25 лютага ў будынку Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра адбылася ІІ Міждыяцэзіяльная канферэнцыя Testis fidei et misericordiae («Сведка веры і міласэнасці»), прысвечаная постацям двух благаслаўлёных мучанікаў — Германа Стэмпеня і Ахілеса Пухалы — айцоў францішканаў, якія служылі ў Івянцы і Пяршаях.
Канферэнцыя, якую ўжо другі раз праводзіць Мінска-Магілёўская архідыяцэзія пры падтрымцы апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей, прысвечана святарам, законным сёстрам і свецкім асобам, аб'яўленых Касцёлам святымі ці благаслаўлёнымі, паходжаннем ці служэннем звязаных з беларускімі землямі, якія аддалі сваё жыццё за бліжніх.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска, біскуп эмэрыт Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, святары з Мінска і з іншых дыяцэзій, францішкане канвентуальныя і прадстаўнікі іншых манаскіх кангрэгацый, законныя сёстры, вернікі Касцёла. Сярод гасцей былі таксама намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Сяргей Герасіменя, прадстаўнікі іншых хрысціянскіх канфесій і рэлігій Беларусі: старшыня праўлення мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Беларусі галоўны муфцій Абу-Бекір Шабановіч, старшыня рэлігійнага аб’яднання абшчын прагрэсіўнага юдаізму ў Беларусі галоўны равін Грыгорый Абрамовіч, старшыня евангельска-лютэранскай супольнасці ў Беларусі галоўны пастар Уладзімір Татарнікаў, кіруючы іерарх Армянскай Апостальскай Царквы ў Беларусі айцец Саркіс, а таксама прадстаўнікі каталіцкіх і дзяржаўных СМІ Беларусі.
Перад распачаццем канферэнцыі галоўны адказны за яе арганізацыю і правядзенне, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, адказаў на пытанні журналістаў дзяржаўных СМІ. Ён нагадаў, што
ідэя канферэнцыі ўзнікла ў 2025 годзе, калі ў Беларусі праходзіла святкаванне 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У гэтым кантэксце з'явілася жаданне прадставіць шырокай грамадскасці постаці каталіцкіх мучанікаў, якія, не трымаючы зброю ў руках, аддалі жыццё за сваіх суайчыннікаў і, перамагаючы зло дабром, такім спосабам наблізілі перамогу над ворагам.
Арцыпастыр падкрэсліў, што Касцёл захоўвае памяць пра сваіх духоўных «герояў» не толькі праз арганізацыю канферэнцый, але таксама праз догляд месцаў іх спачынку і ўшанаванне іх у малітве. Адно з пытанняў датычыла прысутнасці на мерапрыемстве прадстаўнікоў традыцыйных канфесій і рэлігій Беларусі. Іерарх падкрэсліў, што праблематыка канферэнцыі блізкая кожнаму з іх і што Касцёл падтрымлівае з прадстаўнікамі іншых канфесій і рэлігій цесную сувязь праз супольны ўдзел у дзяржаўных мерапрыемствах і праз запрашэнне іх да ўдзелу ў падзеях, якія ў ім адбываюцца.
Першым момантам Другой міждыяцэзіяльнай канферэнцыі стаў спеў хора Verum Cantus з парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску.
Вядучы канферэнцыі, прэс-сакратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз канонік Юрый Санько, прывітаў усіх прысутных у канферэнц-зале. Затым ён у некалькіх словах растлумачыў значэнне лацінскай назвы канферэнцыі і пазнаёміў удзельнікаў з яе праграмай.
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, разважаючы над словам «сведка», звярнуў увагу прысутных, што «сведчыць — гэта не толькі гаварыць пра тое, што я веру, але і жыць так, каб сваімі ўчынкамі паказаць каштоўнасці, якімі мы кіруемся ў жыцці». Ён падкрэсліў, што мэтай канферэнцыі з’яўляецца «не толькі ўзгаданне гістарычных фактаў, але і паглыбленне нашай веры, асэнсаванне рэчаіснасці і пабудова планаў на будучыню».
Міласэрнасць, паводле арцыпастыра, — гэта «любоў у дзеянні», што выразна паказвае вобраз «сэрца на далоні»: «Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есці; прагнуў, і вы напаілі Мяне» (Мц 25, 35).
У аб’яўленым Папам Львом XIV Годзе святога Францішка асабліва блізкімі становяцца постаці двух францішканскіх мучанікаў з Івянца — благаслаўлёных Германа і Ахілеса, забітых падчас Другой сусветнай вайны. Іерарх пажадаў, каб удзел у канферэнцыі натхніў прысутных «з новай рашучасцю служыць Богу, людзям і Айчыне», а каштоўнасці сведчання і міласэрнасці перанесліся «на кожную сям’ю, у кожнае сэрца, на кожны наш крок».
З прывітальным словам выступіў намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Сяргей Герасіменя. Прадстаўнік дзяржаўнай улады адзначыў вялікую ролю хрысціянскай веры ў барацьбе з фашысцкай ідэалогіяй, асабліва прыклад стойкасці і мужнасці каталіцкіх мучанікаў ваеннага перыяду. Затым прагучалі два даклады.
У першым дакладзе «Благаслаўлёныя айцец Герман Стэмпень і айцец Ахілес Пухала з Івянца» айцец доктар Юзаф Макарчык OFMConv, які раней доўгі час служыў у Гродне, а цяпер нясе служэнне ў Літве, накрэсліў тагачасны гістарычны кантэкст і наблізіў постаці мучанікаў францішканаў. Законнік прывёў канкрэтныя лічбы ахвяраў сярод духавенства і мірных жыхароў, а таксама назваў прычыны асабліва жорсткага пераследу з боку нямецкіх захопнікаў мясцовага насельніцтва, у тым ліку і святароў — дзейнасць партызан і падтрымка іх мясцовымі жыхарамі. Дакладчык распавёў на аснове даных мартыролагаў і сведчання людзей пра страшныя здзекі і катаванні, якія перажылі айцы Герман і Ахілес перад смерцю, падкрэсліўшы, што памяць пра мужных законнікаў захавалася сярод людзей. Аднак, поўнай нечаканасцю напрыканцы дакладу стаў аповед айца Макарчыка пра сваячку арцыбіскупа Станеўскага, якая ў часы вайны хавала ў сябе шасцёра габрэяў і незвычайным спосабам адвярнула ад сябе і сваёй сям’і ўвагу ворагаў.
«Краіна павінна ведаць сваіх герояў»,
— такімі словамі завяршыў свой даклад вучоны.
Другі даклад «Сучасная дзейнасць францішканаў канвентуальных у Беларусі» прадставіў публіцы айцец магістр Павел Раманчук OFMConv, пробашч парафіі святога Міхала Арханёла ў Івянцы (Валожынскі дэканат, мінска-Магілёўская архідыяцэзія). Законнік акрэсліў сваіх субратоў фразай «Звычайныя людзі з незвычайным жыццём», падкрэсліваючы, што гэтыя сціплыя і непрыкметныя людзі былі адораны Богам незвычайнымі здольнасцямі. У слайд-прэзентацыі ён наглядна паказаў шматлікія напрамкі дзейнасці францішканаў: душпастырская дзейнасць, вывучэнне Святога Пісання, праца з дзецьмі і моладдзю, спартыўныя спаборніцтвы, дабрачынная дзейнасць і інш. Некаторыя з гэтых напрамкаў, напрыклад, «Музычная майстэрня» ці скаўцкі рух, вядомыя па ўсёй Беларусі і за яе межамі. У завяршэнне прамовы айцец Раманчук па-францішканску пажадаў усім удзельнікам канферэнцыі «супакою і дабра».
Першую частку канферэнцыі завяршылі словы падзякі арцыбіскупа Станеўскага ў адрас яе арганізатараў і удзельнікаў.
У другой частцы міждыяцэзіяльнай канферэнцыі яе ўдзельнікі ў капліцы будынку Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра ўзнеслі малітву-рэквіем праз заступніцтва благаслаўлёных Германа Стэмпеня і Ахілеса Пухалы, якую ўзначаліў айцец Павел Раманчук OFMConv.
Далучаючыся сэрцам да спеву хору Verum Cantus, прысутныя затым былі запрошаны на супольнае фота.
Урэшце, наступіла трэцяя і апошняя частка канферэнцыі — святочны фуршэт.

























































