4 красавіка, напярэдадні свята Уваскрасення Пана, у дзень нараджэння арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, Старшыні ККББ, яму і ўсім вернікам Беларусі былі накіраваны словы велікодных віншаванняў.
Свае пажаданні з нагоды Вялікадня даслаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашенка; пераказаў праз свайго вікарыя, Уладыку Аўксенція, епіскапа Нясвіжскага, праваслаўны іерарх — Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх ўсяе Беларусі; асабіста перадаў Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Аляксандр Аляксеевіч Румак. У курыю дайшлі віншаванні таксама ад іншых высокапастаўленых асоб.
Велікодная вестка аб Уваскрасенні Хрыста напаўняе сэрцы надзеяй, умацоўвае веру і дорыць святло. У гэтым вялікім духоўным святле гучаць таксама словы павагі да пастырскага служэння Мітрапаліта Юзафа — служэння, заснаванага на любові, адказнасці і клопаце пра людзей.
Прэзідэнт і Мітрапаліт Веніямін у тэксце віншаванняў асабліва адзначылі важнасць узаемнай павагі паміж канфесіямі.
Словы падтрымкі гучаць не як фармальнасць, а як сведчанне агульнага імкнення да згоды, адзінства і стварэння дабра. Бо Касцёл і дзяржава разумеюцца ўсімі як сям'я сем'яў — прастора, дзе кожны чалавек знаходзіць сваё месца, годнасць і надзею, а агульныя духоўныя каштоўнасці становяцца асновай для развіцця, міласэрнасці і ўзаемадапамогі.
Няхай Вялікдзень прынясе абнаўленне, радасць і святло, якое будзе натхняць усіх на справы веры і любові.

























