Пошук

12.09.2025 08:42   Catholic.by
Выява ілюстрацыйная

Напярэдадні свята Узвышэння Святога Крыжа, якое сёлета адзначаецца ў нядзелю 14 верасня, Старшыня ККББ арцыбіскуп Юзаф Станеўскі кіруе сваё слова да святароў, кансэкраваных асоб і ўсіх вернікаў.

Тэкст для друку ТУТ>>>

Крыж — надзея нашая, Крыж — збаўленне нашае…

Умілаваныя браты і сёстры ў Хрысце!

14 верасня ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца свята Узвышэння Святога Крыжа. Свята гэта звязана з фактам знаходжання крыжа, на якім памёр Езус Хрыстус. Дзякуючы намаганням святой Алены крыж быў знойдзены ў пачатку IV стагоддзя, а ў 335 годзе ў яго гонар адбылося асвячэнне базылікі ў Ерузалеме.

З моманту смерці Езуса знак крыжа прысутнічае ў хрысціянстве і ў жыцці кожнага верніка мае глыбокі сэнс. Крыж выкарыстоўваецца ў літургіі і асвячае ўсё хрысціянскае жыццё: ім мы распачынаем і завяршаем малітву, распачынаем дзень і кожную важную дзейнасць, крыж выкарыстоўваецца ва ўсіх благаслаўленнях. Крыж, які носім на шыі, дома, на працы або ўсталёўваем на святынях, нагадвае нам таксама пра нашае пакліканне. Яго значэнне становіцца мэтаю жыцця для хрысціянаў, бо мы бачым у ім канчатковую перамогу дабра над злом. Святы Аўгустын пра крыж кажа: «Глядзі на крыж. Разважай пра рукі Хрыста! Любі Укрыжаванага! З пашанай цалуй Святыя Раны! Заўсёды насі крыжык з сабою! Калі адчуваеш сябе слабым, ён дасць табе сілу. Калі ўпадзеш — ён падыме цябе! Калі страціш дух ад няшчаснага лёсу і будзеш у адчаі ад цяжкасцяў і няўдачаў, ён дасць табе адвагу і цярплівасць! Калі ты будзеш плакаць, ён будзе тваім суцяшэннем і дасць табе ўпэўненасць. Калі ты паклічаш яго, ён табе адкажа! Хочаш ведаць, колькі вартая твая душа? Узглянь на крыж! Хочаш ведаць усё зло і цяжар граху? Разважай пра цярпенні і смерць Пана на крыжы! Хочаш ведаць, як моцна Бог любіць нас? Разважай пра крыж Хрыста. Няхай крыж Пана сцеражэ нас у гэтым зямным жыцці, умацоўвае нас у гадзіну смерці і будзе вянцом нашай вечнасці».

Мае дарагія. Сутнасць свята Узвышэння Крыжа заключаецца ў тым, каб падкрэсліць таямніцу Крыжа як цану збаўлення чалавека. Крыж — гэта сімвал, які абагульняе найважнейшыя праўды хрысціянскай веры. Святы Ян Дамаскін — старажытны тэолаг, філосаф і паэт — пісаў: «Менавіта Крыж Пана нашага Езуса Хрыста, а не нешта іншае, перамог смерць, знішчыў першародны грэх, перамог пекла, падараваў нам уваскрасенне, даў нам сілу ўзняцца над прамінальнасцю зямнога жыцця і над самой смерцю, падрыхтаваў вяртанне да ранейшага шчасця, адчыніў брамы раю, учыніў нас Божымі дзецьмі і Яго спадкаемцамі».

Папа Бэнэдыкт XVI у сваіх разважаннях пра Крыжовы шлях Хрыста заахвочваў нас, вернікаў ХХІ-га стагоддзя: «Няхай нашыя позіркі, якія скіраваны на мімалётныя зямныя справы і якія рассейваюць нашую ўвагу, сёння будуць засяроджаныя на Хрысце; давайце паразважаем над Яго Крыжам. Крыж — гэта крыніца несмяротнага жыцця, ён з’яўляецца школай справядлівасці і міру, універсальнай спадчынай прабачэння і міласэрнасці; пастаянным сведчаннем ахвярнай і бясконцай любові, якая схіліла Бога, каб Ён стаўся чалавекам, безабаронным, такім, як мы, і памёр на крыжы. Яго прыбітыя цвікамі рукі адкрытыя для кожнага чалавека і запрашаюць, каб мы прыйшлі да Яго, упэўненыя, што Ён прыме нас і прытуліць з бязмежнай чуласцю: «Калі Я буду ўзняты над зямлёю, усіх прыцягну да сябе» (Ян 12, 32).

Сёння свята Узвышэння Святога Крыжа зноў дае нам магчымасць паразважаць над гэтай ахвярай, прынесенай Хрыстом за чалавецтва. Бог стаўся слугою, прыняў чалавечую натуру і прыняў мучаніцкую смерць, і за гэта Яго Айцец узвысіў Яго. Езус паказвае нам, якім павінен быць наш шлях да шчасця і збаўлення. Такім чынам крыж, гэты красамоўны сімвал цярпення, становіцца таксама прадчуваннем вечнай узнагароды. «Дзякуючы балеснай дарозе Крыжа, людзі ўсіх эпохаў, паяднаныя і адкупленыя праз Кроў Хрыста, сталі сябрамі Бога, дзецьмі Нябеснага Айца. «Сябар!» — так Езус звяртаецца да Юды, калі ў апошні раз звяртаецца да яго са сваім драматычным заклікам да навяртання; Ён называе кожнага з нас сябрам, бо Езус — сапраўдны сябар для ўсіх. На жаль, людзі не заўсёды разумеюць глыбіню гэтай бясконцай любові Бога да сваіх стварэнняў. Для Бога не існуе розніцы, якой чалавек расы ці культуры. Езус Хрыстус памёр, каб вызваліць усё чалавецтва ад няведання Бога, ад бясконцага кола нянавісці і помсты, з няволі граху. Крыж чыніць нас братамі і сёстрамі. Але так шмат людзей, нават у наш час, не ведаюць Бога і не могуць знайсці Яго ў Хрысце ўкрыжаваным; так шмат людзей шукае любові і свабоды, якія адкідваюць Бога; так шмат людзей вераць, што ім не патрэбны Бог» (Бэнэдыкт XVI. З разважання на заканчэнне Крыжовага шляху. Рым, 21.03.2008 r.).

Любыя сябры! Узіраючыся сёння ў Хрыстовы Крыж, адкрыем Езусу свае сэрцы, Яму даверымся цалкам, аддаючы сваю няўпэўненасць і слабасці, свае страхі і хваробы — хваробы душы і цела. Апостал Пётр сказаў, што Езус «у сваім целе ўзнёс грахі нашыя на дрэва, каб мы, пазбыўшыся грахоў, жылі дзеля справядлівасці. Ранамі Яго вы аздароўленыя» (1 П 2, 24). Езус — гэта Праўда, якая дае нам свабоду любіць. І не трэба баяцца наблізіцца да крыжа, бо сваёю смерцю Пан выратаваў грэшнікаў, гэта значыць усіх нас. Добра вядомы нашым вернікам святы Шарбэль пры гэтым казаў: «Не распачынай нічога на зямлі, калі гэта не будзе мець заканчэння ў Небе, не выбірай такой дарогі на зямлі, якая не давядзе цябе да Неба».

У Крыжы «мы пазналі любоў» (1 Ян 3, 16), гэтую любоў ажно дарэшты. Падзякуем сёння Богу таксама за тое, што Ён адкрыў нам сваю чыстую любоў на Крыжы, і ўсвядомім, што ўсе мы павінны даваць сапраўднае сведчанне пра пераможную і жыватворную сілу Крыжа, дзень за днём пераадольваючы грэх эгаізму і ўсялякае зло. Сучаснаму свету, як гаварыў Папа Ян Павел ІІ, «патрэбны людзі, «укаранёныя» у Крыжы Хрыста і гатовыя ахвяраваць сябе дзеля Яго. У Крыжы Хрыста, які сваімі рукамі злучае неба з зямлёю і людзей паміж сабою. У Крыжы, які нараджае новых і адважных прапаведнікаў і вызнаўцаў, тых, хто любіць Касцёл і адказвае за яго, сапраўдных вестуноў веры» (Ян Павел ІІ. Седльцэ, 1999 г.).

Мае дарагія. Сёння, у гэтае асаблівае свята Крыжа, у Юбілейны год хрысціянства, хіба, кожнаму з нас слушна будзе спытацца ў самога сябе: ці з'яўляюся я, са сваім жыццёвым крыжам, «укаранёным» у Крыж Хрыста, ці выконваю свой абавязак клапаціцца пра распаўсюджванне Хрыстовага вучэння ў трэцім тысячагоддзі хрысціянства?

Папа Францішак падчас апостальскага візіту ў Славакію ў 2021 годзе, падчас гаміліі ў Прэшаве казаў: «Боскі Збаўца хоча, каб наша любоў была падобнай да Яго — ахвярнай і шчодрай, безумоўнай і бескарыслівай, каб мы любілі іншых так, як Ён палюбіў нас. І не адкідвалі свайго крыжа. Пантыфік падкрэсліў, што «хрысціянства без крыжа становіцца бескарысным, бясплённым. (...) Беражыце каштоўную памяць пра людзей, якія кармілі вас і выхоўвалі ў веры. Пра сціплых, простых людзей, якія аддалі сваё жыццё, любячы да канца. Яны нашы героі, героі штодзённасці, і менавіта іх жыццё змяняе гісторыю. Сведкі нараджаюць іншых сведкаў, таму што яны з'яўляюцца даўцамі жыцця. Так распаўсюджваецца вера: не праз моц свету, а праз мудрасць крыжа; не праз структуры, а праз сведчанне. І сёння, у гулкай цішыні крыжа, Пан пытаецца ў кожнага з нас: «Ці будзеш ты Маім сведкам?»

Браты і сёстры, кожны з нас мае тыя ці іншыя цярпенні. Гэта розныя праблемы на працы, у школе і ў сям'і, якія могуць здавацца нязначнымі ў параўнанні з вялікімі трагедыямі іншых. Безумоўна, часам, няпроста зразумець сэнс цярпення, сэнс нашага крыжа, часам, вельмі цяжкага... Сапраўды, цяжка зразумець сэнс цярпенняў тым бацькам, якія бачаць, як іх дзіця змагаецца з анкалогіяй. А як зразумець сэнс крыжа родным, у якіх памірае маладая жанчына, пакідаючы малых дзетак? Ці калі гіне ў аварыі адзіны сын, асіраціўшы сваіх непаўнагадовых дзяцей? Як мы можам растлумачыць ім, што іх крыж не бессэнсоўны? Такія сітуацыі выпрабоўваюць нашую любоў да блізкіх, часта ўмацоўваюць сямейныя сувязі, дазваляюць нам бачыць вартаснасць нашых бліжніх і, у рэшце рэшт, раскрываюць нашу ўласную стойкасць, мужнасць і здольнасць да ахвярнасці, а таксама паглыбляюць нашую веру. Чым бліжэй мы да крыжа Хрыста, тым лягчэйшым становіцца наш уласны крыж. Прысутнасць Езуса ў нашым асабістым крыжовым шляху дае нам суцяшэнне і не дазваляе нам адчуваць сябе адзінокімі. Мы можам адчуць шчасце на шляху цярпення, таму што гэта набліжае нас да Хрыста. Не варта наракаць на свае цярпенні, што яны невыносныя, бо кожнаму з нас Бог дае толькі той крыж, які мы можам несці. Мы не павінны забываць, што, як пішуць тэолагі, Бог бачыць нашыя цярпенні, бо яны таксама маюць сэнс. Мужна прымаючы іх, мы пракладваем сабе шлях да святасці. Як казаў ужо ўзгаданы святы Аўгустын: «Бог дае вецер, наша заданне — распасцерці ветразь нашага жыцця».

Так, сённяшняму свету вельмі патрэбны сведкі Евангелля, каб сучасныя людзі, перажываючы няпростыя выпрабаванні, цяжкія хваробы, наступствы катастрофаў і ваенных канфліктаў, звярнулі свае сэрцы на Бога, які чакае іх са сваёю бязмежнаю любоўю і міласэрнасцю, каб як мага больш людзей запаліліся святлом Хрыста. Але трэба, каб сведкі самі палалі Хрыстовай любоўю. Пра гэта нядаўна казаў Папа Леў XIV, падкрэсліваючы: «Неабходна, каб Езуса Хрыста, у якім усё аб’яднана (пар. Эф 1, 10), абвяшчалі з яснасцю і вялікай любоўю (…), каб мы стараліся даваць свежы і чысты хлеб Добрай Весткі і нябесны спажытак Эўхарыстыі — адзіны спосаб, каб сапраўды быць Божым народам і целам Хрыстовым» (Папа Леў XIV. З тэлеграмы да біскупаў Амазоніі, 18.08.2025 г.).

«Крыж ёсць знакам міласэрнасці, — паўтараў кардынал Казімір Свёнтэк, Сведка веры, першы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. — Гэта дар міласэрнай любові». Станьма ж духоўна пад крыжам. Уявім сябе на вяршыні Галготы каля ног Укрыжаванага, разважаючы пра Яго ўзвышэнне, пра незвычайную Ахвяру Бога дзеля нашага збаўлення, ніколі не забываючы пра ўласную слабасць. Штодзённае ўзіранне ў крыж Хрыста — гэта таксама адзін з самых надзейных шляхоў да святасці. Кожны святы мае сваю гісторыю жыцця, кожны грэшнік мае сваю будучыню.

Разам з апосталам Янам на Галгоце пад Крыжам стаяла Святая Багародзіца. Ніхто так, як Яна, не сведчыў пра Хрыста і пра Яго Крыж з пакорнай любоўю Матулі, якая ахвяравала свайго Сына. Праз заступніцтва Маці Божай папросім ласкі скіраваць нашыя вочы, нашыя сэрцы на Яе Укрыжаванага Сына, узвышанага на Крыжы, каб адважнаю была нашая вера, каб плённымі былі плады нашага сведчання. На крыжы Збаўца вярнуў нам належную годнасць, учыніў нас усыноўленымі дзецьмі Бога, які стварыў нас па сваім вобразе і падабенстве. Таму застанемся перад крыжам, каб адараваць яго.

О Хрыстэ, укрыжаваны Валадар, дай нам сапраўды пазнаць Цябе, адары нас радасцю, якой мы прагнем, любоўю, якая напоўніць нашыя сэрцы. Гэтага мы просім Цябе сёння, Езу, Сыне Божы, які памёр за нас на крыжы і ўваскрос на трэці дзень. Амэн.

✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа