
4 красавіка, у Вялікую cуботу, у катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ў Магілёве адбылася ўрачыстая Пасхальная Вігілія. Літургію ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і адказны за Магілёўскі рэгіён біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Разам з ім канцэлебравалі пробашч парафіі ксёндз Уладзімір Русак і вікарый ксёндз Аляксандр Улас.
Асаблівай інтэнцыяй гэтай ночы стала малітва за Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, які ў гэты дзень адзначаў свой дзень нараджэння. Біскуп Аляксандр, святары і ўсе вернікі ад усяго сэрца ўзносілі малітвы, просячы Бога аб здароўі, мудрасці і Божым благаслаўленні ў служэнні Касцёлу.
«Няхай Уваскрослы Пан адорыць Вас, дарагі Мітрапаліт Юзаф, моцай Духа Святога, радасцю сэрца і святлом, якое вядзе Божы народ да надзеі»,
— прагучала ў віншаваннях біскупа падчас урачыстасці.
У сваёй гаміліі біскуп Аляксандр падкрэсліў, што «Пасхальная ноч — гэта момант, калі радасць перамагае смутак, а святло канчаткова трыумфуе над цемрай. Учора вернікі перажывалі Муку Пана, але сёння — у ноч Уваскрасення — сэрцы напаўняюцца надзеяй».
Іерарх адзначыў, што ўваскрасенне Хрыста — гэта не проста падзея мінулага, але рэальнасць, якая працягвае дзейнічаць у жыцці кожнага чалавека: «Хрыстус, які ўпаў у воды смерці, пераможна ўздымаецца з ночы магілы, адкрываючы людзям шлях да новага жыцця. Святло Уваскрослага ўжо не згасне, нават калі свет ахопліваюць цені — войны, падзелы, страх, нянавісць. Але ў кожнай цемры ёсць людзі, якія становяцца «маленькімі свечкамі»: тыя, хто дапамагае, лечыць, падтрымлівае, захоўвае веру».
Біскуп падкрэсліў, што ўваскрасенне — гэта не толькі перамога Хрыста, але і пачатак новага стварэння, якое ўжо прысутнічае ў чалавеку праз Эўхарыстыю.
«Мы носім у сабе пачатак новага свету, нават калі ён яшчэ схаваны пад выглядам знака», — сказаў ён. Асаблівую ўвагу пастыр звярнуў на тых, хто прымае хрост падчас Пасхальнай Вігіліі. Ён параўнаў гэты сакрамэнт з выхадам чалавека з вады на бераг: той самы, але ўжо абноўлены, ачышчаны, з новым дыханнем. «Хрост — гэта рэальны ўдзел у смерці і ўваскрасенні Хрыста, пачатак жыцця, якое не заканчваецца смерцю».
Іерарх заахвоціў вернікаў пакінуць духоўную пасрэднасць і адкрыць сэрца прыгажосці Бога, якая ззяе на твары Уваскрослага. Вера, паводле яго слоў, — гэта тое, што разганяе страх і нараджае сапраўдную радасць.
Ён прывёў прыклад Марыі Магдалены і вучня, які пазнаў Хрыста ў пустой магіле:
«Так і мы павінны ўзняць свой дух да таго, што вышэй за нашы штодзённыя клопаты, каб убачыць прысутнасць Бога там, дзе іншыя яе не заўважаюць».
Перад благаслаўленем вернікі ад усяго сэрца павіншавалі біскупа Яшэўскага і святароў парафіі з Вялікаднем, дзякуючы ім за служэнне і за тое, што яны разам з супольнасцю сведчаць пра святло і надзею ўваскрасення.
У завяршэнне біскуп Аляксандр пажадаў усім прысутным, каб святло Уваскрослага Пана асвяціла іх шлях, мір Хрыстовага сэрца напоўніў дамы, а Ягоная радасць адрадзіла тое, што «стамілася» ў душы. «Благаслаўлёнай і радаснай Пасхі! Хрыстос уваскрос — сапраўды ўваскрос! Аллелюя!»















































