
У межах пілігрымкі, якую здзяйснялі вернікі з Гродзенскай і Пінскай дыяцэзіі, а таксама Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, арганізаваную парафіяй святога Арханёла Міхала ў Навагрудку (Гродзенская дыяцэзія), яны аб’ядналіся з Папам Львом XIV і ўсім Касцёлам у малітве Ружанца ў інтэнцыі міру ва ўсім свеце.
Да гэтай малітвы яны далучыліся ў апошні дзень сваёй пілігрымкі праз інтэрнэт-трансляцыю. Напярэдадні Святы Айцец асабіста заклікаў католікаў з усяго свету далучыцца да духоўнай падзеі, каб папрасіць у Бога сапраўднай згоды паміж народамі. Па словах пілігрымаў, калі яны, будучы ў дарозе, зрабілі гэта, то «адчулі сябе часткай чагосьці значна большага — жывога Каталіцкага Касцёла, які пераўзыходзіць геаграфічныя межы».
«Асновай для глыбокай малітвы сталі мудрыя і суцяшальныя словы Пантыфіка, прамоўленыя падчас гэтага набажэнства»,
— адзначаюць пілігрымы.
Зварот да ўдзельнікаў малітвы Святы Айцец распачаў словамі псальма: «Я буду слухаць, што скажа Усемагутны Бог: Ён прадвяшчае мір народу свайму і выбраным сваім, і тым, якія сэрцам да Яго навяртаюцца». «Гэтая біблейская ісціна стала лейтматывам», — дадаюць удзельнікі пілігрымкі.
Папа нагадаў вернікам пра іх пакліканне быць не назіральнікамі, а будаўнікамі міру. «Бог шукае будаўнікоў міру», — падкрэсліў Пантыфік і растлумачыў, што мір — не абстрактная тэорыя, не наіўная ілюзія і не пытанне карысці, а дар Божы, які становіцца штодзённым заданнем кожнага.
«Мір нараджаецца ў сэрцы, якое любіць»,
— дадаў ён.
Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што менавіта такая малітва, злучаная з клопатам пра бліжняга, становіцца сапраўднай місіяй: «Наша малітва становіцца місіяй і прароцтвам: нявінныя не павінны больш плакаць у нашых гарадах, ніхто не павінен быць вымушаны пакідаць дом з-за пагрозы бамбардзіровак, прагненне ўлады і славесны гвалт павінны саступіць месца імкненню да справядлівасці і праўды».
Беларускія пілгрымы спадзяюцца, што гэты невялікі, але важны досвед яднання ў малітве прынясе багатыя плёны міру і супакою для Беларусі і ўсяго свету.







