Пошук

16.09.2024 12:14   Тэкст: Бажэна Міклашэвіч / Фота: Данііл Маскевіч / Catholic.by

8 верасня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе вернікаў парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыi ў Барысаве (стары касцёл).

У гэты дзень парафія, у якой нясуць служэнне святары з законніцкай супольнасці ксяндзоў марыянаў, адзначала адпустовую ўрачыстасць тытулу касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі — найстарэйшага і адзінага будынка ў горадзе, які мог бачыць французскі імператар Напалеон, калі ён быў у Барысаве падчас яго бясслаўнага паходу на Усход.

У сваім прывітальным слове на пачаткку ўрачыстай цэлебрацыі арцыбiскуп Станеўскі падкрэсліў, што тыя, хто прыме сакрамэнт хрысціянскай сталасці, асабліва моладзь, павінны будуць у далейшым як дарослыя людзі і сапраўдныя хрысціяне бараніць сваю веру, а перадусім жыць паводле гэтай веры. Арцыпастыр заахвоціў кандыдатаў да канфірмацыі несці годнае сведчанне пра Хрыста ў сваім асяроддзі.

«Просім Бога, каб умацаваў іх на далейшай дарозе да глыбейшага пазнання Езуса Хрыста, да жыцця ў супольнасці з Ім», — заклікаў да малітвы прысутных вернікаў іерарх.

Калі надышоў момант удзялення канфірмацыі, 24 кандыдаты разам з усімі вернікамі вызналі сваю веру, адракліся ад граху і прасілі, каб Дух Святы ўмацаваў іх у мужным вызнаванні веры і жыцці паводле яе праўдаў.

На заканчэнне Імшы прадастаўнікі барысаўскай парафіі выказалі арцыбіскупу Юзафу Станеўскаму словы падзякi за прысутнасць, за дар супольнай малiтвы і ўдзелены сакрамант. Канфірмаваныя таксама падзякавалі ўсім тым, хто рыхтаваў іх да прыняцця сакрамэнту хрысціянскай сталасці.

Пасля Імшы парафіяне, канфірмаваныя і іх блізкія не спяшаліся разыходзіцца. Яны віншавалі адно аднаго, дзяліліся радасцю і ўражаннямі. На іх тварах былі ўсмешкі, а ў некаторых нават слёзы радасці. Для ўсiх быў падрыхтаваны пачастунак i музычная праграма.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця