Пошук

09.09.2025 18:23   Тэкст і фота: Кс. Дзяніс Шастаковіч MSF / Catholic.by

8 верасня, калі прыпадае свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, — знакавы дзень у Кангрэгацыі Місіянераў Святой Сям’і. Традыцыйна штогод у гэтае марыйнае свята адбываецца прынясенне манаскіх абяцанняў.

У Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Казімежу Біскупім (Польшча) беларускі семінарыст Уладзіслаў Варвашэвіч MSF прынёс сваё жыццё у дар Марыі ў форме вечных манаскіх абяцанняў.

Даючы Богу вечныя абяцанні чысціні, убоства і паслухмянасці, законнікі бяруць на сябе абавязак любіць Бога, служачы найбольш патрабуючым дзеля Божага Валадарства там, куды іх павядзе Дух Святы. Знакам дадзеных вечных абяцанняў з’яўляецца місіянерскі крыж, які становіцца часткай манаскага адзення ў Кангрэгацыі Місіянераў Святой Сям’і і мае нагадваць пра любоў Збаўцы да чалавецтва.

Семінарыст Уладзіслаў нарадзіўся 12 мая 2002 года ў вёсцы Рудня (Дзяржынскі раён). У 2008 годзе прыняў Першую святую Камунію ў касцёле Перамянення Пана ў вёсцы Негарэлае. У 2020 годзе быў прыняты ў Кангрэгацыю Місіянераў Святой Сям’і і распачаў манаскую і святарскую фармацыю. На заканчэнне навіцыяту 8 верасня 2021 года склаў першыя часовыя абяцанні. Працягвае навучацца ў Вышэйшай духоўнай семінарыі Місіянераў Святой Сям’і ў Казімежу Біскупім.

Манаская супольнасць шчыра віншуе свайго субрата семінарыста Уладзіслава з гэтай вялікай падзеяй ў яго жыцці і жадае заўсёды ісці выбраным шляхам Божага слугі, у поўні аддаючы сябе Богу і бліжнім. Місіянеры Святой Сям’і запэўніваюць яго аб малітве, аддаючы пад апеку Найсвяцейшай Панне Марыі.

Абноўлена 11.09.2025 23:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа