15 жніўня, ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, у парафіі святога Мікалая, біскупа, у Свіры (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Мядзельскі дэканат) адзначылі 25-годдзе манаскага жыцця сястры Марыі Іватовіч з Кангрэгацыі Дачок Марыі Беззаганнай.
Сёстры з гэтай манаскай супольнасці, заснаванай у 1891 годзе благаслаўлёным Ганаратам Казмінскім, капуцынам, падтрымлівалі каталіцкую веру на свірскай зямлі ў змрочныя часы пераследу Касцёла.
Захопленая прыкладам іх адданага Богу, сціплага і скрытага служэння (сёстры не носяць адмысловага манаскага адзення — габіту), маладая Марыся Іватовіч, якая паходзіла з суседняй парафіі ў Шэметаве і ўжо была выпускніцай музычнага вучылішча ў Маладзечне, адчула ў сваім сэрцы голас паклікання. Яна і сёння памятае словы свайго таты, які тады сказаў ёй: «Паглядзім, што пераможа: дух або цела».
Перамог дух: у 2000 годзе, пасля пачатковых этапаў манаскай фармацыі — пастулату і навіцыяту, — сястра Марыя дала першыя манаскія абяцанні, а праз пяць гадоў, 15 жніўня 2005 года, — вечныя, назаўжды прысвяціўшы сябе служэнню Богу ў Кангрэгацыі Дачок Марыі Беззаганнай.
Практычна ўвесь шлях манаскага жыцця сястры Марыі прайшоў у Свіры, дзе яна не толькі дапамагае пры парафіі, праводзячы катэхезы, клапоцячыся пра святыню, займаючыся парафіяльным хорам, аздабляючы літургію сваім спевам, але таксама ўжо шмат гадоў вучыць дзяцей у тутэйшай сярэдняй і музычнай школе, дзе яе пяшчотна называюць «наш званочак».
У дзень урачыстасці Унебаўзяцця ў парафіяльнай святыні сабраліся мясцовыя вернікі на чале са сваім пробашчам, ксяндзом канонікам Багуславам Маджэеўскім, дэканам Мядзельскім, які калісьці благаславіў сястру Марыю на шлях манаскага жыцця. Павіншаваць юбілярку з Мінска прыбыў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, даўні сябра парафіі ў Свіры біскуп Юрый Касабуцкі, які ўзначаліў у касцёле цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы.
Вітаючы сабраных, іерарх адзначыў, што ў дзень Унебаўзяцця мы дзякуем Богу за дар Найсвяцейшай Панны Марыі, дзякуем Марыі за Яе вернасць у выкананні даручанай Ёй Богам місіі, а таксама дзякуем сястры Марыі Іватовіч за 25 гадоў яе манаскага служэння — «вельмі прыгожае сведчанне жыцця, прысвечанага Богу».
Святую Імшу біскуп Касабуцкі цэлебраваў у інтэнцыі юбіляркі, просячы патрэбных ласкаў, Божага благаслаўлення і апекі Беззаганнай Марыі на яе далейшы жыццёвы шлях.
У прамоўленай гаміліі іерарх зазначыў, што так, як Найсвяцейшая Панна Марыя стала тою ранішняю зоркаю, якая прадвяшчала прыйсце ў свет Збаўцы, так і сястра Марыя стала для мноства людзей праводнаю Бэтлеемскаю зоркай, што паказвае шлях да Бога.
Біскуп заўважыў, што цяпер усё менш людзей здольныя так, як сястра юбілярка, пайсці за голасам паклікання. На яго думку, Бог не перастаў клікаць юнакоў і дзяўчат за сабою, але часта моладзь зашмат часу праводзіць у віртуальнай прасторы, у сваіх гаджэтах, і таму не чуе далікатнага голасу Божага паклікання.
Біскуп Касабуцкі заахвоціў прысутных маліцца аб тым, каб пакліканыя пачулі голас Бога і мелі адвагу пайсці за ім па прыкладу сястры Марыі Іватовіч.
Пасля гаміліі адбылося ўрачыстае аднаўленне манаскіх абяцанняў. На пытанне біскупа, аб чым сястра просіць Бога і Касцёл, юбілярка адказала:
«Пражыўшы 25 гадоў у Кангрэгацыі Дачок Марыі Беззаганнай, пакорна прашу аб ласцы юбілейнага благаслаўлення і аднаўлення абяцанняў, каб яшчэ больш аддана і дасканала прысвяціць сябе Богу, верна вытрываць да канца ў служэнні Яму». Пасля малітвы за сястру, якую біскуп ад імя ўсёй супольнасці ўзнёс да Бога, яна аднавіла свае манаскія абяцанні, папрасіўшы прабачэння за ўсе занядбанні ў служэнні Богу і выказаўшы жаданне далей жыць у чыстасці, убостве і паслухмянасці паводле Канстытуцыі і Статутаў Кангрэгацыі скрытага жыцця Дачок Марыі Беззаганнай. Папрасіўшы для яе ў малітве Божай дапамогі, біскуп усклаў на шыю сястры медалік з выявай Беззаганнай са словамі: «Няхай узорам у наследаванні Хрыста для цябе будзе Яго Беззаганная Маці».
На заканчэнне святой Імшы усе прысутныя гімнам праславілі Бога за дар манаскага жыцця сястры Марыі Іватовіч. Са словамі віншавання і падзякі да юбіляркі звярнуліся прадстаўнікі парафіі, дзеці і моладзь, удзельніцы касцёльнага хору. Яны жадалі ёй шчодрых дароў Божай ласкі на далейшае жыццё и служэнне.
У адказ сястра Марыя ў сваю чаргу падзякавала Богу за дар жыцця і паклікання, памерлым бацькам — за выхаванне і перададзены скарб веры, усім сустрэтым у жыцці святарам і сёстрам кангрэгацыі — за духоўную дапамогу ў распазнанні паклікання і падтрымку на гэтым няпростым шляху.
Словы падзякі сястра скіравала таксама біскупу Юрыю Касабуцкаму, пробашчу свірскай парафіі ксяндзу Багуславу Маджэеўскаму, прысутным святарам, сёстрам з Кангрэгацыі Дачок Марыі Беззаганнай Браніславе і Людвіцы, усім вернікам, якіх Бог паставіў на шляху яе жыцця і манаскага служэння.









































































































