Пошук


8 студзеня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася другая калядная канферэнцыя «Каталіцкі Касцёл у Беларусі: праз стагоддзі», арганізаваная Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй Рыма-каталіцкага Касцёла пры падтрымцы Апарата ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў.

У канферэнцыі прынялі ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, прадстаўнікі беларускага каталіцкага епіскапату і духавенства, у тым ліку Генеральныя вікарыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі ксёндз прэлат Кшыштаф Сэрока і Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

У каляднай канферэнцыі ўдзельнічалі таксама прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы, у прыватнасці дацэнт Мінскай духоўнай акадэміі протаіерэй Мікалай Балахоўскі.

Прысутнічалі таксама рэлігійныя лідары іншых канфесій, якія дзейнічаюць у нашай краіне: муфтый Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Беларусі Абу-Бекір Шабановіч і выканаўчы дырэктар рэлігійнага аб’яднання абшчын прагрэсіўнага юдаізму ў Беларусі Міхаіл Кемераў.

Дзяржаўныя ўлады на канферэнцыі прадстаўлялі ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак, намеснік міністра адукацыі Кацярына Пятруцкая, галоўны спецыяліст Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Антон Лабаноўскі, прадстаўнікі Мінаблвыканкама і Мінгарвыканкама.

Былі прысутныя таксама прадстаўнікі беларускай грамадскасці: старшыня праўлення грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд міру» Максім Місько, старшыня Каардынацыйнай рады грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый Магілёўскай вобласці Андрэй Нікіцін і генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін.

Удзел прымалі прадстаўнікі прадпрыемстваў дзяржаўнага і прыватнага сектараў, сярод якіх  намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Белрэстаўрацыя» Аляксандр Клімашонак.

Прысутнічалі на канферэнцыі і прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу ў Беларусі, у тым ліку Часовы павераны ў справах Італьянскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусі Тамаза П’етра Маркеджані.

Мадэратар канферэнцыі ксёндз канонік Юрый Санько адзначыў, што сёлетняя калядная канферэнцыя закране пытанні ўплыву Каталіцкага Касцёла на сферы адукацыі і культуры на працягу стагоддзяў.

У прывітальным слове арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, адзначыў, што Нацыянальная бібліятэка, месца, якое не першы раз збірае ўдзельнікаў падобных мерапрыемстваў, «з’яўляецца найбуйнейшым сацыякультурным і інавацыйным цэнтрам краіны» і «сімвалам сучаснай Беларусі», і падзякаваў генеральнаму дырэктару гэтай установы Вадзіму Гігіну за дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства ў калядны час, калі ва ўсім свеце адзначылі ўрачыстасць Божага Нараджэння.

«Я  ўпэўнены, што падобныя  сустрэчы дапамагаюць пазнаёміцца з духоўнасцю, падтрымаць мудрую адукацыю і ўмацаваць культуру, якая фармуе чалавека і грамадзяніна. Культура і адукацыя закранаюць самыя глыбокія пласты нашай спадчыны і будучыні. Аснова адукацыі — гэта не толькі перадача ведаў, але фарміраванне душы: умець слухаць, пытацца, сумленна асэнсоўваць інфармацыю, шанаваць рознасць <…>. Калі казаць пра культуру, то гэта не проста набор фарбаў і тэстаў, але жывая праграма жыцця, якая кажа нам пра нашых продкаў і суайчыннікаў і дапамагае нам зразумець сябе як частку агульнага дома»,

— адзначыў іерарх. Арцыбіскуп падзякаваў дзяржаўным уладам за магчымасць сустрэцца ў сэрцы «беларускага дыямента ведаў» у 35-ю гадавіну аднаўлення структураў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і выказаў надзею на магчымасць запрасіць іх на падобнае мерапрыемства «пад свой дах» у духоўны цэнтр беларускіх католікаў — Нацыянальны санктуарый у Будславе.

З прывітальным словам да сабраных звярнуўся таксама ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак. Павіншаваўшы прысутных са святамі Нараджэння Хрыстовага і Новага года, ён адзначыў, што «ўжо ў другі раз мы збіраемся ў гэты калядны час, каб засведчыць ролю, якую адыгрывае Рыма-каталіцкі Касцёл у гісторыі беларускага народа».

«Рыма-каталіцкі Касцёл валодае тысячагадовым вопытам захавання адвечных маральных каштоўнасцяў і багатай духоўнай спадчыны. Ужо не адно стагоддзе ён распаўсюджвае на беларускіх землях словы Святога Пісання, у аснове якога ляжаць вера і любоў, спагада і міласэрнасць, імкненне да згоды, справядлівасці і міру. У сучаснай незалежнай беларускай дзяржаве яму належыць значная роля ў захаванні і распаўсюджванні высокіх ідэалаў дабра і чалавекалюбства, ён ажыццяўляе шырокую дабрачынную і сацыяльную дзейнасць. Каталіцкі Касцёл — гэта супольнасць людзей, якія праз веру і служэнне разам з іншымі канфесіямі ўплывалі на  станаўленне беларускага народа як нацыі»,

— падкрэсліў прадстаўнік улады, адзначыўшы таксама важкі ўнёсак каталіцкай канфесіі ў развіццё адукацыі і культуры. Аляксандр Румак канстатаваў, што сёння перад рэлігійнымі супольнасцямі стаяць задачы захоўваць і перадаваць культурную спадчыну, развіваць міжканфесійны дыялог і садзейнічаць грамадскаму дабру ва ўмовах хуткіх сацыяльных зменаў.

Намеснік міністра адукацыі Кацярына Пятруцкая зачытала прывітальны адрас ад міністра адукацыі Андрэя Іванца, у якім было адзначана, што «ў Рэспубліцы Беларусь склаліся партнёрскія адносіны паміж Рыма-каталіцкім Касцёлам і сістэмай адукацыі, ажыццяўляецца канструктыўны дыялог і супрацоўніцтва па пытаннях духоўна-маральнага выхавання моладзі» і выказана надзея на іх дынамічны і плённы працяг.

Пасля сабраным былі прадстаўленыя чатыры грунтоўныя даклады. З першым дакладам на тэму «Гістарычны шлях станаўлення Каталіцкага Касцёла ў Беларусі» выступіла кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі Расіі гістарычнага факультэта БДУ і выкладчык Мінскага тэалагічнага каледжа імя святога Яна Хрысціцеля (МТК) Алена Шымак.

На пачатку свайго даклада выступоўца адзначыла, што важным з’яўляецца разуменне самога тэрміна «Касцёл», і за дакладнай фармулёўкай прапанавала звярнуцца да Катэхізіса Каталіцкага Касцёла.

Паводле яго,

«Касцёл — гэта народ, які Бог запрашае і збірае з усіх межаў зямлі, каб стварыць супольнасць тых, якія праз веру і хрост становяцца дзецьмі Божымі, членамі Хрыста і святыняй Духа Святога» (ККК 751-752, 777, 804).

У сваім дакладзе даследчыца прасачыла, як на працягу стагоддзяў Бог у сваёй прадбачлівасці і міласэрнасці збіраў супольнасць беларускага Касцёла: ад моманту з’яўлення першых хрысціян лацінскага абраду на поўначы сучаснай Беларусі ў канцы Х стагоддзя да біскупскай сакры і прызначэння Апостальскім адміністратарам для католікаў Беларусі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў 1989 годзе.

Асаблівы акцэнт у дакладзе быў зроблены на ключавых этапах фармавання структураў Каталіцкага Касцёла ў розныя гістарычныя перыяды: верагодным узнікненні Тураўскага біскупства на чале з біскупам Рэйнбернам у 1005 годзе, Віленскай дыяцэзіі ў 1387 годзе, Беларускага архідыяканата ў 1619 годзе ў межах Віленскай дыяцэзіі, утварэнні Магілёўскай архідыяцэзіі ў 1782 годзе.

«Вывучаць гісторыю Касцёла немагчыма, не згадваючы асобы, асабліва біскупаў. Ад заснавання Віленскай дыяцэзіі да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай налічваюць 29 біскупаў. Кожны з іх — гэта асаблівая старонка ў гісторыі Касцёла ў Беларусі, якая моцна перапляталася з грамадска-палітычнымі і гістарычнымі абставінамі таго часу»,

— адзначыла даследчыца і спынілася на найбольш яркіх постацях: першага віленскага біскупа Андрэя герба «Ястрабец», біскупа Валяр’яна Пратасевіча, заснавальніка езуіцкага калегіума ў Вільні, кардынала Юрыя Радзівіла, які адкрыў у Вільні духоўную семінарыю, і інш.

Даклад на тэму «Адукацыйная дзейнасць Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі ад старажытнасці да 1990 года» прадставіў ксёндз доктар Юрый Дрозд, вікарый парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гомелі.

«Каталіцкі Касцёл заўсёды лічыў адным са сваіх прыярытэтных напрамкаў адукацыйна-выхаваўчую дзейнасць. Другі Ватыканскі Сабор ў дэкларацыі аб хрысціянскім выхаванні Gravissimum educationis падкрэсліў, што Касцёлу асаблівым чынам належыць абавязак навучання»,

— адзначыў дакладчык, падкрэсліўшы, што Касцёл цаніў не толькі гуманітарнае значэнне адукацыі, а разглядаў яе як інструмент евангелізацыі. Святар прасачыў у сваім дакладзе развіццё каталіцкай адукацыі ў Беларусі ад Х да канца ХХ стагоддзя у межах чатырох вялікіх перыядаў, найбольш плённым з якіх быў часавы прамежак з XVI па XVIII стагоддзе.

Выступоўца канстатаваў, што развіццё каталіцкай адукацыі сярэдняй і вышэйшай ступені на беларускіх землях звязанае перадусім з дзейнасцю манаскіх ордэнаў, найбольш прыкметнымі і ўплывовымі сярод якіх былі францішкане, езуіты і піяры; таксама заўважнымі былі дамінікане, бэрнардыны і кармэліты.

Менавіта айцы езуіты прынеслі на беларускія землі новы тып навучальнай установы — калегіумы, некаторыя з якіх пазней пераўтварыліся ў акадэміі і нават універсітэт, як у Вільні ў 1579 годзе, а таксама мастацтва барока і іншыя культурныя дасягненні.

Дакладчык адзначыў, што асяродкамі развіцця каталіцкай адукацыі былі не толькі навучальныя ўстановы, але  і палацы магнатаў, як гэта было ў выпадку з выбітным тэолагам ксяндзом Янам Пашакоўскім, які пісаў навуковыя працы пры двары Радзівілаў у Нясвіжы.

Заўважыўшы, што наступныя гістарычныя перыяды былі менш спрыяльнымі для каталіцкай адукацыі, ксёндз доктар Юрый Дрозд, аднак, падкрэсліў, што

«місія Касцёла па фармаванні хрысціянскага светапогляду ніколі не спынялася і што «па вялікім рахунку, Касцёл усур’ёз быў звязаны толькі адным фактарам — перспектывай вечнасці і адказнасцю перад Богам».Дырэктар ДНУ «Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» Вадзім Лакіза выступіў з дакладам «Каталіцкі Касцёл у гісторыі беларускай дзяржаўнасці: да гістарыяграфіі пытання».

Ён засяродзіў увагу прысутных на тым, што гісторыя хрысціянскіх цэркваў на беларускіх землях наогул, і Каталіцкага Касцёла ў прыватнасці, комплексна пачала вывучацца айчыннымі даследчыкамі адносна нядаўна — у другой палове ХХ стагоддзя.

На сённяшнi дзень гісторыкі Беларусі імкнуцца аб’ектыўна вывучаць мінулае і сучаснасць канфесій сваёй краіны.

Гісторыя Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, якая была важным фактарам культуры і станаўлення беларускага грамадства, неад’емна прысутнічае ў фундаментальных працах па гісторыі Беларусі і беларускай дзяржаўнасці.

Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB прадставіў прысутным грунтоўны даклад на тэму «Каталіцкі Касцёл у кантэксце 35-годдзя аднаўлення яго структур». У сваім выступе іерарх прапанаваў паглядзець на гэтую гадавіну не як на сімвалічную «кропку адліку», а як на аснову для асэнсавання сучаснага этапу развіцця Каталіцкага Касцёла ў Беларусі ў святле яго гістарычнай пераемнасці і эклезіяльнай адказнасці. Біскуп адзначыў, што аднаўленне іерархічных структур напрыканцы ХХ стагоддзя — падзея, значэнне якой выходзіць далёка за межы чыста храналагічнага ці адміністрацыйнага апісання мінулага. Гаворка ідзе пра вяртанне мясцоваму Касцёлу паўнаты яго эклезіяльнай суб’ектнасці пасля дзесяцігоддзяў, калі ён існаваў без прававой кананічнай іерархіі, без належнай юрыдычнай абароны і без магчымасці адпаведнага пастырскага функцыянавання:

«Менавіта таму 35-годдзе аднаўлення структур — гэта не юбілей стварэння «новага Касцёла». Каталіцкі Касцёл у Беларусі не ўзнік у канцы 1980-х гадоў, але выйшаў з маўчання і маргіналізацыі, захаваўшы ўнутраную пераемнасць веры, традыцыі, служэння і ахвяры, якая сягае ў глыбіню папярэдніх стагодддзяў»,

— падкрэсліў іерарх.

Поўны тэкст даклада ТУТ>>>

Пасля ўсіх дакладаў свае зваротныя словы да прысутных скіравалі сакратар Апостальскай Нунцыятуры ксёндз прэлат Кшыштаф Сэрока, прадстаўнік Праваслаўнай Царквы протаіерэй Мікалай Балахоўскі, намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Кацярына Пятруцкая, галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Антон Лабаноўскі, старшыня Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Рэспубліцы Беларусь Муфцій Абу-Бекір Шабановіч, выканаўчы дырэктар Рэлігійнага аб’яднання абшчын прагрэсіўнага юдаізму ў Беларусі Міхаіл Кемераў, старшыня праўлення Беларускага фонду міра Максім Місько, старшыня Каардынацыйнага савета грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый Магілёўскай вобласці Андрэй Нікіцін, а таксама генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін.

Завяршальным момантам канферэнцыі стала цырымонія ўручэння падзячных грамат за вялікі асабісты ўклад у станаўленне і развіццё Рыма-каталіцкага Касцёла ў Мінска-Магілёўскай мітраполіі. У гэты момант гучалі шчырыя словы падзякі і прызнання, якія асаблівым чынам падкрэслівалі каштоўнасць сумеснай працы.

Падзякі з рук арцыбіскупа Юзафа Станеўскага атрымалі калектыў навучальнай установы «Мінскі тэалагічны каледж імя святога Яна Хрысціцеля», Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB (выкладчык МТК), ксёндз канонік доктар Ян Крэміс (дырэктар МТК), ксёндз канонік Юрый Санько (сакратар МТК), ксёндз канонік Андрэй Сіповіч (эканом МТК), Ларыса Абрамчук (выкладчык МТК), ксёндз Станіслаў Вашкевіч SAC (выкладчык МТК), ксёндз Алег Грыгаровіч SAC (выкладчык МТК), Уладзімір Неўдах (выкладчык МТК), Марына Пашук (выкладчык МТК), ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі (выкладчык МТК), айцец Сяргей Трысцень OCD (выкладчык МТК), ксёндз Аляксандр Фаміных (выкладчык МТК), Ірына Шмак (выкладчык МТК), калектыў навучальнай установы «Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя ў г. Гродна», калектыў навучальнай установы «Тэалагічны каледж імя святога Казіміра ў г. Гродна», калектыў научальнай установы «Катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага ў г. Баранавічы», калектыў навучальнай установы «Школа сямейнага жыцця ў Мінску» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Уладзімір Змушка (генеральны дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Белрэстаўрацыя»), Станіслаў Янчарскі (фатограф).

Афіцыйная частка канферэнцыі завяршылася прыгожым і гарманічным голасам хору Verum Cantus пад кіраўніцтвам Яніны Хвалько з парафіі Найсвяцейшай Тройцы (Святога Роха) у Мінску, які надаваў усёй сустрэчы атмасферу цяпла і ўрачыстасці.

Абноўлена 10.01.2026 00:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа