
4 красавіка, у Вялікую суботу, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, узначаліў цэлебрацыю Пасхальнай вігіліі ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.
Святкаванне галоўнай хрысціянскай урачыстасці года распачалося Літургіяй святла. Перад уваходам у катэдру быў запалены пасхал — вялікая васковая свечка, якая сімвалізуе Уваскрослага Хрыста. Вернікі ў чуванні перад прыйсцем Пана трымалі прынесеныя свечкі, якія запалілі ад пасхала.
Пасля адспявання старажытнага велікоднага гімна Exultet распачалася Літургія слова, дзе прагучала дзевяць урыўкаў са Старога Запавету і чытанне з Евангелля. Кожны з урыўкаў нагадваў удзельнікам літургічнай цэлебрацыі пра поўны любові збаўчы план Бога ад стварэння свету да адкуплення чалавека Сынам Божым. Правобразам Пасхальнай вігіліі як літургічнага ўспаміну той ночы, калі Збаўца ўваскрос з памерлых, з’яўляецца ноч, у якую Бог вызваліў свой народ з егіпецкай няволі.
У вігілійнай гаміліі арцыбіскуп падкрэсліў важнасць місійнага вымярэння Касцёла, прыгадаўшы прамову апостала Пятра ў доме язычніка Карнэлія.
Гэтае сведчанне апостала заклікана падкрэсліць моц Уваскрасення.
Арцыпастыр навучаў, што вера нараджаецца з асабістай сустрэчы з Хрыстом і дазваляе радасна сведчыць пра Яго і прыпадабняцца да Яго.
Згодна з Евангеллямі, Езус паказвае прабітыя рукі і бок устрывожаным і спалоханым вучням.
Прамоўца прапанаваў вернікам паразважаць над пытаннямі: адкуль гэтая рэалістычнасць у апісанні? Чаму Хрыстус з’яўляецца з ранамі на целе? І сам падаў цікавую і глыбокую інтэпрэтацыю паводле святога Антонія Падуанскага: Бог запісаў імя кожнага чалавека на далонях Хрыста, у якасці чарніла выкарыстаўшы Кроў Езуса, а ў якасці пяра — цвікі…
«”Вось, Я выгравіраваў цябе на далонях Маіх” (пар. Іс 49, 16), таму Езус паказвае свае далоні, каб засведчыць сваю нязменную Міласэрнасць. Гэта пасланне не для другога прыйсця, калісьці там у Парузіі, але для нашага цяперашняга моманту»,
— адзначыў арцыбіскуп Станеўскі.
Іерарх нагадаў, што Бог блізкі да чалавека і сёння, Ён не забыўся пра гэты свет, і назваў вернасць Божую самай лепшай страхоўкай для чалавека. Бога не расчароўвае чалавечая слабасць — Творца верны чалавеку незалежна ад яго пачуццяў, Ён першы падае руку, бо Ён — Айцец.
Ведаючы і моцна верачы ў гэта, паводле прамоўцы, нельга не сведчыць аб гэтым іншым.
«Бог чакае ад нас, што мы станем Яго сведкамі — сведкамі Уваскрослага Хрыста ў мітусні гэтага свету»,
— заклікаў вернікаў да дзеяння Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.
Наступнай часткай цэлебрацыі стала літургія хросту, падчас якой супольнасць Касцёла прыняла новага члена — Агату, а ўсе астатнія вернікі аднавілі абяцанні, дадзеныя на ўласным хросце імі самімі або іх бацькамі.
Завяршылася Пасхальная вігілія Эўхарыстычнай літургіяй і ўрачыстым благаслаўленнем.























































































