
У нядзелю 22 чэрвеня, калі ў Беларусі адзначаўся Дзень памяці ахвяраў Другой сусветнай вайны, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі наведаў парафію святога Мікалая, біскупа, у Свіры (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Мядзельскі дэканат).
У свірскай святыні арцыпастыра гасцінна прывіталі вернікі парафіі на чале са сваім шматгадовым пробашчам, ксяндзом канонікам Багуславам Маджэеўскім, дэканам Мядзельскім, які нядаўна вярнуўся дадому пасля працяглага лячэння ў шпіталі.

Вітаючы іерарха, ксёндз Багуслаў, між іншым, сказаў: «Год таму, у дзень Пяцідзясятніцы, Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч унёс у наш касцёл рэліквіі благаслаўлёных мучанікаў Другой сусветнай вайны — сям’і Ульмаў. Асобай, якая духоўна звязвае благаслаўлёных „самаранаў з Польшчы“ са Свірам, з’яўляецца наш зямляк, народжаны ў Юстынове ў нашай парафіі ксёндз Ян Сялевіч. „Святы чалавек“, як называлі яго габрэі, якіх ён выратаваў з Віленскага гета.
У Дзень усенароднай памяці ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа мы хочам яшчэ раз ушанаваць памяць ксяндза Яна. Дазволім Святому Духу запаліць нашыя сэрцы і перамяніць нашае жыццё. Нашыя героі вайны вучаць нас, як перамагаць дух гэтага свету і не дазволіць быць паглынутымі бязбожнай, бесчалавечнай рэальнасцю».
Пробашч папрасіў арцыбіскупа ўзначаліць цэлебрацыю святой Імшы і ўдзяліць сакрамэнт канфірмацыі групе маладых вернікаў са Свіра і наваколля.

Звяртаючыся да сабраных у святыні, а перадусім да маладых кандыдатаў да канфірмацыі, што з’яўляецца сакрамэнтам хрысціянскай сталасці, арцыпастыр заахвоціў іх мужна вызнаваць і абараняць веру.
Менавіта гэтаму, па словах арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, вучыць прыклад такіх герояў, адным з якіх быў наш зямляк, ксёндз Ян Сялевіч.
Ва ўрачыстай цэлебрацыі ў свірскай сятыні ўзяла ўдзел група вернікаў з парафіі святога Юрыя ў Варнянах (Гродзенская дыяцэзія, Астравецкі дэканат) на чале са сваім пробашчам ксёндзом Віктарам Захарэўскім. Менавіта іх намаганнямі быў усталяваны помнік на магіле ксяндза Яна Сялевіча, пахаванага на свірскіх парафіяльных могілках.

Гэты святар падчас вайны быў пробашчам у Варнянах. Ён памёр у 1943 годзе падчас святой Імшы.
У 2000 годзе за свой гераічны ўчынак ратавання габрэяў ад рук нацыстаў, што было звязана з сур’ёзнай рызыкай для жыцця, ксёндз Ян Сялевіч пасмяротна быў удастоены Дзяржавай Ізраіль звання «Праведнага сярод народаў свету».
Адпаведны медаль і ганаровы дыплом захоўваюцца з таго часу ў свірскім школьным музеі, а ў працэсіі з дарамі падчас святой Імшы яны былі прынесены канфірмаванай моладдзю да алтара і ўсталяваны на пачэсным месцы.

Пасля Імшы госці з Варнянаў прадставілі прысутным тэатралізаваную сцэнку, у якой распавялі пра свайго былога пробашча і яго геройскі ўчынак у ваеннае ліхалецце, які стаў сведчаннем самаахвярнай любові. Дзякуючы ксяндзу Віктару, варнянскім вернікам і ахвярадаўцам за захаванне памяці пра земляка і за ўсталяваны на яго магіле помнік, арцыбіскуп Станеўскі ўзгадаў словы дэвізу Папы Льва XIV, які падкрэслівае адзінства ўсіх людзей у Хрысце.
«Хоць усе мы розныя, мы ўсе — адно», — адзначыў пры гэтым арцыпастыр.

Ён падараваў канфірмаваным юнакам і дзяўчатам па экземпляры сваёй кнігі, у якой сабраныя яго выказванні, перадусім адрасаваныя менавіта моладзі.
Пасля на могілках арцыбіскуп Юзаф Станеўскі благаславіў новаўсталяваны помнік на магіле ксяндза Яна Сялевіча, а таксама разам з прысутным духавенства і вернікамі памаліўся аб вечным жыцці для яго.















































































































































































