
Перад святам Ахвяравання Пана, якое адзначаецца 2 лютага, у касцёле Маці Божай Анёльскай у Гродне, дзе нясуць служэнне айцы францішкане, адбылося адмысловае набажэнства пры каляднай стаенцы.
Як паведамляецца на сайце Дэлегатура імя благаслаўлёных Ахілеса і Германа Ордэна Братоў Меншых Канвентуальных у Беларусі francishkanie.by, падчас набажэнства дзеці з бацькамі, якія ходзяць на заняткі па катэхізісе, міністранты і дзяўчаты з дзіцячага хора Маленькаму Езусу спявалі калядкі, гралі на музычных інструментах і расказвалі вершыкі.
Пад канец усе атрымалі урачыстае благаслаўленне фігурай Дзіцяткі Езуса.
Калядныя стаенкі — важная частка спадчыны францішканскай духоўнасці. Першую батлейку зладзіў 800 гадоў таму ў італьянскім мястэчку Грэча святы Францішак Асізскі. З нагоды юбілею Святы Пасад даў магчымасць атрымання поўнага адпусту за малітву перад стаенкамі ў францішканскіх святынях ва ўсім свеце.
Па традыцыі гэты неадменны атрыбут калядных святаў упрыгожвае святыні з урачыстасці Нараджэння Хрыста ажно да свята Ахвяравання Пана, якое ў народзе таксама мае назву Маці Божай Грамнічнай.



