Пошук

18.10.2024 12:05   Тэкст: Вольга Дзямешка / Фота: Крысціна Любко / Catholic.by

У рэкалекцыйным доме пры парафіі святога Арханёла Міхала ў Навагрудку (Гродзенская дыяцэзія) з 11 па 13 кастрычніка праходзілі рэкалекцыі «Выходныя з Францішкам».

Духоўныя практыкаванні арганізавалі і правялі меншыя браты капуцыны з парафіі святога Казіміра ў Маладзечне і з парафіі святога Валянціна ў Смалявічах пры дапамозе валанцёраў з моладзевай супольнасці Таў.

У рэкалекцыях бралі ўдзел больш за 40 чалавек з розных мясцін Беларусі: з Астраўца, Баранавічаў, Гродна, Маладзечна, Мінска і Смалявічаў.

Сярод іх былі прадстаўнікі Францішканскага ордэна свецкіх і людзі, якія толькі пачынаюць сваё знаёмства з францішканскай духоўнасцю.

Падобныя рэкалекцыі для дарослых адбываліся ўпершыню, і дакладная іх праграма не была вядома ўдзельнікам, што, дарэчы, з’яўляецца адметнай рысай капуцынаў: нечаканасць.

Рэкалекцыі пачаліся з вечара знаёмстваў, з супольнай малітвы і адарацыі ў капліцы рэкалекцыйнага дома, што працягвалася да позняй ночы. У наступныя два дні да праграмы дадаліся канферэнцыі братоў Сяргея Гусара OFMCap, Вадзіма Войціка OFMCap і сястры Марыі Емельянчык OP з Баранавічаў, якія дазволілі дакрануцца да жыццёвага шляху, выпрабаванняў, духоўных пошукаў святога Францішка Асізскага, глыбей зразумець яго ролю ў хрысціянстве, а таксама ўбачыць актуальнасць і каштоўнасць яго духоўнай спадчыны для асабістага духоўнага жыцця чалавека.

Акрамя таго, у межах рэкалекцый адбывалася праца ў групах, якой папярэднічала так званая «пустыня» — час, калі кожны ў цішыні і адзіноце мог сустрэцца з Богам і з самім сабою, разважаючы над прапанаванымі пытаннямі.

Капліца сабрала ўсіх удзельнікаў на святую Імшы ў суботу ўвечары, а ў нядзелю — касцёл святога Арханёла Міхала. Абедзьве цэлебрацыі ўзначаліў брат Уладзіслаў Мінько OFMCap. Кожны меў магчымасць прыступіць да сакрамэнту паяднання.

Дзякуючы сумесным намаганням і рэпетыцыям, пад кіраўніцтвам брата Вадзіма атрымалася развучыць некаторыя малітоўныя кампазіцыі і забяспечыць музычнае суправаджэнне ўрачыстай Імшы.

Акрамя духоўнай часткі, праграма рэкалекцый уключала і вольны час, забаўляльныя мерапрыемствы: інтэлектуальную гульню на эрудыцыю на рэлігійную тэматыку і не толькі, знаёмства з касцёлам святога Арханёла Міхала, які сёлета святкуе 400-гадовы юбілей, а таксама экскурсію па Навагрудку, што дазволіла дакрануцца да гісторыі аднаго з самых старажытных гарадоў Беларусі.

Па словах удзельнікаў, рэкалекцыйны час быў вельмі насычаным, каштоўным і стаў добрай нагодай для паглыблення веры, знаёмстваў людзей розных узростаў, для адкрыцця на іншага чалавека і проста прысутнасці ў жыцці адзін аднаго.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця