
Уваскрасенне Хрыста адкрывае шлях да новага жыцця, якое вернікі пакліканыя несці ў свет словамі веры і ўчынкамі міласэрнасці, нагадаў Леў XIV падчас Пасхальнай Вігіліі ў ватыканскай базыліцы.
Пантыфік звярнуў увагу на пасхал — сімвал святла Уваскрослага Хрыста — ад якога ўсе вернікі запальваюць свечкі, асвятляючы вялікую базыліку. Гэта знак велікоднага святла, які аб'ядноўвае ўсіх у Касцёле і нагадвае пра місію: быць святлом для свету.
Папа нагадаў, што Пасхальная Вігілія з’яўляецца найстаражытнейшай хрысціянскай традыцыяй і «маці ўсіх вігілій», падчас якой вернікі нанова перажываюць памяць пра перамогу Пана жыцця над смерцю і безданню. Уваскрослы Хрыстус — гэта той самы Творца, які, як у пачатку гісторыі, даў нам існаванне з нічога, так і на крыжы даў нам жыццё, каб паказаць сваю бязмежную любоў.
Бог заўсёды адказвае на чалавечы грэх міласэрнасцю і прабачэннем. Пра гэта нам нагадвае ўся гісторыя збаўлення ад пачатку свету, калі Бог стварыў неба і зямлю, упарадкаваў хаос і даверыў чалавеку клопат пра стварэнне. Калі чалавек зграшыў і не выканаў заданне, Бог дараваў і не пакінуў яго. Бог спыніў руку Абрагама, гатовага прынесці ў ахвяру сына Ісаака, каб паказаць нам, што не жадае смерці чалавека, а жыцця і збаўлення. Таксама Бог вызваліў ізраэльцян з егіпецкай няволі, зрабіўшы мора, якое здавалася непераадольнай перашкодай, брамай да новага, свабоднага жыцця. Пра гэта ж гаварылі і прарокі: Бог як жаніх кліча да сябе; як крыніца здавальняе смагу; як святло вядзе да міру і як Дух змяняе і абнаўляе чалавечае сэрца, — сказаў Леў XIV.
Па словах Папы, ва ўсе гэтыя моманты гісторыі збаўлення мы бачым, што Бог адказвае на грэх, які падзяляе і забівае, любоўю, якая яднае і дае новае жыццё. Мы ўспамінаем гэтыя падзеі ў малітвах і псальмах, каб зразумець, што дзякуючы ахвяры Хрыста мы пачынаем новае жыццё з Богам. Асвечаныя ў хросце любоўю Айца, мы становімся жывымі камянямі для будаўніцтва Яго Валадарства.

Спасылаючыся на ўрывак пра Уваскрасенне з Евангелля паводле святога Мацвея, Папа нагадаў, што ў велікодную раніцу жанчыны, пераадольваючы боль і страх, пайшлі да магілы Езуса. Яны думалі, што знойдуць яе запячатанай вялікім каменем і з вартай на ўваходзе, падобна таму, як грэх становіцца бар'ерам і аддзяляе чалавека ад Бога. Марыя Магдалена і другая Марыя, аднак, не дазволілі сябе запалохаць. Дзякуючы сваёй веры і любові яны сталі першымі сведкамі Уваскрасення. У землятрусе і ў анёле, які сеў на камень, яны ўбачылі, што Божая любоў мацнейшая за зло і смерць. Чалавек можа забіць цела, але жыццё, якое дае Бог любові, — вечнае, і яго не можа стрымаць ніводная магіла. Таму Езус, выйшаўшы ім насустрач, сказаў: «Вітайце» (Мц 28, 9).
Святы Айцец падкрэсліў, што гэта і ёсць наша пасланне свету: сведчыць пра сустрэчу з Уваскрослым Езусам словамі веры і справамі міласэрнасці. Як жанчыны, якія пабеглі з весткай да братоў, мы таксама пакліканы дзяліцца гэтай Добрай навіной: Езус уваскрос, і разам з Ім мы таксама можам будаваць свет міру і адзінства, дзе многія людзі становяцца адным, бо ўсіх яднае Хрыстус.
Да гэтай місіі далучаюцца і тыя браты і сёстры з розных куткоў свету, якія сёння прымуць хрост. Яны доўга рыхтаваліся і цяпер нараджаюцца нанова ў Хрысце, каб стаць новымі людзьмі і сведкамі Евангелля, — заўважыў Папа, заклікаючы катэхуменаў і ўсіх вернікаў абвяшчаць Хрыста і сеяць веру, якую яны носяць у сваім сэрцы.

Пантыфік падкрэсліў, што і сёння ў свеце ёсць шмат магільных камянёў, якія здаюцца нерухомымі. Некаторыя прыгнятаюць чалавека ў сэрцы: гэта страх, недавер, эгаізм і варожасць. Іншыя, як следства ўнутраных, разрываюць сувязі паміж людзьмі: гэта войны, несправядлівасць, падзелы. Леў XIV заклікаў не паддавацца гэтым перашкодам, не дазваляць ім паралізаваць нас. Многія людзі на працягу стагоддзяў перамагалі іх з Божай дапамогай, і прынеслі шмат дабра, плёнамі якога мы карыстаемся і сёння. Яны былі звычайнымі людзьмі, як і мы, але з верай і любоўю адважыліся гаварыць і дзейнічаць па-Божаму. Таму і мы павінны браць з іх прыклад і ў гэтую святую ноч узяць на сябе абавязацельства, каб «усюды і заўсёды ў свеце раслі і квітнелі велікодныя дары згоды і міру», — завяршыў гамілію Святы Айцец.







