Пошук

21.05.2025 20:49   Тэкст: Тацяна Багдановіч / Фота: з асабістага архіва Разарыё Вула / Catholic.by

Апублікаванае інтэрв’ю прысвечана памяці Папы Францішка ў 30-ы дзень пасля яго смерці.

Сёння, калі свет развітаўся з Папам Францішкам, асабліва востра адчуваецца патрэба ў шчырым мастацтве, здольным распавядаць пра веру, надзею і глыбінную сувязь паміж людзьмі.

Наш суразмоўца — італьянскі скульптар Разарыё Вула, для якога творчасць — не проста рамяство, а форма малітвы. Яго працы нараджаюцца з цішыні, натхнення і інтуіцыі — як водгук на ўнутраны голас. Як дыялог з тым, што вышэй за нас.

Мармур, гліна, гіпс, камень, бронза, кераміка, граніт… — Разарыё падуладная любая тэхніка, але белы карарскі мармур і высакародная бронза сталі адметнымі рысамі яго творчага почырку. І майстар не абмяжоўвае сябе матэрыялам: важней за ўсё — праўда, закладзеная ў жэст, у выраз твару, у цішыню, якая гучыць паміж лініямі. Скульптура, па яго словах, павінна быць зразумелай нават дзіцяці, а мастак — быць цярплівым, сумленным і верным сваёй прыродзе. Аднойчы Папа Францішак, паглядзеўшы на адну з скульптур Разарыё, задаў пытанне, якое стала сімвалічным: «Як табе ўдалося стварыць такую жывую прыгажосць?».

Сярод апошніх праектаў скульптара — стварэнне помніка Святому Мікалаю, задуманага як сімвал духоўнага братэрства паміж Расіяй і Італіяй. У варунках пандэміі і ваенных канфліктаў гэтая ідэя набыла сапраўдную глыбіню, стаўшы напамінам пра веру ў цуд.

У гэтым інтэрв’ю — разважанні пра прызначэнне мастака, веру, ролю інтуіцыі і пра ўніверсальную мову мастацтва, якое, нягледзячы на межы і войны, па-ранейшаму можа аб’ядноўваць сэрцы людзей.

Ад майстэрні да Ватыкана: як настаўнік і вера фармуюць мастака

— Разарыё, шчыра дзякуем за размову — асабліва ў гэты сумны момант, калі ўвесь свет, і беларусы ў тым ліку, з глыбокай жалобай ўспрынялі вестку аб сыходзе Папы Францыска. Вам выпала рэдкая прывілея сустрэцца з Пантыфікам-рэфарматарам. Раскажыце, калі ласка, пра гэтую сустрэчу. Што яна азначала для вас як для чалавека і як для мастака?

— Падчас сустрэчы з Папам Францішкам у 2014 годзе я расказаў яму пра харызматычную постаць Луіджы Джусані — тэолага і педагога, — чый бронзавы бюст я тады падарыў Яго Святасці. Мы гутарылі з ім пра харызму: параўноўвалі Джусані з Піна Пулізі, сіцылійскім святаром, які працаваў з моладдзю, навучаў, натхняў, цягнуў хлопцаў з вуліц і дапамагаў ім абраць іншы шлях.

(Праз некалькі год Папа Францішак наведаў Палерма, каб убачыць мой помнік, прысвечаны Піна Пулізі).

Тады Пантыфік з захапленнем распытваў мяне пра бюст Джусані. Цёпла сціснуўшы маю руку, ён зацікавіўся, як мне ўдалося перадаць такі характэрны і ўзнёслы выраз твару тэолага. Я адказаў, што для мяне праца з глінай заўсёды была лёгкай: мае рукі падчас работы рухаюцца ўпэўнена, быццам іх вядзе нейкая «чарадзейная» сіла (хаця на самой справе гэта проста маё прыродная схільнасць да скульптуры). Я ўсміхнуўся і сказаў, што для мяне гэта было няцяжка, а потым, паказаўшы на неба, дадаў, што гэты твор, без сумневу, — справа Божых рук.

У кожнага з нас ёсць тое, да чаго мы схільныя без тлумачэнняў. Гэтыя прыродныя схільнасці я называю Божымі дарамі. Такія розныя ў кожнага, яны і ствараюць тую разнастайнасць, якая робіць наш свет цудоўным.

Сустрэча з Папам Францішкам на плошчы Святога Пятра навучыла мяне здзіўляцца і любіць шматграннасць свету — прыгожае і брыдкае, багатае і беднае, добрае і злое — у іх супрацьстаянні, якое да гэтага часу дапамагае мне бачыць, наколькі прыгожае наша жыццё і якi багаты магчымасцямі лёс, даручаны Богу.

— Ствараецца ўражанне, што творчасць заўсёды была неад’емнай часткай вашага жыцця — быццам працяг вашай душы. Вы пачалі маляваць яшчэ ў дзяцінстве. Памятаеце момант, калі адчулі, што менавіта скульптура — ваша пакліканне?

— Так, маляваць я пачаў вельмі рана. Для мяне гэта заўсёды было натуральна і проста. Мае выдатныя настаўнікі дзівіліся, як лёгка мне даецца перадача вобразаў — я ніколі не адчуваў напругі, трымаючы аловак ці пэндзаль. Усё ішло як бы само сабой.

Але аднойчы перад адным конкурсам сябры запыталі: «Чаму ты не робіш скульптуры?». Я вырашыў паспрабаваць. Узяў паперу, пачаў маляваць эскізы — абдумваў будучы твор. І раптам зразумеў: скульптура — гэта жыццё. Гэта не проста лініі на паперы, а магчымасць дакрануцца да свайго твору, быццам гладзіш твар жывога чалавека.

Ты нібыта ажыўляеш матэрыю. Скульптура можа ўсміхацца, рухацца — ты бачыш гэта. І радасць — радасць дотыку да формы, да жыцця — цалкам ахапіла мяне. Тады я зразумеў: гэта маё. Не проста рамяство — шлях. І я пайшоў па ім.

— У вашых словах адчуваецца шчырая ўдзячнасць тым, хто быў побач з вамi ў гады станаўлення. Як вы лічыце, наколькі важна мастаку сустрэць сапраўднага настаўніка-правадніка?

— Гэта вызначальна. Прыйшоў момант, калі я зразумеў: мне патрэбна не проста натхненне, а сапраўдная школа — майстэрня. Я шукаў майстра, які навучыў бы мяне не толькі тэхніцы — лепцы, працы з глінай, адліўцы ў бронзу — але і духу скульптуры.

Мне пашанцавала: я сустрэў Настаўніка з вялікай літары — Дзісма Тумінела. У яго майстэрні я прайшоў дзесяць год навучання. Ён ставіўся да мяне, як да сына, перадаўшы ўсё, што ведаў. Менавіта ён навучыў мяне цярпенню — таму, чаго так не хапае сучасным маладым мастакам.

Ён казаў: «Пачні з антычнасці. Вучыся ў вялікіх». Я гадамі капіраваў старажытныя бюсты і барэльефы. Толькі праз гады ён дазволіў мне дапамагаць — спачатку ў дробязях, потым у стварэнні манументаў для плошчаў і цэркваў.

Ён стаў для мяне больш чым настаўнікам — замяніў бацьку, які якраз тады сышоў з жыцця. Тумінела адкрыў мне галоўнае: сапраўднае мастацтва прыходзіць не праз паспешнасць, а праз чаканне. Праз маўчанне і працу. Магчыма, я зразумеў гэты урок, бо сам па натуры рыбак. Рыбалоўства — гэта ж малітва: сядзіш, чакаеш, адчуваеш вецер, прыроду… І раптам — клюе. Гэтак і ў мастацтве: ты вучышся чакаць. І толькі тады прыходзіць сапраўднае.

Духоўнае братэрства і культурныя масты: Італія, Расія і Беларусь у дыялогу праз мастацтва

— Вы ўдзельнічалі ў стварэнні помніка Мікалаю Цудатворцу, які павінен быў стаць сімвалам пабрацімства паміж Расіяй і Італіяй. Раскажыце падрабязней пра гэты праект?

— Для мяне як для мастака і скульптара прыярытэтна ўдзельнічаць у праектах, якія рэзануюць з маёй душой. Мікалай Цудатворац — гэта фігура, якая аб’ядноўвае Усход і Захад, праваслаўе і каталіцтва, сімвал дабраты, міласэрнасці і дапамогі бліжняму.​

Ідэя помніка нарадзілася ў межах культурнага дыялогу паміж Расіяй і Італіяй. Разам з вядомым расійскім падарожнікам і мастаком Фёдарам Канюхавым мы задумалі ўсталяваць яго як знак дружбы паміж нашымі краінамі. 10-метровы помнік павінен быў адлюстроўваць святога Мікалая ў лодцы — сімвал ягонага заступніцтва маракам і падарожнікам. Мы планавалі ўсталяваць яго на ўзгорку ў Маскве, i такі ж помнік — на маёй радзіме, Сіцыліі, каб падкрэсліць сувязі паміж нашымі культурамі.​

На жаль, рэалізацыю праекта спынілі спачатку пандэмія COVID-19, а потым і іншыя падзеі… Але ідэя застаецца жывой. Сёння, калі многія перажываюць крызіс і страту надзеі, вобраз Мікалая Цудатворца як сімвала цуду і дабрыні асабліва важны. Я веру, што ў будучым мы зможам вярнуцца да гэтага праекту і стварыць месца, дзе людзі розных нацыянальнасцяў змогуць сустракацца для малітвы і суцяшэння.​ Для мяне гэта не проста праца, а місія, якая збліжае народы праз мастацтва і духоўныя каштоўнасці.

Я таксама бясконца ўдзячны Зурабу Канстанцінавічу Цэрэтэлі — выдатнаму скульптару і харызматычнаму чалавеку, які стаў для мяне сябрам і настаўнікам. Ён неаднаразова запрашаў мяне ў Расію на культурныя мерапрыемствы, шчодра дзяліўся вопытам і натхненнем. Дзякуючы яму я пазнаёміўся з іншымі вялікімі майстрамі — Аляксандрам Рукавішнікавым i Георгіем Франгулянам. Гэтыя сустрэчы і адносіны сталі значнай часткай майго творчага шляху, умацаваўшы маю сувязь з Расіяй і яе мастацкай традыцыяй.

— Ваша творчасць перасякаецца з рознымі культурамі. Ці прытрымліваецеся вы нейкіх асаблівых прыёмаў, каб ваша мастацтва было зразумелым людзям з розных краін? Ці лічыце, што мастацтва павінна гаварыць само за сябе, незалежна ад інтэрпрэтацыі?

— Я перакананы ў тым, што скульптура павінна быць зразумелай нават дзіцяці. Калі трэба доўга растлумачваць, калі гледачу патрэбны «пераклад», значыць, праца не даведзена да дасканаласці. Сапраўднае мастацтва гаворыць само за сябе — праз форму, жэст, выраз. Яно павінна кранаць чалавека незалежна ад яго паходжання, мовы або культурнай прыналежнасці.

Вядома, я ўлічваю кантэкст, у якім будзе знаходзіцца скульптура: для якой краіны, якой прасторы, з якім падтэкстам. Але ў аснове ўсяго ляжаць універсальныя чалавечыя эмоцыі. Ствараючы вобраз, я думаю не пра культуру, а пра тое, каб выраз выклікаў у кожнага пачуцці святла, болю ці надзеі. Менавіта гэта і ёсць сапраўдная мова скульптуры.

— Нягледзячы на тое, што ў вашай біяграфіі няма прамых згадак пра Беларусь, ці супрацоўнічалі вы калі-небудзь з беларускімі мастакамі і ці ўдзельнічалі ў праектах, звязаных з Беларуссю? Ці ёсць у вас цікавасць альбо планы прадставіць свае творы беларускай аўдыторыі ў будучыні?

— На жаль, я яшчэ не бываў у Беларусі, але цікаўлюся вашай краінай. Я лічу, што Беларусь, гэтак жа як і Расія, вельмі блізкая Італіі па духу. У нас падобныя культурныя карані і каштоўнасці, і я ўпэўнены, што гэта сваяцтва адчуваю не толькі я. Італія заўсёды мела сімпатыю да Расіі, а Беларусь — яе братэрскі працяг.

Я неаднаразова бываў у Расіі і адчуваў сябе там як дома. Але, шчыра кажучы, я адчуваю сябе дома ўсюды, дзе ёсць майстэрня, дзе можна тварыць. Я з радасцю пазнаёміўся б з беларускімі мастакамі і, верагодна, зрабiў бы з кім-небудзь сумесны праект. Гэта магло б стаць мостам — не проста культурным, але і чалавечым, духоўным.

Мне вельмі падабаецца ідэя быць свайго роду правадніком мастацтва і сяброўства паміж нашымі народамі. Я з задавальненнем падзяліўся б сваім досведам і, магчыма, пераняў бы што-небудзь узамен. Мастацтва — гэта заўсёды дыялог, і я спадзяюся, што такі дыялог з Беларуссю ў нас абавязкова адбудзецца.

Пра веру ў сябе, натхненне і ролю мастака як правадніка

— Што б вы параілі мастакам і скульптарам, якія толькі пачынаюць свой шлях і, магчыма, сутыкаюцца з першымі няўдачамі?

Мая першая парада — абавязкова ўдзельнічайце ў выставах. Нават калі вы толькі на старце, важна выходзіць у свет, паказваць свае творы. Гэта дапамагае паверыць у сябе.

Я глыбока веру ў тое, што раблю. Веру ў гэтае жыццё, нягледзячы ні на што. І лічу, што самае галоўнае для любога мастака — не баяцца і заўсёды верыць у сябе. Калі ты верыш у сваю справу, ты ўжо не можаш сапраўды памыляцца. Памылкі становяцца не праваламі, а эпізодамі, дзякуючы якім ты становішся лепшым.

Таму мая парада — слухайце сябе, не здраджвайце сваім унутраным адчуванням, не ідзіце супраць сваёй сутнасці. Рабіце тое, што падказвае сэрца. Толькі так нараджаецца сапраўднае мастацтва.

— Вы адзначаеце важнасць інтуіцыі і ўнутранага голасу. Ці правільна я разумею, што для вас мастак — хутчэй праваднік, чым стваральнік? Сапраўдныя творы нібыта нараджаюцца самі, а вы проста ідзяце за гэтым унутраным імкненнем?

— Так, я ўпэўнены, што мы знаходзімся ў руках Пана, і ў гэтым — вялікая ласка нашага існавання. Бог дае мне здольнасці, натхненне, сілы — я толькі імкнуся быць уважлівым да гэтага дару, быць годным правадніком. Я не адчуваю, што ствараю нешта самастойна — хутчэй суправаджаю працэс. Скульптура нараджаецца, калі ты адкрыты, калі ты не навязваеш сваю волю, а прыслухоўваешся да ўнутранага голасу, які, я веру, паходзіць ад Бога.

Калі мае манументы ўсталёўваюцца на плошчах, гэта заўсёды адбываецца з благаславення Касцёла. У момант адкрыцця прысутнічаюць святары, чытаецца малітва — і для мяне гэта вельмі важна. Усё, што я ствараю, глыбока звязана з Касцёлам. Але разам з тым я імкнуся ўздзейнічаць скульптурай не толькі на душу і пачуцці, але і на розум гледача. Я хачу, каб чалавек мог суадносіць убачанае ў маіх творах з самім сабой, перажыць з гэтай формай унутраную гісторыю, адчуць у ёй водгук.

Бог стварыў нас усіх унікальнымі. Нехта знаходзіць натхненне ў жывапісе, нехта — у скульптуры, музыцы, прыродзе… Прыгажосць сапраўды можа выратаваць свет — і ў гэтым яе боская сіла. Але асабліва дзіўна, што Пан Бог надзяліў яе мноствам формаў і твараў, нагадваючы нам пра бясконцасць Свайго стварэння. Калі мы ўважлівыя да сябе і да тых, хто побач, мы можам стаць праваднікамі гэтай прыгажосці — прынесці яе ў свет як святло, якое праходзіць праз нас.

Біяграфічная даведка

Разарыё Вула (нарадзіўся ў 1974 годзе) — прафесійны італьянскі скульптар. За гады творчай дзейнасці стварыў шматлікія манументальныя творы для дзяржаўных і прыватных устаноў, а таксама грамадскіх прастораў. Яго працы захоўваюцца ў прыватных калекцыях па ўсім свеце, а некаторыя ўвайшлі ў пастаянныя экспазіцыі музеяў. Жыве і працуе ў горадзе Палерма (Італія).

Размаўляла Тацяна Багдановіч

Абноўлена 23.05.2025 15:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа