Святочная стаенка, усталяваная ў ватыканскім Доме св. Марты, які з'яўляецца рэзідэнцыяй папы Францішка, утрымлівае ў сабе заклік да аховы навакольнага асяроддзя. Сцэна Нараджэння Хрыста тут прадстаўлена не ў прывычным для італьянскага мастацтва гарадскім асяроддзі, а ў прыродным, паказваючы прыйсце Збаўцы ў свет у маленькай пячоры, ва ўлонні маці-Зямлі.
Паводле аўтара стаенкі, Алесандро Дзі Плачыдзі, сваёй працай ён пажадаў у духу вучэння Святога Айца скіраваць заклік да аховы стварэння і клопату аб навакольным асяроддзі, якое чалавек паступова знішчае. Пра гэта паведамляе ватыканская газета L’Osservatore Romano.
У святочных яслях, усталяваных у рэзідэнцыі Папы, няма выпадковых дэталяў. Пагоркі, пячоры, расліны і іншыя элементы краявіду, якія акружаюць месца нараджэння Хрыста, з дакладнасцю перадаюць прыгажосць прыроды рэгіёну Лацыё, на тэрыторыі якога знаходзіцца Рым.
Галоўная ватыканская святочная стаенка ўсталявана на плошчы св. Пятра. Сёлета яна была зроблена неапалітанскімі майстрамі па замове бэнэдыктынскага абацтва ў Монтэвэрджынэ, у рэгіёне Кампанія, на поўдні Італіі. Акрамя традыцыйнай сцэны Божага Нараджэння ў ёй прадстаўлены таксама фігуры, якія сімвалізуюць учынкі міласэрнасці, рабіць якія часта заклікае Пантыфік.