26 студзеня на сайце адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска fr.gov.by было размешчана запрашэнне ўзяць удзел у грамадскім абмеркаванні архітэктурна-плніровачнай канцэпцыі аб’екта «Рэканструкцыя капітальных пабудоў рэлігійнага (культавага) прызначэння (Касцёл Узвышэння Святога Крыжа, шэсць пахавальных капліц, цэнтральная ўваходная брама), размешчаных на тэрыторыі Кальварыйскіх могілак у горадзе Мінску».
Гаворка ідзе пра рэстаўрацыю касцёла, які з 1980 года на працягу дзесяцігоддзя быў адзінай дзеючай каталіцкай святыняй у Мінску. Акрамя таго, плануецца аднавіць пахавальныя капліцы на тэрыторыі найстарэйшага захаванага каталіцкага некропаля ў сталіцы Беларусі.
Паведамляецца, што грамадскае абмеркаванне будзе адбывацца на працягу двух тыдняў ў перыяд з 5 да 19 лютага ўключна.
Эксапазіцыя аб’екта будзе размешчана ў фае першага паверха будынка адміністрацыі Фрунзенскага раёна горада Мінска па адрасе: вул. Кальварыйская, 39, што непадалёк ад Кальварыйскіх могілак. Яе можна наведаць у акрэслены перыяд з 9.00 да 18.00.
Прэзентацыя матэрыялаў праекта размешчана таксама на афіцыйным сайце адміністрацыі Фрунзенскага раёна. Выказаць свае заўвагі і прапановы можна ў кнізе ўліку наведвальнікаў экспазіцыі аб’екта грамадскага абмеркавання з 5 па 19 лютага ўключна ў фае будынку адміністрацыі. Іх таксама можна даслаць арганізатару грамадскага абмеркавання з пазнакай «грамадскае абмеркаванне» да 19 лютага ўключна на адрас:
вул. Кальварыйская, 39
г. Мінск, 220073
або на электронны адрас:
frun.stroi@minsk.gov.by
Заўвагі і прапановы, пры іх наяўнасці, удзельнікаў грамадскага абмеркавання, якія паступяць у пісьмовай ці электроннай форме, арганізатарам грамадскага абмеркавання будуць зарэгістраваныя і скіраваныя на адрас архітэктурна-горадабудаўнічай рады камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама. Згаданая рада разгледзіць заўвагі і прапановы ўдзельнікаў грамадскага абмеркавання архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі і складзе пратакол, які будзе скіраваны камісіі па грамадскім абмеркаванні, арганізатару грамадскага абмеркавання і распрацоўніку аб’екта грамадскага абмеркавання.
Камісіяй па грамадскім абмеркаванні будзе аформлены і зацверджаны пратакол падвядзення вынікаў грамадскага абмеркавання. Пратакол архітэктурна-горадабудаўнічай рады, пратакол падвядзення вынікаў грамадскага абмеркавання, заўвагі і прапановы яго ўдзельнікаў будуць размешчаны на старонцы «Грамадскія абмеркаванні» афіцыйнага сайта адміністрацыі Фрунзенскага раёна горада Мінска.
Заяўленая мэта праекта — аднаўленне аб’ектаў нерухомасці, уключаных у рэестр гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Задачы праекта акрэслены як рэканструкцыя з рэстаўрацыяй капітальных пабудоў з аднаўленнем іх эксплуатацыйна-тэхнічных характарыстык.
Праектам, у прыватнасці, прапануецца:
- рамонт даху над асноўнай часткай будынка касцёла з заменай кроквавай сістэмы, рэканструкцыя з рэстаўрацыяй вонкавых сценаў будынка, капітальны рамонт скляпенняў, аднаўленне запаўнення ваконных і дзвярных праёмаў, дэкаратыўных элементаў фасадаў паводле захаваных аўтэнтычных узораў, рамонт і аднаўленне ўнутраных інтэр’ераў будынка касцёла, уладкаванне сістэмы ацяплення (электраабсталяванне), відэаназірання, апавяшчэння пра пажар і пажарнай сігналізацыі, рамонт сістэмы электразабеспячэння з усталяваннем свяцільнікаў і падсвятлення вежы з гадзіннікам, рамонт падмуркаў і адмосткі будынка;
- капітальны рамонт канструкцыі ўваходнай брамы з аднаўленнем дэкаратыўных элементаў і рэстаўрацыяй аздаблення;
- аднаўленне выгляду пахавальных капліц на падставе дакументальных гісторыка-архіўных матэрыялаў ці аналагаў.
Адзначаецца, што праект мае сацыяльную значнасць: забяспечыць надзейную і бяспечную эксплуатацыю аб’ектаў рэлігійнага (культавага) прызначэння.
З прадстаўнікамі парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Мінску і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі згаданы праект папярэдне не ўзгадняўся.