26 красавіка ў касцёле Спаслання Духа Святога ў Барысаве адбылася фармацыйная сустрэча для святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі да пяці гадоў святарства.
Яна стала першым падобным мерапрыемствам пасля двухгадовага «каранавіруснага» перапынку.
Сустрэчу арганізаваў пробашч маладой барысаўскай парафіі ксёндз канонік Аляксей Раманчук, адказны за пастаянную фармацыю маладых святароў архідыяцэзіі. Ён падзяліўся з малодшымі сабратамі багатым досведам свайго ўжо больш як дваццацігадовага служэння. Ксёндз Аляксей шчыра распавёў пра радасці і цяжкасці святарскага жыцця, пра неабходнасць заўсёды давяраць Езусу і ніколі не адчайвацца, якімі складанымі ні здаваліся б задачы, якія ставіць перад сваімі служыцелямі Пан Бог і Касцёл.
Збудаваная яго намаганнямі святыня ў новым мікрараёне Барысава і хараство вакол яе — бачнае сведчанне таго, наколькі прыгожым можа быць ахвярнае служэнне святара, што любіць Бога і людзей, да якіх Ён яго скіроўвае.
Аскетычную канферэнцыю ў межах фармацыйнай сустрэчы прамовіў дасведчаны ў духоўных справах святар ксёндз Аляксандр Жарнасек, марыянін. Ён засяродзіў увагу ўдзельнікаў на неасбходнасці жыць прынятым пасвячэнем, дазваляючы Духу Святому дзейнічаць у сваім святарскім жыцці і кіраваць ім. Паводле ксяндза Аляксандра, дапамагае ў гэтым таксама дар цэлібату і занятасць канкрэтнымі справамі.
Да прысутных на сустрэчы далучыўся Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, які ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў інтэнцыі ўсіх маладых святароў: і тых, якія ўзялі ўдзел у сустрэчы, і тых, якія з важных прычын не змаглі на ёй прысутнічаць.
Гамілію прамовіў ксёндз Аляксандр Жарнасек. Марыянін падкрэсліў, наколькі важна ў выкананні місіі абвяшчэння Божага слова быць не красамоўнымі маралізатарамі і выкладчыкамі, а сведкамі сваёй уласнай сустрэчы з Уваскрослым Хрыстом.