Пошук

16.09.2024 11:52   Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

14 верасня, у свята Узвышэння Святога Крыжа, на старадаўняй Мядзельскай Кальварыі (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) адбылося набажэнства Крыжовага шляху і адпустовая святая Імшы на Гары крыжоў.

Крыжовы шлях правёў айцец Андрэй Авен OCD з супольнасці айцоў кармэлітаў босых у Мядзелі. У набажэнстве бралі ўдзел шматлікія мясцовыя вернікі і госці, у тым ліку дзве групы пілігрымаў: з Мінска і з Барысава.

Ад кальварыйскай брамы, што размешчана на ўзгорку пры выездзе з Мядзела на Паставы, удзельнікі набажэнства ішлі па намоленай дарозе ад капліцы да капліцы, разважаючы ў малітве над Крыжовым шляхам Езуса Хрыста. Падчас гэтага пакутнага набажэнства многія паядналіся з Богам у сакрамэнце споведзі.

На заканчэнне Крыжовага шляху на палявым алтары на Гары крыжоў, што высока ўзвышаецца над наваколлем, адбылася святая Імша.

Напачатку сабраных прывітаў настаяцель мядзельскага Кармэля айцец Генрых Валэйка OCD. Манах нагадаў гісторыю Мядзельскай Кальварыі — найстарэйшай з тых, якія захаваліся ў Беларусі. Яе будаўніцтва распачалося ў Мядзелі 260 гадоў таму. Першапачаткова яна знаходзілася ў іншым месцы, двойчы знішчалася і зноў аднаўлялася. Сёння гэта важнае месца каталіцкага культу ў нашай краіне. Кальварыя прыцягвае шматлікіх вернікаў і пілігрымаў з розных мясцін, якія групамі і індывідуальна прыбываюць сюды, каб у гэтым асаблівым месцы прайсці Крыжовым шляхам Хрыста.

Цэлебрацыю Імшы ўзначаліў малады святар Яўген Амасёнак, вікарый гродзенскай катэдральнай парафіі святога Францішка Ксавэрыя.

У прамоўленай гаміліі ён звярнуў увагу на тое, што Крыж Хрыста паказвае кожнаму верніку шлях да збаўлення праз пакорнае прыняцце Божай волі.

На заканчэнне святой Імшы пробашч мядзельскай парафіі Маці Божай Шкаплернай айцец Аляксандр Стока OCD падзякаваў усім прысутным за ўдзел і супольную малітву.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця