Пошук

21.01.2018 00:13   бр. Яўген Голуб / Фота: Генадзь Навумчык / Catholic.by

У восьмы раз сабраў жадаючых працягнуць святочную атмасферу Божага Нараджэння арганізаваны айцамі францішканамі Фестываль каляднай песні, што адбыўся 14 студзеня ў Івянцы.

Зала івянецкага дома культуры напоўнілася тымі, хто прыйшоў сюды, каб паслухаць інтэрпрэтацыі калядных песень у выкананні як маленькіх, так і дарослых удзельнікаў, аматараў і прафесіяналаў.

Слухачоў парадавалі прыгожымі каляднымі спевамі супольнасць Ubi Caritas, хор мясцовай парафіі св. Міхала Арханёла, вакальны ансамбль івянецкай дзіцячай школы мастацтваў. Наймалодшыя ўдзельнікі фэсту не толькі з энтузіязмам спявалі, але і падаравалі гледачам сапраўдны калядны спектакль.

     

Сямейны гурт роду Лямбовічаў «Крона» з Ракава, які з вялікім хараством выканаў традыцыйныя беларускія калядкі, і сям’я Пратасевічаў з Першаяў сталі прыкладам таго, як традыцыя калядавання перадаецца з пакаленння ў пакаленне.

Акрамя традыцыйных калядак на фестывалі знайшлося месца і для сучаснага музычнага мастацтва: калядны джаз выканалі Вікторыя і Валяр’ян Янушкевічы з Ракава.

Некаторыя выступоўцы, як, напрыклад, вакальна-інструментальны ансамбль Lechici, пераадолелі далёкі шлях, бо прыехалі аж з Гародні.

Асаблівым падарункам для ўсіх гасцей фестывалю стаў выступ запрошаных гасцей. Лірнікі Алесь Лось і Васіль Грынь далі слухачам магчымасць дакрануцца да багатай традыцыі лірніцкіх кантаў і псальмаў. Хіба што, большасць з прысутных упершыню ў жыцці пачулі гэты велічны і кранальны музычны інструмент.

Вядомы беларускі рок-выканаўца Піт Паўлаў і музыкі з капэлы Paparać адразу знайшлі водгук у аўдыторыі і стварылі цудоўную атмасферу. Гучалі і цалкам новыя песні, і ўсім вядомыя хіты ў цікавай акустычнай фольк-апрацоўцы.

Восьмы калядны фестываль падараваў і ўдзельнікам, і слухачам шмат радасці і дазволіў адчуць блізкасць Бэтлеемскага цуду, святло і цяпло якога непадуладныя студзеньскім маразам.

Абноўлена 22.01.2018 17:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.