Пошук


8 верасня, у свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, у Бялынічах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Магілёўскі дэканат) адбылася традыцыйная ўрачыстасць у гонар Маці Божай Бялыніцкай.

Невялікі райцэнтр на Магілёўшчыне славуты тым, што тут калісьці знаходзіўся велічны касцёл кармэлітаў, дзе з пашанай захоўваўся цудадзейны абраз Маці Божай Бялыніцкай — адна з першых на тэрыторыі Беларусі ікон Багародзцы, каранаваных папскімі каронамі.

Хоць славуты ласкамі абраз бясследна знік падчас Другой сусветнай вайны, аднак штогод у невялікай утульнай капліцы, пра якую з любоўю клапоцяцца нешматлікія бялыніцкія католікі на чале са сваім душпастырам, ксяндзом пробашчам Юзафам Сярпейкам, збіраюцца сотні вернікаў, пілігрымаў.

Яны прыбываюць у Бялынічы з ваколіц і здалёк, каб на гэтым месцы, выбраным самой Паннай Марыяй, аддаць Ёй пашану як Каралеве Беларусі.

Як і ў мінулыя гады, урачыстасці папярэднічала 40-гадзіннае набажэнства, якое праходзіла ўжо ў пяты раз з удзелам вялікай колькасці валанцёраў з розных мясцін нашай краіны.

Асабліва шмат гэтым разам іх было з Віцебскай дыяцэзіі, якая сёлета перажывае свой 25-гадовы юбілей.

Распачалося набажэнства святой Імшой увечары 6 верасня. Цэлебрацыю ўзначаліў запрошаны госць: ксёндз канонік Аляксей Ляшко з Віцебска. Супольная малітва і пранікнёныя словы святара, які ў прамоўленых гаміліях і духоўных канферэнцыях засяродзіўся на сувязі, што існуе паміж Найсвяцейшай Паннай Марыяй і Эўхарыстыяй, дапамглі вернікам у духоўнай падрыхтоўцы да святкавання.

На ўрачытасць у Бялынічы прыйшла таксама пешая пілігрымка з Магілёва.

У сёлетняй, ужо сёмай пілігрымцы ўзялі ўдзел больш за сто чалавек.

За два дні пілігрымы пераадолелі каля паўсотні кіламетраў, несучы да Маці Божай Бялыніцкай свае малітоўныя інтэнцыі.

Цэнтральная адпустовая святая Імша адбылася ў нядзелю пры капліцы ў Бялынічах. Цэлебрацыю ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскайі архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

У прамоўленай гаміліі іерарх засяродзіўся на выключным значэнні Марыйнай пабожнасці ў жыцці вернікаў, а таксама памаліўся за дзяцей і моладзь на пачатку навучальнага года, каб яны, на ўзор Марыі, былі стараннымі і ўважлівымі ў вучобе.

Святую Імшу канцэлебравалі Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, а таксама святары з парафій Магілёўшчыны і іншых мясцін.

Мясцовыя ўлады перадалі католікам свае віншаванні са святам Маці Божай Бялыніцкай.

Пасля Імшы ўсіх удзельнікаў урачыстасці гасцінныя бялыніцкія вернікі запрасілі на пачастунак.

Больш фота з урачыстасці ў Бялынічах — на старонках Catholic.by у сацыяльных сетках.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.