Пошук

17.01.2024 12:00   Тэкст і фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

14 студзеня ў касцёле Спаслання Духа Святога ў Барысаве адбыўся калядны канцэрт літургічнага хора «Голас душы» з Мінска.

Перад канцэртным выступленнем літургічны хор «Голас душы» сваім спевам упрыгожыў нядзельную святую Імшу, якая адбывалася ў новазбудаванай святыні.

«Тое, што чалавек не можа выказаць проста словамі, ён выражае музыкай і сваім спевам», — сказаў, вітаючы сталічных гасцей, пробашч маладой барысаўскай парафіі ксёндз канонік Аляксей Раманчук.

Пасля Эўхарыстыі, цэлебрацыю якой узначаліў ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк, які прычыніўся да стварэння хора «Голас душы», усе ахвотныя засталіся паслухаць калядны канцэрт духоўнай музыкі.

Пад кіраўніцтвам дырыжора касцёльнага калектыва Таццяны Гажэўскай-Пешак і з канферансам вядучай канцэрта Марыі Новікавай хор выканаў вядомыя калядныя спевы на беларускай і польскай мовах.

Літургічны хор «Голас душы» быў заснаваны ў 1989 годзе. Напачатку музычны калектыў быў жаночым: удзельніцамі хору ў пераважнай большасці з’яўляліся студэнткі розных навучальных устаноў Мінска. Сёння гэта змяшаны хор, большасць удзельнікаў якога маюць музычную адукацыю, а некаторыя з’яўляюцца прафесійнымі вакалістамі.

Літургічны хор «Голас душы» ўдзельнічаў у шматлікіх міжнародных конкурсах і шмат выступаў у Беларусі і за мяжой.

Улетку мінулага года хор спяваў для Папы Францішка падчас агульнай аудыенцыі на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане.

   
Абноўлена 17.01.2024 12:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа