
У суботу, 17 кастрычніка, браты і сёстры Францішканскага ордэна свецкіх (ФОС) з розных рэгіёнаў Беларусі сабраліся ў рэкалекцыйным доме пры касцёле Святога Арханёла Міхала ў Навагрудку на двухдзённыя рэкалекцыі.
Дарога да Навагрудка пралягала праз густы туман, які рассеяўся толькі на Навагрудскім узвышшы. Здавалася, сама прырода падказвала: настаў час узняць сэрцы да вышыняў, каб развеяць туман паўсядзённай мітусні.
Рэкалекцыі — гэта магчымасць адкласці звыклыя справы і клопаты, заглыбіцца ў сябе, перагледзець свае адносіны з Хрыстом і нанова адкрыць у сабе самае важнае, каб адказаць на заклік апостала Паўла:
«Духам палымнейце» (Рым 12, 11) і «духа не гасіце» (1 Фес 5, 19).
Гэта таксама час, калі ўсебеларуская супольнасць можа сабрацца разам, бліжэй пазнаёміцца, адчуць дух еднасці і братэрства, падзяліцца досведам жыцця ў мясцовых супольнасцях ФОС, памаліцца і паслухаць канферэнцыі.
Год святога Францішка, у які Касцёл успамінае яго хвалебную смерць, падказаў галоўную тэму сустрэчы. Удзельнікі разважалі пра асобу святога Францішка, яго духоўную спадчыну і асабліва пра пераход ад зямнога жыцця да вечнага. Асабліва прысутных уразіла жаданне святога нават у хвіліну смерці як мага дакладней наследаваць свайго Збаўцу і дзяліць з Ім Ягоны крыж.

Рэкалекцыі далі магчымасць задумацца над тым, што чакае чалавека па-за мяжой зямнога жыцця і куды штодня ён скіроўвае сваё сэрца. Кожны ўдзельнік мог задаць сабе галоўныя пытанні:
«Ці магу я сказаць, што сёння іду ў напрамку Раю? Як правільна наладзіць унутраны компас?»
«Браты, старайцеся яшчэ больш умацаваць вашае пакліканне і выбар. […] Тады шырока адкрыецца перад вамі ўваход у вечнае Валадарства нашага Пана і Збаўцы Езуса Хрыста» (2 П 1, 10–11).
Згодна з гэтымі словамі, асаблівую ўвагу ўдзельнікі звярнулі на тое, як прыклад палымянай любові і адданасці святога Францішка дапамагае нам рэалізоўваць хрысціянскае пакліканне: прыйсці «да […] пазнання Сына Божага, да чалавека дасканалага, да меры сталасці паводле Хрыстовай паўнаты» (Эф 4, 13) і быць апосталамі Хрыста ў штодзённым жыцці — у сям’і, на працы і ў сваім асяроддзі.
Падкрэслівалася, што важным інструментам і нават жыццёвай неабходнасцю на гэтым шляху з’яўляецца штодзённае разважанне над Божым словам і суаднясенне яго з уласным жыццём. Бо слова Божае, «жывое і дзейснае» (Габ 4, 12), жывіла і фармавала дух святога Францішка.
Канферэнцыі, супольныя разважанні і малітва перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам перамяжоўваліся з цікавымі расповедамі падчас экскурсій. Ксёндз Юрый Жэгарын пазнаёміў вернікаў з гісторыяй заснавання касцёла Святога Арханёла Міхала, перыядам яго росквіту ў XVII–XVIII стагоддзях і складаным лёсам пасля паўстання 1830–1831 гадоў, асабліва ў савецкі час, калі касцёл ператварылі ў склад мэблі.
Удзельнікі рэкалекцый пачулі цікавую, хоць і не зафіксаваную дакументальна, гісторыю аб’яўлення святога Арханёла жанчыне-вартаўніцы. Потым змаглі спусціцца ў падзямеллі касцёла, адчуць сябе нібыта першымі хрысціянамі ў катакомбах і памаліцца за пахаваных там фундатара касцёла — вядомага дзяржаўнага дзеяча ВКЛ Хрыстафора Хадкевіча і яго сям’ю, а таксама за законнікаў-дамініканцаў, якія служылі тут на працягу двух стагоддзяў.
Таксама сабраныя наведалі Фарны касцёл Перамянення Пана, або Белую Фару, дзе пахаваныя 11 благаслаўлёных сясцёр-назарэтанак, расстраляных нацыстамі ў Батароўскім лесе ў 1943 годзе. Сёстры ахвяравалі сваё жыццё за 120 чалавек, асуджаных на расстрэл. Смяротнае пакаранне для арыштаваных замянілі прымусовай працай у Германіі, і ўсе яны перажылі вайну.
Пробашч ксёндз Ян Балтуркевіч распавёў гісторыю Белай Фары і паказаў экспазіцыі ў бакавой капліцы і падзямеллях, дзе можна было ўбачыць старажытныя літургічныя ўбранні і начынне, крыжыкі, манеты і фотаздымкі, звязаныя з Навагрудкам.
Апошнім пунктам падарожжа стала месца расстрэлу сясцёр, дзе ўдзельнікі рэкалекцый правялі час у цішыні, а пасля даручылі заступніцтву благаслаўлёных сясцёр мучаніц усіх, за каго скіроўваем да Неба свае малітвы.
Удзельнікі рэкалекцый шчыра дзякуюць святарам, якія знайшлі час правесці экскурсіі і маліліся ў іх інтэнцыях падчас Імшаў.



















































