Пошук

19.08.2024 13:00   Тэкст: Святлана Шылько / Catholic.by
Фота Веранікі Врублеўскай

У чацвер 15 жніўня, ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, вернікі парафіі Маці Божай Шкаплернай у Мядзелі (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) адзначылі 270-ю гадавіну з дня пасвячэння касцёла.

Урачыстую цэлебрацыю Эўхарыстыі з гэтай нагоды ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Падзяліць радасць з мядзельскімі вернікамі і айцамі кармэлітамі босымі, якія нясуць служэнне ў парафіі, прыбыў з Мінска айцец Пётр Фраштэнга OCD, рэгіянальны вікарый кармэлітаў босых у Беларусі.

Перад святой Імшой айцец Генрых Валэйка ОСD, настаяцель супольнасці кармэлітаў босых у Мядзелі, нагадаў гісторыю мясцовай святыні. Гэты касцёл, пабудаваны па фундацыі старосты Замыцкага Антонія Кошчыца, быў пасвячаны ў 1754 годзе.

У прамоўленай падчас святой Імшы гаміліі біскуп Буткевіч звярнуў ўвагу на пытанне веры ў сучасным свеце.

«Касцёлы, святыні, каплічкі, крыжы заўсёды былі знакам веры людзей, якія іх узносілі. <…> Сёння мы збіраемся разам у гэтым Касцёле, які прайшоў праз розныя выпрабаванні, але тым не менш зноў уваскрасаў і заставаўся знакам веры. Людзі прыходзілі сюды, каб маліцца, <…> гэта быў знак веры ў Бога, з якой жылі нашыя продкі. І сёння трэба дзякаваць Богу, што даў нам гэтую святыню», — адзначыў іерарх. Ён падкрэсліў, што ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі асаблівым чынам раскрывае мэту жыцця чалавека, вызначаную Богам.

«Пытанне веры для нас, для сучаснага чалавека складанае. Для мінулых пакаленняў вера была чымсьці натуральным. Сёння чалавек ужо не так адназначна ставіцца да веры», — заўважыў біскуп. Ён дадаў, што «прабачэнне, пакора, дабрыня, шчырасць — усё гэта і ёсць наша вера». «Вера паказвае нам, для чаго нас Бог прызначыў», — падкрэсліў біскуп Буткевіч. Ён заахвоціў вернікаў не забывацца пра вышэйшыя, духоўныя каштоўнасці і жыць па веры.

«Трэба памятаць, што ў чалавека ёсць душа і што яна несмяротная <…>; варта верыць, што чалавека чакае лепшая, Божая перспектыва.

Таму сёння мы дзякуем тым, хто паставіў на гэтым месцы святыню. Варта дзякаваць і нашым бацькам, бабулям, дзядулям, якія нас навучылі гэтай веры. Варта паглыбляць нашу веру, каб яна не стала толькі традыцыйнай», — заклікаў іерарх.

«Жыццё чалавека не заканчваецца ў гэтым свеце, але прызначана да ўдзелу ў хвале неба, і чым бліжэй мы да гэтай праўды, тым менш небяспекі пагражае нам у выпадку смерці: яна ўжо не становіцца для нас вялікай і трагічнай пагрозай, а толькі брамай, прайшоўшы праз якую, чалавек атрымлівае ўдзел у чымсьці нашмат лепшым і прыгажэйшым. Няхай гэтая вера так, як і нашым продкам, дзякуючы якім мы маем сёння святыню, спадарожнічае таксама і нам; няхай узрастае, няхай і надалей гэтая вера будзе перададзена наступным пакаленням», — пажадаў напрыканцы гаміліі біскуп Буткевіч.

Падчас малітвы вернікаў парафіяне маліліся за фундатара касцёла ў Мядзелі і ўсіх айцоў кармэлітаў, якія неслі тут служэнне, просячы для жывых аб Божым благаслаўленні, а для памерлых — аб ласцы збаўлення. Удзельнікі Імшы маліліся таксама аб адзінстве ўсіх хрысціянаў і аб міры ў свеце.

Напрыканцы святой Імшы біскуп Алег Буткевіч благаславіў прынесеныя вернікамі кветкі, зёлкі, садавіну, гародніну — плады зямлі сёлетняга ўраджаю.

На заканчэнне ўрачыстасці слова да прысутных прамовіў айцец Аляксандр Стока OCD, пробашч парафіі Маці Божай Шкаплернай. Святар з’яўляецца ўжо саракавым мядзельскім пробашчам з моманту пасвячэння касцёла. Ён адзначыў, што касцёл — гэта не проста помнік архітэктуры: гэта святыня, дом Божы, бо тут прабывае Езус у Найсвяцейшым сакрамэнце. «Мы дзякуем Пану Богу за дар гэтай святыні, за тое, што нашыя гарачыя сэрцы, палымнеючыя Божай любоўю, саграюць гэты будынак і робяць яго сапраўды цёплым, утульным», — сказаў айцец Аляксандр, выказаўшы сабраным падзяку за дар супольнай малітвы. Ён таксама падзякаваў біскупу Буткевічу за прысутнасць на ўрачыстасці і за прамоўленае Божае слова.

На развітанне іерарх удзяліў вернікам пастырскае благаслаўленне, падзякаваўшы за запрашэнне і магчымасць падзяліць радасць з вернікамі мядзельскай парафіі і іх душпастырамі ў гадавіну пасвячэня касцёла. Біскуп Алег Буткевіч выказаў пажаданне, каб гэтая святыня і надалей заставалася месцам праслаўлення Бога і была знакам жывой, нязгаснай веры.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа