Пошук

07.04.2026 17:18   Тэкст: с. Анастасія Маргун CSSH / Фота: Дар’я Стажок / Catholic.by

4 красавіка, у Вялікую cуботу, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі ўзначаліў урачыстую Пасхальную вігілію ў парафіі святога Антонія ў Слуцку.

У гаміліі біскуп Юрый падкрэсліў, што вігілійная Пасхальная літургія з’яўляецца вяршыняй літургіі Касцёла.

Пасха — гэта пераход ад няволі да свабоднага жыцця.

«Калі мы ў сённяшнюю ноч разважаем пра Пасху, то гаворым пра пераход з цемры да святла, — растлумачыў біскуп. — Таму літургія распачынаецца асвячэннем агню. Гэты агонь сімвалізуе святло Хрыста, які асвячае цемру сэрца кожнага чалавека. Мы запальваем свечкі ад пасхала, каб гэтае святло заўсёды пралівалася ў нашыя сэрцы, каб мы заўсёды памяталі, што Хрыстус побач з намі, Ён любіць нас, для нас Ён памёр на крыжы і Уваскрос».

Іерарх адзначыў:

«Хрыстус адкрывае нам браму Валадарства Нябеснага, якое мы згубілі, і Ён паказвае нам шлях, якім мы павінны ісці. Габрэйская пасха — выхад з егіпецкай няволі — сімвалізуе наш выхад з няволі першароднага граху. Таму мы сёння ўзгадваем наш сакрамэнт хросту, які дзякуючы ахвяры Езуса Хрыста, Яго смерці і Уваскрашэнню змывае з нас першародны грэх, робіць нас дзецьмі Божымі і далучае да Касцёла».Напрыканцы біскуп Юрый сказаў: «Сёння мы таксама трываем пры грабніцы Пана. Хрыстус асвяціў сваім святлом нашае жыццё. Ён паказвае нам дарогу да Неба, даючы нам усе патрэбныя для гэтага ласкі. Нам толькі неабходна быць вернымі Яму. А таксама працаваць над сабою, каб мы станавіліся лепшымі. Езус дапамагае нам. І таму мы ўжо сёння можам усім абвяшчаць Добрую Навіну. Хрыстус Уваскрос!».

5 красавіка ў Велікодную раніцу біскуп Касабуцкі таксама ўзначаліў ўрачыстую святую Імшу. 

Іерарх нагадаў, што галоўнай тэмай прапаведавання першых хрысціянаў была тэма ўваскрасення з памерлых Езуса Хрыста. Біскуп падкрэсліў: «Калі мы разважаем пра Уваскрасенне Езуса Хрыста, мы разважаем пра ўсё жыццё Бога з намі, бо Бог прымае чалавечую натуру, каб прайсці ўвесь жыццёвы шлях чалавека, кожнага з нас. Ён так, як і мы, перажывае і праходзіць праз радасныя і сумныя моманты і хвіліны, праходзіць праз цярпенне і здраду, праз боль крыжа. Праз усё гэта Бог становіцца адным з нас. Мы перажываем у нашым жыцці розныя цярпенні, хваробы, праблемы, непаразуменні. Але ні адзін чалавек не ідзе праз жыццё ў самоце. Галоўнае тое, што ў нашае жыццё ўваходзіць Езус, Ён церпіць разам з намі, Ён дае нам сілу тады, калі мы з вераю прымаем гэтую дапамогу».

«Уваскрашэнне Езуса дае нам нагоду для моцнай хрысціянскай надзеі, што мы таксама ўваскрэснем да вечнага жыцця, бо Крыжовы шлях не скончыўся смерцю на крыжы. Смерць — гэта пераход у іншае жыццё», — сказаў іерарх.

У канцы біскуп Юрый прамовіў: «Хрыстус Уваскрос! Першыя хрысціяне ішлі і абвяшчалі гэтую праўду ўсім. Мы таксама маем заданне быць сведкамі ўваскрослага Хрыста ў сучасным свеце. Сучасны чалавек патрабуе сведчання хрысціянаў. І нашае сведчанне гэта перш за ўсё слова, якое мы кажам іншым людзям: нашым блізкім, родным, супрацоўнікам, суседзям. Гэта нашыя каштоўнасці, аб якіх мы сведчым сваім жыццём».

«Сённяшняе свята нагадвае нам аб тым, што смерць не мае больш улады над чалавекам, смерць — гэта толькі пераход у новае радаснае жыццё. Бо так уваскрос Хрыстус, а разам з Ім уваскрэснем і мы», — падсумаваў пастыр.

Абноўлена 07.04.2026 18:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.