны задумацца. Яна была жанчынай, якая шукала, была паслядоўнай хрысціянкай, адчувальнай на патрэбы бедных людзей, і для нас, вернікаў ХХІ стагоддзя святая Алена з’яўляецца прыкладам мужнай і непахіснай веры.

Папа Леў XIV зазначае, што «Езус паказаў лагоднае аблічча Бога, які заўсёды адкідвае гвалт, і замест таго, каб выратаваць сябе, Ён дазволіў прыбіць сябе да Крыжа, каб абняць усе крыжы, пастаўленыя ў кожны час і ў кожным месцы ў гісторыі чалавецтва. Хрыстус, Валадар спакою, нястомна кліча са свайго Крыжа: Бог ёсць любоў! Змілуйцеся! Пакладзіце зброю, памятайце, што вы браты! Езус узяў на сябе цяжар нашых цярпенняў і быў прабіты за нашы грахі, Ён не ўзяў у рукі зброі, не абараняўся і не вёў ніякай вайны». Як Валадар міру, Езус жадае прымірыць свет у абдымках Айца і разбурыць усе муры, якія аддзяляюць нас ад Бога і ад бліжняга, бо «Ён — наш спакой» (Эф 2, 14). Ён — наш спакой, які зруйнаваў у сваім целе мур варожасці.

Умілаваныя.

Крыж — гэта не проста сімвал; гэта падмурак нашай веры і надзеі, знак перамогі дабра над злом, любові над нянавісцю. Гэта напамін пра тое, што нашае жыццё, нават напоўненае цяжкасцямі і цярпеннямі, можа прывесці да ўваскрасення, калі мы аб'яднаем яго з ахвярай Хрыста.

У паўсядзённым жыцці, калі мы сутыкаемся з цяжкасцямі, крыж нагадвае нам, што Езус зносіў жахлівыя пакуты, каб нас збавіць. Крыж, які мы нясем, хоць часам ён і здаецца вялікім цяжарам, на самой справе з'яўляецца ключом да вечнага жыцця. Хрыстус учыніў крыж брамай у рай і заклікае нас прыняць гэты дар з вераю і любоўю. Святы Максімільян Марыя Кольбэ часта паўтараў: «На плячах кожнага чалавека ёсць крыж, а калі б яго не было, не было б прычыны ісці на неба. Пан Езус нёс крыж і памёр на ім. Крыжы і крыжыкі ў зямным жыцці неабходныя нам. Часам нам здаецца, што яны занадта цяжкія, але хіба Пан Бог іх не ведае? Калі мы са свайго боку зробім усё магчымае, мы абавязкова атрымаем толькі заслугі».

Цярпенні нашага Пана Езуса Хрыста паказваюць нам, што нават у самых цёмных месцах, дзе здаецца, што няма ратунку і мы думаем, што Бог забыўся пра нас, Ён прысутны. Калі мы па-чалавечы глядзім на муку Хрыста, здаецца, што настала гадзіна цемры, і Божая сіла ўжо абмежаваная. Езус вытрываў звышчалавечыя пакуты, прайшоў праз смерць. І здавалася, што Ён не атрымаў ніякай дапамогі ад Айца. Але Айцец быў з Ім увесь гэты час, таму што Бог валадарыць усюды. Яго валадарства дакранаецца нават да самых цёмных куткоў нашых сэрцаў. Калі мы перажываем цярпенні ці нават адыход ад веры, то гэта не таму, што Бога пры нас няма. Бог, як Той, хто ёсць, уваходзіць у тыя сферы нашага існавання, якія, як нам здаецца, пазбаўленыя Бога, каб выратаваць нас. Але мы часта баімся згадзіцца са сваім зямным крыжом, баімся прыняць яго і ахвяраваць Хрысту. Тамаш Кемпійскі ў сваёй вядомай кнізе «Аб наследаванні Хрыста» піша: «Чаму ж ты ўсё яшчэ баішся ўзяць гэты крыж, які ёсць шляхам да Валадарства?

У крыжы — збаўленне, у крыжы — жыццё, у крыжы — абарона, у крыжы — струмень звышнатуральнага шчасця, у крыжы — сіла мудрасці, у крыжы — духоўная радасць, у крыжы — самая сутнасць дабрыні, у крыжы — дасканалая святасць. Збаўленне душы, надзея на вечнае жыццё ў крыжы, толькі ў крыжы.

Таму вазьмі свой крыж і ідзі за Езусам, і ты дасягнеш вечнага жыцця. Ён ідзе перад табою, несучы свой крыж, Ён памёр за цябе на крыжы, каб і ты мог узяць свой крыж і прагнуў памерці на крыжы. Бо калі ты з Ім памрэш, з Ім разам будзеш жыць, а, яднаючыся з Ім ў Яго муцы, ты далучышся да Яго хвалы».

Для святога Францішка Асізскага, юбілейны год якога мы адзначаем, Крыж быў жывым сімвалам бязмежнай любові Бога, заклікам да навяртання і шляхам да еднасці з Хрыстом. Францішак плакаў, разважаючы пра Муку Пана, і асноўным пасланнем яго жыцця стала перакананне, што мука Хрыста — гэта доказ любові, на якую людзі рэагуюць абыякавасцю. Вяршыняю духоўных перажыванняў святога Францішка мукі Хрыста на крыжы стала падзея на гары Ла-Верна ў 1224 годзе, дзе пасля візіі серафіма ён атрымаў на целе стыгматы — раны Укрыжаванага Пана.

Мае дарагія. Святы лічыў, што кожны хрысціянін павінен «несці крыж» праз штодзённую аскезу і ахвярнасць, цярпліва зносячы цяжкасці і праяўляючы міласэрнасць да бліжніх. У тэстамэнце святога Францішка крыж і мука Хрыста складаюць аснову паклікання кожнага «брата меншага». Захавалася старажытная малітва святога Францішка, калі ён маліўся перад крыжам у Сан-Даміяно (каля 1205–1206 г.), просячы аб унутраным святле, пазнанні Божай волі і адвазе, каб ісці за голасам Хрыста: «Найвышэйшы і праслаўлены Божа, асвятлі цемру сэрца майго і дай мне, Пане, сапраўдную веру, непахісную надзею і дасканалую любоў, разуменне і веды, каб я мог выканаць Тваю святую і праўдзівую місію».

Браты і сёстры. Няхай жа святы Францішак, юбілейны год якога набліжаецца да завяршэння, выпрасіць для ўсіх нас любоў да Крыжа, а таксама каб мы былі ўдзячныя Пану Богу за ўсе Яго дабрадзействы і ласкі.

Просім у Бога асаблівай ласкі, каб мы ніколі не забываліся пра Крыж — цану нашага збаўлення, каб узіраліся ў раны Хрыста і, напаўняючыся жыватворнай сілай, былі сапраўднымі сведкамі Евангелля.

Пане Езу, дзякуем Табе за дар збаўлення. Дзякуем Табе за надзею, якую Ты ўліваеш у нашыя сэрцы, што для нас таксама падрыхтаваныя месцы ў Доме Айца дзякуючы Твайму узвышэнню на крыжы. Дзякуем Табе, наш Пан і Збаўца, за любоў Твайго Боскага Сэрца, якое не асуджае, але аздараўляе нас. Амэн.

На адважнае сведчанне Хрыстовага Евангелля і абароны Яго збавеннага Крыжа ўсіх вас шчырым сэрцам благаслаўляю. + У імя Айца, і Сына, і Духа Святога.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі 

Мінск, 8 верасня 2026 г.
Cвята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі

Абноўлена 11.09.2026 15:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця