
З 26 па 28 мая ў Мядзелі праходзіў III Капітулярны кангрэс Рэгіянальнага вікарыяту Кармэлітаў Босых у Беларусі, якому патрануе святы Рафал Каліноўскі. У другі дзень Кангрэсу, 27 мая, сабраныя браты кармэліты выбралі новага Рэгіянальнага вікарыя, якім стаў айцец Генрых ад Збаўчай Крыві Хрыста (Генрых Валейка OCD). З нагоды абрання на высокую пасаду Старшыня ККББ арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, кіруе ў адрас айца Генрыха Валейкі OCD словы віншаванняў.
Глыбокапаважаны айцец Генрых ад Збаўчай Крыві Хрыста!
Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі і ад сябе асабіста шчыра віншую Вас з абраннем на адказнае служэнне Рэгіянальнага вікарыя Ордэна Кармэлітаў Босых у Беларусі.
Кармэліты босыя маюць глыбокія гістарычныя карані на нашых землях і з даўніх часоў уносяць неацэнны ўклад у духоўнае адраджэнне, евангелізацыю і развіццё няспыннай малітвы сярод вернікаў Касцёла.
Ваша новае прызначэнне — гэта знак вялікага даверу з боку кіраўніцтва Ордэна і Вашых субратоў, а таксама сведчанне Вашага дбайнага пастырскага служэння, узорнага манаскага жыцця, мудрасці і адданасці Касцёлу.
У час, калі Бог выбраў і паклікаў Вас на гэты шлях адказнасці і кіраўніцтва Вашымі субратамі і супольнасцямі, жадаю Вам шчодрых дароў Духа Святога, духоўнай моцы, патрэбных Божых ласкаў і глыбокага супакою ў сэрцы. Няхай Найсвяцейшая Панна Марыя з гары Кармэль, Заступніца вашага Ордэна, заўсёды ахінае Вас сваім матчыным плашчом, засцерагае ад усялякіх нягод і натхняе на плённую працу на хвалу Божую і на карысць Каталіцкаму Касцёлу ў Беларусі.
Запэўніваю Вас у малітоўнай падтрымцы і братэрскім супрацоўніцтве.
З малітвай і благаслаўленнем,
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі
Мінск, 30 мая 2026 г.







