З 24 па 31 мая вернікі з Гродзенскай і Пінскай дыяцэзіі, а таксама Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі здзейснілі пілігрымку, арганізаваную парафіяй святога Арханёла Міхала ў Навагрудку (Гродзенская дыяцэзія), якая пралягла праз святыні Венгрыі, Аўстрыі і Польшчы.
Гэта быў асаблівы час, калі стомленасць ад дарог не перашкаджала, а наадварот — яднала душы ў агульнай малітве і радасці.
Маршрут быў насычаным і глыбока сімвалічным. Пілігрымы наведалі велічныя касцёлы і санктуарыі гарадоў Мішкольц, Эгер, Будапешт, аўстрыйскія Марыяцэль і Вену, а затым польскія святыні Тшэбніцы і Уроцлава. Кожны з гэтых гасцінных гарадоў адкрываў перад вандроўнікамі не толькі сваю мастацкую і архітэктурную прыгажосць, але і багатую духоўную спадчыну Касцёла.
Галоўным на працягу ўсіх васьмі дзён была святая Імша, якая цэлебравалася кожны дзень у розных касцёлах. У пачатку XVI стагоддзя святы Пій X заахвочваў вернікаў да штодзённага ўдзелу ў святой Імшы — і пілігрымы пераканаліся на ўласным досведзе, як Эўхарыстыя натхняе і дае сілы ў дарозе. Малітва на Ружанцы і на вяночку да Божай Міласэрнасці сталі штодзённым рытуалам, які суправаджаў вернікаў падчас пераездаў.
Акрамя набажэнстваў, прадугледжваліся духоўныя канферэнцыі, якія дапамагалі глыбей адчуць пілігрымку — сустрэчы з Богам праз гісторыю і святасць месцаў. Не менш важнымі сталі звычайныя сяброўскія размовы, супольныя пасілкі, усмешкі падчас перапынкаў у дарозе. Як заўважыла адна з удзельніц падарожжа:
«Спачатку мы былі проста знаёмымі з адной парафіі, але кожны дзень усё больш адчувалі, што мы — адна сям’я, якую яднае вера».
Асаблівым духоўным уздымам стала наведванне знакамітай базылікі ў Марыяцэлі — аўстрыйскім нацыянальным санктуарыі Маці Божай. Там, перад цудадзейнай фігурай Маці Божай з Езусам на руках, пілігрымы даверылі свае малітвы, просьбы і падзякі.
На тэрыторыі Польшчы вернікі ўшанавалі рэліквіі святой Ядвігі Сілезскай у Тшэбніцы — гэта месца спрадвеку славіцца асаблівым заступніцтвам сем’яў. А ва Уроцлаве вернікі наведалі катэдральны касцёл, а таксама музей памяці і месца спачынку свайго зямляка — Слугі Божага Аляксандра Зянкевіча, які быў капеланам благаслаўлёных мучаніц з Навагрудка.
Калі аўтобус з пілігрымамі перасёк мяжу і вярнуўся на родную зямлю, у сэрцах засталося нешта значна большае, чым фотаздымкі і ўспаміны. За гэтыя дні вернікі ўзмацнілі сваю веру і адчулі Божае заступніцтва і любоў.



























