Пошук

23.09.2025 22:31   Кс. Аляксандр Амяльчэня / Vatican News BY
Лагатып СДМ-2027 у Сеуле

Арганізатары Сусветных дзён моладзі ў Паўднёвай Карэі запрашаюць кампазітараў і паэтаў стварыць музычны твор, які аб'яднае маладых людзей з усяго свету.

Арганізацыйны камітэт Сусветных дзён моладзі 2027 года абвясціў конкурс на гімн будучай сустрэчы, якая адбудзецца ў сталіцы Паўднёвай Карэі Сеуле пад дэвізам «Будзьце адважнымі! Я перамог свет» (Ян 16, 33). Твор павінен не толькі суправаджаць падзею, але перш за ўсё аб'ядноўваць сэрцы маладых людзей з усяго свету і стаць выразам духу СДМ таксама пасля іх завяршэння.

Арганізатары падкрэсліваюць, што гімн Сусветных дзён выходзіць за рамкі звычайнага музычнага афармлення. Яго роля — інтэграваць удзельнікаў і будаваць пачуццё супольнасці. У Сеуле ён будзе натхнёны евангельскім заклікам, які нагадвае пра перамогу Хрыста і пра мір, якога патрабуе маладое пакаленне ў свеце, пазначаным падзеламі, хуткім тэмпам змен і трывогай.

Форум у Паўднёвай Карэі, краіне сучаснай тэхналогіі і багатай традыцыі, павінен стаць сведчаннем прымірэння і місіі, асабліва ўлічваючы, што хрысціяне не складаюць там большасці.

Конкурс адкрыты для ўсіх, незалежна ад узросту, рэлігіі ці нацыянальнасці. Заяўкі неабходна даслаць да 30 лістапада 2025 года на электронны адрас themesong@wydseoul.org. Кожны ўдзельнік можа прапанаваць максімум тры арыгінальныя кампазіцыі, якія ўключаюць тэкст і музыку.

Арганізатары вітаюць разнастайнасць музычных жанраў і заахвочваюць да творчай свабоды. Галоўныя патрабаванні да твораў яны павінны добра перакладацца на іншыя мовы, падыходзіць для выканання хорам і быць прыдатнымі для харэаграфічнага суправаджэння.

Для ўдзелу ў конкурсе неабходна даслаць:

  • запоўненую рэгістрацыйную анкету,
  • кароткае апісанне творчай канцэпцыі,
  • поўны тэкст песні,
  • падпісаную згоду на выкарыстанне твора,
  • аўдыёзапіс (у фармаце MP3 ці WAV) з галоўнай вакальнай партыяй.

Ацэнцы будуць падлягаць:

  • вернасць тэме СДМ,
  • мастацкая вартасць і арыгінальнасць,
  • прывабнасць і лёгкасць спявання,
  • магчымасць навучання і запамінання,
  • патэнцыял для адаптацыі ў іншых мовах і культурах,
  • прыдатнасць для харавых аранжыровак і харэаграфіі.

Пераможца конкурсу атрымае памятную ўзнагароду, афіцыйнае прызнанне аўтарства гімна СДМ-2027, а таксама аплачаную паездку для ўдзелу ў сустрэчы моладзі ў Сеуле.

Усе падрабязнасці конкурсу і поўныя правілы размешчаны на афіцыйным сайце.

Абноўлена 23.09.2025 22:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.