З нагоды Юбілейнага году святога Францішка суботняя раніца 19 верасня сабрала ў Будслаўскай святыні духоўных дзяцей святога Францішка Асізскага. Упершыню ў гісторыі Касцёла ў Беларусі браты францішкане ўсіх трох галін (братоў меншых OFM, братоў меншых канвентуальных OFMConv і братоў меншых капуцынаў OFMCap), сёстры францішканкі Сям’і Марыі, Францішканскі ордэн свецкіх, моладзевая супольнасць ФМ Таў, дзіцячая супольнасць Рыцараў святога Францішка і ўсе, хто адчувае Францішка духоўна блізкім, прыехалі на агульнабеларускі кангрэс, каб зачэрпнуць з багацця францішканскай духоўнасці, бліжэй пазнаць постаць Святога з Асізі, а таксама жыццё і дзейнасць яго сучасных паслядоўнікаў на нашай зямлі.
«Ідзі і адбудуй Мой касцёл», — з адказу на гэты заклік, які Хрыстус скіраваў з крыжа ў капліцы Сан-Дам’яна больш за 800 гадоў таму, распачаўся шлях Францішка да кардынальна новага жыцця. Таму невыпадкова, што словы закліку былі выбраны тэмай першага францішканскага кангрэса. Падчас канферэнцый прадстаўнікі трох ордэнаў, дзелячыся ўласным досведам жыцця ў францішканскай харызме, дазволілі прысутным адкрыць для сябе глыбокі сэнс гэтых слоў Хрыста і асаблівую іх актуальнасць у сучасным свеце, у іх асабістым жыцці.
Брат Аляксандр Лешчанка OFM патлумачыў, што словы закліку варта разумець у аднясенні да трох узроўняў: матэрыяльнай святыні, Касцёла як супольнасці вернікаў і святыні ўласнага сэрца. Францішак паступова даходзіў да разумення глыбіні гэтых слоў Езуса. Спачатку ён адбудаваў напаўразбураную капліцу Сан-Дам’яна, Парцыункуле і святога Пятра, а потым зразумеў, што яго заданне — аднавіць Касцёл як супольнасць людзей. Сваім жыццём праз імкненне узрастаць у еднасці з Хрыстом, абвяшчэнне Евангелля, пакору, прабачэнне, радыкальную беднасць і любоў да бліжняга святы стварыў новы вобраз адносінаў — братэрства.
Беднасць Францішка — гэта не проста нястача, гэта свабода сэрца для Бога і бліжняга. Любоў Францішка — гэта быццё найменшым і братам усіх.
Такія адносіны немагчыма збудаваць, калі не дбаць пра ўласнае навяртанне, чысціню свайго сэрца. І гэта трэці ўзровень разумення закліку Хрыста: адбудаваць святыню ўласнага сэрца. Часта яно становіцца падобным да разбуранай капліцы Сан-Дам’яна: занядбанае грахамі, заваленае клопатамі гэтага свету, абыякавасцю і эгаізмам.
Заклік, які прагучаў больш за 800 гадоў таму, усцяж жывы. Хрыстус звяртаецца да кожнага з нас і кажа: «Адбудуй Мой касцёл» — і на ўзроўні дапамогі ў справах будоўлі і ўтрымання нашых святынь, і на ўзроўні будавання жывых адносінаў у духу братэрскай любові ў грамадстве, сям’і і розных супольнасцях, і на ўзроўні няспыннага змагання за чысціню ўласнага сэрца.
Брат Аляксандр адзначыў, што людзі на працягу 8-і стагоддзяў захапляюцца Францішкавай адданасцю і абсалютным даверам Хрысту, якія ён рэалізаваў праз жыццё ў радыкальнай беднасці, паслухмянасці і чыстасці. Гэтыя евангельскія рады, «замацаваныя» трыма вузламі на вяроўцы-поясе, браты францішкане абяцаюць імкнуцца выконваць у сваім манаскім жыцці, ведаючы, наколькі гэта бывае няпроста. Існуе нават жарт, што нездарма вузел, які сімвалізуе чыстасць — самы ніжні, каля зямлі — увесь час шэры ад пылу.
Брат Андрэй Багдановіч OFMCap засяродзіўся на тым, як жыць евангельскімі радамі, каб іх выкананне не было толькі знешнім, а сапраўды перамяняла сэрца. Ён падкрэсліў, што менавіта ў супольнасці братоў меншых, у якой спалучаны канцэпцыі братэрства і меншасці, ёсць для гэтага самыя спрыяльныя ўмовы. Манаскія супольнасці перад Францішкам называліся communitas (лац. «супольнасць») і ўяўлялі сабой іерархічную супольнасць, дзе манахамі кіравалі прыёры («першыя»). У супольнасці, якую стварыў Францішак — fraternitas (лац. «братэрства»), — ставіўся акцэнт на адносіны паводле парадку любові, а не знешняй субардынацыі і дысцыпліны. Калі ты любіш, то ты сам будзеш імкнуцца жыць у паслухмянасці Богу і брату. Сапраўдная любоў здымае прымус, ператвараючы абяцанні ў натуральны стан душы.
Францішканская меншасць — гэта не проста сціпласць ці ўсведамленне сваёй нязначнасці. Гэта наследаванне Хрыста, які выбраў стаць меншым — зышоў з Неба, уцелавіўся.
Гэта евангельскі спосаб жыцця, пры якім ты адмаўляешся ставіць сябе вышэй за каго-небудзь і свядома аддаеш перавагу Богу і брату. Нават у структуры ордэна Францішка былі не прыёры (першыя), а міністры (лац. minister — памочнік, слуга).
«Пастава меншасці і братэрства дапамагае перажываць Евангелле не фармальна, але глыбока, каб яно перамяняла сэрца. І толькі гэта робіць нас вольнымі для сапраўднай любові, — зазначыў брат Андрэй. — Ты можаш актыўна дапамагаць іншым, але калі ты пры гэтым глядзіш на іх звысоку, то гэта абясцэньвае тваю дзейнасць».
Брат Яўген Голуб OFMConv разважаў над тым, як сучасны чалавек можа наследаваць святога Францішка. Ён падкрэсліў, што ніхто з нас не можа быць такім, як святы Францішак, бо мы не жывем у сярэднявеччы і не носім стыгматаў. Брат падкрэсліў, што самае небяспечнае для ўсіх францішканаў — гэта засяродзіцца на перайманні знешніх атрыбутаў святога, што было б карыкатурай, а не вобразам Хрыста. Капуцын Раньера Канталамеса, які служыў каля 45 гадоў прапаведнікам Папскага Дома, казаў, што для таго, каб наследаваць Францішка, не трэба глядзець на Францішка, але трэба глядзець на Хрыста вачыма Францішка.
Каб ісці за Хрыстом шляхам Святога, трэба зразумець, што яго жыццё — гэта вынік яго гарачага, нястомнага жаданне быць блізка Хрыста. Таму варта слухаць Хрыста праз чытанне Евангелля, праз вучэнне Касцёла, імкнуцца жыць у сакрамэнтальнай еднасці з Хрыстом.
Кожная з францішканскіх галін, як духоўныя, так і свецкія, па-свойму перажывае гэты шлях. Тамаш Чэланскі, біёграф Святога, у «Першым жыццяпісанні святога Францішка» (Vita Prima) пісаў, што паміраючы Францішак сказаў братам: «Я сваё зрабіў; а тое, што вы павінны зрабіць, няхай падкажа вам Хрыстус».
Найважнейшым пунктам праграмы кангрэса была Эўхарыстыя. Святую Імшу ўзначаліў біскуп Юрый Касабуцкі. У гаміліі ён узгадаў, што прысутнасць францішканаў на беларускіх землях мае глыбокія карані і сягае ў XIV стагоддзе. Сведкам гэтага з’яўляецца і будслаўская святыня, якой ад пачатку апекаваліся францішкане.
Біскуп заўважыў, што хоць францішканскай харызме ўжо больш за 800 гадоў, яна не старая, таму што заўсёды актуальная. Ён параўнаў францішканскі ордэн з ручаём, які напаўняе раку — Касцёл, і заахвоціў працягваць ісці за заклікам Хрыста: «Адбудуй Мой Касцёл», дбаючы пра ручайкі сваіх сэрцаў і супольнасцяў, каб не перасохлі, каб маглі жывіць зерне, засеянае Божым словам у іншых. Тым больш, што евангельскіх парадаў, як з гумарам адзначыў біскуп Юрый, не так і шмат — усяго на тры вузялкі ў параўнанні, напрыклад, з хасідамі (артадаксальнымі габрэямі), якія маюць вяроўкі з 613 вузялкамі, бо лічаць, што закон Майсея змяшчае 613 запаведзяў.
Паміж іншым, іерарх заўважыў, што ў нашыя дні — час штучнага інтэлекту і інфармацыі — пакліканнем хрысціянаў з’яўляецца быць сэрцам і душой нашага грамадства. Таму ён падкрэсліў важнасць такіх малітоўных сустрэч, як бягучая, дзе можна, як губка, прасякнуцца Божай ласкай, пабыць сярод блізкіх па духу людзей, падзяліцца досведам жыцця ў францішканскай харызме і несці гэты скарб у свет.
Адметным момантам літургіі было прадстаўленне адрэстаўраванага абраза стыгматызацыі святога Францішка, які быў урачыста ўнесены ў касцёл і будзе змешчаны ў бочным алтары.
Пасля святой Імшы ўсіх чакаў смачны плоў, прыгатаваны братам Войцехам Врублеўскім і яго камандай у белых паварскіх капелюшах, а таксама пачаставацца аладкамі, якія пяклі Рыцары святога Францішка, кавай капучына, якую прапаноўвала францішканская моладзь, і рознай смакатой, падрыхтаванай Францішканскім ордэнам свецкіх. Гэта быў час шчырых усмешак, абдымкаў, жартаў, новых знаёмстваў і радасных сустрэч.
Падсілкаваўшыся, дзеці разам з адказнымі за іх прадстаўнікамі моладзі адправіліся бавіць час на гульнявую пляцоўку, якую арганізавала Дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas, а дарослым было цікава паслухаць гістарыю з’яўлення кожнай з галінаў францішканскай сям’і ў свеце і ў нашай краіне, а таксама даведацца пра сучасны стан кожнага з ордэнаў. Прагучалі даклады кусташа Беларускай кустодыі Ордэна меншых братоў капуцынаў брата Алега Шэнды OFMCap (Мінск, Копішча), брата Яраслава Банасяка OFMConv (Удзела), брата Аляксандра Лешчанкі OFM (Слуцк), нацыянальнай настаяцельніцы Францішканскага ордэна свецкіх сястры Людмілы Свойчык, лідэра францішканскай моладзі ФМ Таў Канстанціна Каваленкі.
Пасля фактаў і лічбаў акурат добра было занурыцца ў атмасферу сярэднявечнай Італіі часоў Францішка і суперажываць героям тэатральнага прадстаўлення аб жыцці Святога, якое на высокім прафесійным узроўні падрыхтавала тэатральная група з Гродна.
Напрыканцы кангрэса была магчымасць паслухаць канцэрт выдатных хрысціянскіх спеваў у выкананні хораў францішканскіх парафій.
Сустрэча завяршылася літаніяй да святога Францішка і благаслаўленнем яго рэліквіямі.
Усебеларускі францішканскі кангрэс — прастора для братэрскай сустрэчы і праслаўлення Бога за дар святога Францішка і яго харызмы для Касцёла і свету — важны крок для стварэння адзінства паміж рознымі францішканскімі супольнасцямі і іх узаемнага духоўнага ўзбагачэння.
Жыве надзея, што такія сустрэчы стануць сістэматычнымі. А на дадзены момант бліжэй пазнаёміцца з францішканскай харызмай можна будзе падчас шэрагу сустрэч, якія будуць праводзіцца ў Мінску ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі з 8 кастрычніка па 5 лістапада кожны чацвер у 19.30.












































































































