Пошук

11.03.2026 15:00   Паводле: svjazep.org

Фота з архіва грэка-каталіцкай парафіі праведнага Язэпа

11 сакавіка 1990 года мітрафорны протаіерэй Аляксандр Надсан, Апостальскі візітатар для беларусаў замежжа і рэктар Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане (Вялікабрытанія), служыў у адзіным у той час у Мінску адкрытым касцёле на Кальварыі Боскую Літургію ў візантыйскім абрадзе на беларускай мове.

Гэта была першая адкрытая грэка-каталіцкая літургія ў пасляваеннай Беларусі. На набажэнства прыйшлі сотні людзей. Рэзананс падзеі быў такі, што на яе прыехала нават здымачная група культавай на той час тэлеперадачы «Взгляд».

Гэтая падзея стала момантам аднаўлення адкрытай літургічнай і душпастырскай дзейнасці Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі.

З таго часу беларускія грэка-католікі лічаць сваім асаблівым пакліканнем і прывілеем маліцца на роднай мове.

Падчас кожнай літургіі ў храмах, капліцах і іншых месцах малітвы паўтараюцца словы: «За Богам сцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь беларускі народ, за стойкасць у веры, мужнасць у выпрабаваннях і вернасць свайму народу ўсіх нас Госпаду памолімся».

Успамін той падзеі святкуецца ў перыяд Вялікага посту і таму адзначаецца ў глыбокай малітоўнай задуме.

Беларускія грэка–католікі дзякуюць Госпаду, што Царква, якая ніколі не пераставала існаваць, атрымала магчымасць адкрыта абвяшчаць Евангелле. 

У грэка-каталіцкіх парафіях Беларусі службы з малітвай падзякі пройдуць у перыяд з 11 па 15 сакавіка 2026 года.

Абноўлена 11.03.2026 15:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа