
7 чэрвеня па вуліцах горада Мінска пройдзе традыцыйная Агульнамінская эўхарыстычная працэсія. З гэтай нагоды Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі кіруе запрашэнне да святароў, кансэкраваных асоб і вернікаў сталіцы да ўдзелу ў працэсіі.
Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, любыя вернікі горада Мінска!
Вітаю вас сёння, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, якое таксама называецца святам Божага Цела, і заклікаю да супольнага крочання шляхамі эўхарыстычнага Езуса і сведчання нашай хрысціянскай веры.
У найбліжэйшую нядзелю, 7 чэрвеня, калі ўвесь Касцёл нанова будзе перажываць таямніцу Уваскрасення Хрыста, але таксама засяродзіцца на цудзе Яго прысутнасці ў Эўхарыстыі, сардэчна запрашаю святароў, кансэкраваных асобаў і вернікаў, якія жывуць у Мінску, прыняць удзел у Агульнамінскай эўхарыстычнай працэсіі.
Наша сумеснае крочанне з Найсвяцейшым Сакрамэнтам вуліцамі беларускай сталіцы — гэта не проста традыцыя, але нашае жывое вызнанне веры, падзяка Богу за дар Яго прысутнасці сярод нас пад выглядам хлеба і віна, а таксама просьба аб Божым благаслаўленні для ўсяго нашага горада.
Урачыстасць распачнецца святой Імшой у 9.00 на старадаўнім цвінтары каля касцёла Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску. Адтуль вырушыць працэсія да чатырох алтароў, якая завяршыцца пры архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Каля кожнага з алтароў, якія будуць размешчаны ў значных для нашага горада і краіны месцах, мы пачуем словы Евангелля пра Эўхарыстыю, папросім Бога, каб захаваў нас ад усялякіх няшчасцяў, і атрымаем благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам.
Няхай нашыя сэрцы ў гэты дзень стануць жывым табэрнакулюмам для Хрыста, які выходзіць насустрач кожнаму чалавеку на дарогах нашага паўсядзённага жыцця.
Да сустрэчы на Агульнамінскай эўхарыстычнай працэсіі!
З пастырскім благаслаўленнем,
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Мінск, 4 чэрвеня 2026 года
Урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Пана







