Пошук

17.09.2024 07:05   Фота: з архіву парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Мінску / Catholic.by

14 верасня, у свята Узвышэння Святога Крыжа, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў Кальварыйскім касцёле ў Мінску, падчас якой удзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе вернікаў.

У парафіяльнае свята тытулу касцёла заслужаны іерарх прамовіў гамілію, у якой перадусім падкрэсліў, што крыж, які быў вядомы ў старажытнасці як прылада жудаснай смерці, дзякуючы крыжовай смерці Езуса на ерузалемскай Кальварыі стаў знакам збаўлення.

«Для няверуючага чалавека крыж не мае ніякага сэнсу, бо гэта сімвал цярпенняў і жудаснай смерці. Але для хрысціяніна — гэта знак збаўлення і надзеі», — адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Іерарх дадаў, што ў наш час вядзецца адкрытая барацьба з крыжам і што нават некаторыя хрысціяне таксама яго саромеюцца.

«Касцёл звяртае нашу ўвагу на крыж не толькі для таго, каб мы перад ім маліліся, разважалі і цалавалі яго, але таксама каб прыняць яго як лад нашага жыцця. <…> Прыняць крыжовы шлях азначае адмовіцца ад грахоўнага жыцця і абавязацца жыць жыццём Божай ласкі», — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Ён зазначыў, што тыя, хто ў гэты дзень прымалі сакрамэнт канфірмацыі, будуць умацаваныя дарамі Святога Духа, каб мужна вызнаваць сваю веру і яе бараніць.

«Хрысціянскае жыццё — гэта школа крыжа. Крыж Езуса, які мы носім у сабе, знаходзіцца ў цэнтры таямніцы Божай любові і нашай веры. <…> Крыж — гэта наша надзея, бо без ахвярнага трыумфу Хрыста на крыжы ў нас не было б надзеі на вечнае збаўленне. Крыж — гэта лесвіца, якую Езус зрабіў, каб па ёй мы маглі ўзысці ў радасць неба. Крыж — найвялікшая ў свеце гісторыя любові Бога да чалавека, і мы знаходзімся ў яе цэнтры», — сказаў на заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, заахвоціўшы кандыдатаў да канфірмацыі і ўсіх прысутных у касцёле сваім жыццём сведчыць пра трыумф крыжа.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа