
24-метровая піхта ўжо ўпрыгожвае плошчу Святога Пятра ў Ватыкане.
Можа ўзнікнуць пытанне: чаму калядную ёлку ў Ватыкане ўсталявалі так рана — яшчэ да пачатку Адвэнту, калі агні на ёй запаляць толькі 7 снежня, напярэдадні ўрачыстасці Беззаганнага Зачацця?
Пошук, транспарціроўка і ўстаноўка дрэва — складаны працэс, але адно можна сказаць дакладна: каб упрыгожыць 24-метровую ёлку, патрэбна нямала часу. А распутванне і праверка гірляндаў з 50 тысячамі лямпачак, напэўна, прымушаюць дэкаратараў не раз звярнуцца да аднаго з тытулаў Найсвяцейшай Панны Марыі. Хто ведае — той зразумее.
Дапамога святога
Сёлетняя цырымонія запальвання агнёў, якая адбудзецца 7 снежня, будзе мець асаблівае «францішканскае» адценне.
У гэты ж час запаляць ілюмінацыю на так званай «самай вялікай каляднай ёлцы ў свеце» — у горадзе Губіа, што ў рэгіёне Умбрыя ў Італіі.
Сумеснае святкаванне прымеркавана да 800-годдзя смерці святога Францішка Асізскага (1226–2026), якога з Губіа звязваюць асаблівыя адносіны. Паводле паданняў, менавіта ў гэтым горадзе заснавальнік ордэна францішканаў прыручыў ваўка, які наводзіў страх на мясцовых жыхароў. Таксама лічыцца, што Францішак Асізскі стварыў першую ў гісторыі калядную батлейку — сцэну Нараджэння Хрыста.



































