З 30 жніўня па 1 верасня ў Навагрудку (Гродзенская дыяцэзія) адбыліся рэкалекцыі пакаяння за Беларусь.
Гэтыя адмысловы духоўныя практыкаванні ў духу пакаяння сёлета праводзіліся ўжо ў трэці раз.
Рэкалекцыі распачліся святой Імшой у інтэнцыі ўміласціўлення Бога за грахі і знявагі. Аб гэтым маліўся біскуп Уладзімір Гуляй, каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі.
Іерарх узначаліў цэлебрацыю і прамовіў гамілію, у якой засяродзіў увагу ўдзельнікаў рэкалекцый на важнасці пакаяння і перапрашэння за грахі, а таксама малітвы за ўсіх жыхароў нашай краіны.
Пасля святой Імшы адбылася аскетычная канферэнцыя, якую правёў айцец Віталій Сапега, дамініканін з Віцебска. Познім вечарам па вуліцах Навагрудка прайшоў пакутны Крыжовы шлях у інтэнцыі нашай краіны, У набажэнстве таксама ўзяў удзел біскуп Гуляй, які на заканчэнне Крыжовага шляху прамовіў пакаянную малітву за нашу краіну, узятую з біблійнай кнігі прарока Даніэля. Падчас малітвы ўдзельнікі рэкалекцый ляжалі крыжам на знак глыбокага пакаяння перад Усемагутным Богам.
Рэкалекцыі адзначаліся высокай інтэнсіўнасцю малітваў і пакаянных практык: адбыліся дзве усяночныя адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, удзельнікі маліліся Ружанец, Вяночак да Божай Міласэрнасці, Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі.
Адбылася пешая пілігрымка ва Уселюб да Маці Божай Новага Жыцця, падчас якой удзельнікі рэкалекцый прайшлі 14 кіламетраў, а таксама працэсія са свечкамі.
Рэкалекцыі завяршыліся ў нядзелю 1 верасня святой Імшой і сведчаннямі удзячнасці за магчымасць удзелу ў такіх неабходных для нашай краіны духоўных практыкаваннях.