
На 12 красавіка, ІІ Велікодную нядзелю, якая была ўстаноўлена святым папам Янам Паўлам ІІ як свята Божай Міласэрнасці, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Старшыня ККББ, кіруе вернікам сваё пастырскае слова.
Пастырскае слова
Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага
арцыбіскупа Юзафа Станеўскага
на Нядзелю Божай Міласэрнасці
«Не зведае чалавецтва спакою, пакуль не звернецца да крыніцы Маёй міласэрнасці…»
(Дзённік, 699)
Умілаваныя браты і сёстры ў Хрысце!
Сёння, у другую Велікодную нядзелю, Каталіцкі Касцёл адзначае свята Божай Міласэрнасці, якое 26 гадоў таму ўстанавіў святы Ян Павел ІІ. Божая Міласэрнасць, безумоўна, з’яўляецца Божай таямніцай. Менавіта так казаў пра яе Пан Езус у аб’яўленнях святой сястры Фаўстыне. Гэтыя словы паўтараў і вялікі шанавальнік Божай Міласэрнасці cвяты Ян Павел II, які заклікаў: «Трэба ўсё больш адкрываць таямніцу Божай Міласэрнасці і жыць ёю кожны дзень».
Мы можам сказаць, што кожны чалавек — нябесны мільянер, бо, як дзіця Божае, ён мае багатага Айца на нябёсах. Айцец наш вельмі багаты, багаты ўсемагутнасцю, багаты справядлівасцю, але найбольш багаты міласэрнасцю — найдасканалейшай уласцівасцю Творцы.
Міласэрнасць — найважнейшая, найвялікшая ўласцівасць Бога. Нядзеля Міласэрнасці, якая сёння адзначаецца ў Касцёле, нагадвае нам пра гэта. Калі чалавек звяртаецца да Божай міласэрнасці, калі ён моліцца, просячы: «Змілуйся нада мною», ён не проста просіць аб прабачэнні грахоў. Ён моліцца менавіта аб надзеі, аб міры, аб вызваленні ад страху, аб тым, каб знайсці сваё месца ў жыцці, каб знайсці моцную веру. Для многіх хрысціян Божая міласэрнасць асацыюецца амаль выключна з прабачэннем грахоў, выдаленнем зла і яго наступстваў з нашага жыцця. Такое разуменне праўды пра Божую міласэрнасць вельмі абмежаванае, далёка не поўнае. Міласэрны Бог здзяйсняе ў нас значна большыя рэчы, чым проста вызваляе нас ад зла. Ён упарадкоўвае нашую маральнасць і выпраўляе нашыя паводзіны. Божая міласэрнасць стварае ў нас новае жыццё, перамяняе нашае існаванне, развівае яго, робіць яго значным і плённым.
Мае дарагія. Разважаючы пра Бога як пра «Айца, багатага на міласэрнасць» (пар. Эф 2, 4), мы павінны быць гатовыя праявіць міласэрнасць да ўсіх, хто ўчыніў зло, але пакаяўся ў сваіх грахах і просіць у нас прабачэння. Езус даў нам малітву «Ойча наш», дзе словы «і адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым» сведчаць пра лёс нашай вечнасці. Таму мы павінны паразважаць над сваёй здольнасцю прабачаць. Часта, на жаль, мы чуем ад некаторых людзей: «Я ніколі не дарую тое, што яны мне ўчынілі». Тымчасам, як зазначаў папа Францішак, «калі ты не прабачыш, Бог не прабачыць табе, ты зачыняеш дзверы. Давайце падумаем, ці здольныя мы прабачаць, ці мы не можам прабачыць».
Менавіта таму, што кожны хрысціянін атрымаў ад Бога ласку прабачэння за свае грахі, ён можа «напісаць гісторыю дабра ў жыцці сваіх братоў і сясцёр, асабліва тых, хто зрабіў ім нешта дрэннае і няправільнае. (…) Словам, абдымкамі, усмешкай мы можам перадаць іншым самае каштоўнае, што атрымалі: прабачэнне». Але, безумоўна, трэба мець на ўвазе, што міласэрнасць — гэта не паблажлівасць.
«Нідзе ў евангельскім пасланні ні прабачэнне, ні міласэрнасць, як яго крыніца, не азначаюць паблажлівасці да зла, да амаральнасці, крыўды ці ўчыненай знявагі. У кожным выпадку ўмовай прабачэння з’яўляецца выпраўленне зла, амаральнасці, кампенсацыя за крыўду і за знявагу»
(Ян Павел ІІ. Dives in Misericordia, 14).
У 1930-я гады праўда пра Божую міласэрнасць прагучала з яснасцю і сілай дзякуючы аб’яўленням Езуса Хрыста сястры Фаўстыне Кавальскай. Гэта быў вельмі цяжкі час для хрысціян. Ён адзначыўся пераследам і мучаніцтвам вялікай колькасці вернікаў, святароў і свецкіх людзей у розных краінах. З аднаго боку, назіралася жахлівае панаванне зла і нянавісці, а з другога — па волі самога Хрыста — пачало распаўсюджвацца пасланне пра Божую міласэрнасць. Дарэчы, 95 гадоў таму Езус Міласэрны першы раз аб’явіўся сястры Фаўстыне. Тое, што святая Фаўстына ўбачыла ў сваёй келлі 22 лютага 1931 года падчас свайго знаходжання ў Плоцку, у пэўнай ступені нагадвала сустрэчу Уваскрослага Хрыста з апосталамі, асабліва са святым Тамашам. Хоць сястра Фаўстына не бачыла ранаў Хрыста і не ўкладвала рукі ў Ягоны бок, яе ўразіла незвычайнае святло, якое выплывала з Сэрца Езуса, прабітага дзеля нас і дзеля нашага збаўлення. «Вечарам, калі я была ў келлі, — чытаем у Дзённіку, — я ўбачыла Пана Езуса, апранутага ў белае адзенне. Адна Яго рука была ўзнятая для благаслаўлення, а другая дакраналася да адзення на грудзях. Са складкі на грудзях сыходзілі два вялікія прамяні: адзін чырвоны, а другі — бледны. Моўчкі я ўглядвалася ў Пана, мая душа была ахоплена бояззю, але і вялікай радасцю. Праз хвіліну Езус сказаў мне: “Намалюй абраз паводле выявы, якую ты бачыш, з подпісам: Езу, давяраю Табе. Прагну, каб гэты абраз быў шанаваны найперш у вашай капліцы і ва ўсім свеце. Я абяцаю, што душа, якая будзе ўшаноўваць гэты абраз, не загіне. Абяцаю таксама ўжо тут, на зямлі, перамогу над непрыяцелямі, асабліва ў гадзіну смерці. Я сам буду ахоўваць яе як сваю хвалу» (Дз., 47-48).
На абразе Міласэрнага Хрыста Збаўца паказаны з ранамі, якія Ён атрымаў, паміраючы на крыжы. Аднойчы Пан Езус сказаў святой сястры Фаўстыне: «Калі вы не верыце Маім словам, то паверце прынамсі маім ранам (…). Калі мая смерць не пераканае чалавека ў маёй любові, то што яго пераканае?»
Справа адкуплення Хрыста была настолькі дарагою, што Ён заплаціў за яе найвышэйшую цану — аддаў сваё жыццё. Чалавек сам па сабе не можа купіць міласэрнасць самастойна, бо ён быў адкуплены не срэбрам ці золатам, а каштоўнай Крывёю Хрыста. Таму Божая міласэрнасць для нас бясплатная. Але не кожны яе атрымае, бо яе можна прыняць толькі з пакорным і скрушаным сэрцам.
Любая моладзь. Ёсць адна цікавая песня на англійскай мове. У ёй — напамін пра тое, што «міласэрнасць Божая аднаўляецца кожную раніцу». Тэкст гэтай песні літаральна ўзяты са старонак Святога Пісання, з кнігі Плачу Ераміі. «Літасць Пана ніколі не заканчваецца, міласэрнасць Ягоная трывае навекі. Яна аднаўляецца кожную раніцу…» (пар. Пл 3, 22-23).
Гэта, хіба, адны з найбольш суцяшальных і падбадзёрваючых словаў, якія вы знойдзеце ў Бібліі. Божая любоў і міласэрнасць не толькі ніколі не скончацца, але і аднаўляюцца кожную раніцу. Якая можа быць большая надзея для нас?
Дарагі юнак, дарагая дзяўчына. Якія б перыпетыі лёсу не выпрабоўвалі б цябе, памятай, што Божая любоў да цябе пастаянная, нязменная і бязмежная. Яна не толькі не змяняецца, але і гарантаваная нам, гэта значыць, яна нават не падлягае абмеркаванню ці дыскусіі. Бог не зменіць свайго рашэння адносна любові да цябе. Ён любіць цябе, і гэта канчаткова і без сумнення. Яго любоў да цябе не зменіцца. У Бога ніколі не ўзнікала і не ўзнікне ніякая думка ці спакуса, каб перастаць любіць цябе. Гэты фрагмент з Плачу Ераміі нагадвае нам, што нязменная Божая любоў ніколі не знікае, а міласэрнасць Яго ніколі не заканчваецца… Чаму? Бо міласэрнасць Божая вынікае з любові Бога. А паколькі Яго любоў ніколі не скончыцца, то і міласэрнасць Яго ніколі не скончыцца. Адзіная прычына, па якой гэта магчыма, — гэта Яго нязменная любоў да цябе. Такім чынам, Божая міласэрнасць да цябе не толькі ніколі не скончыцца, але яна ніколі не знікне, ніколі не зменшыцца, ніколі не надакучыць, ніколі не згіне, ніколі не падмане, ніколі не будзе ў руінах, паколькі Бог вечны і таксама вечная Яго міласэрнасць, якая нарадзілася з Яго непарушнай любові да цябе.
Міласэрнасць Божая не заканчваецца ніколі, яна аднаўляецца кожную раніцу, як бы мы сябе не паводзілі, якімі грэшнымі не былі б. Міласэрны Бог беражэ нас і прагне весці нас да шчаслівай вечнасці шляхам любові і прабачэння. Міласэрнасць аднаўляецца кожную раніцу, але і мы павінны таксама імкнуцца праяўляць любоў да Бога і бліжняга, пачынаючы свой дзень.
Усемагутны Бог заўсёды дае нам надзею і чакае таксама нашага аднаўлення ў Хрысце. Дзеля нас Ён згадзіўся на пакуты, дзеля нас пайшоў на Крыж, дзеля нас уваскрос, перамогшы смерць. Усё дзеля адной мэты — збаўлення свету.
Святая Фаўстына старалася запаліць Божай любоўю і міласэрнасцю як мага больш людзей. У нас ёсць магчымасць чытаць яе «Дзённік» — пасланне Божай міласэрнасці на роднай мове, маліцца Вяночак да Божай Міласэрнасці, выпрошваючы неабходныя для нас і нашых родных ласкі. І, безумоўна, аднавіць нашыя духоўныя сілы і ўмацаваць нас у веры дапаможа поўны і годны ўдзел у Эўхарыстыі. Святая Імша — гэта як «трон міласэрнасці», на якім Езус ахвяруе сябе за жыццё свету, робячы Божую міласэрнасць даступнай для кожнага чалавека. Святы Ян Павел II заклікаў: «Даверся Богу. Перастань баяцца. Даверся Богу, які багаты на міласэрнасць. Хрыстус ёсць з табою, нязменны Даўца надзеі».
Мае любыя. Сёння адзначаецца свята Божай Міласэрнасці — асаблівы дзень, калі нават самыя вялікія грэшнікі могуць стаць на шлях праведнасці. «Дачка мая, — гаварыў Езус сястры Фаўстыне, — кажы ўсяму свету пра Маю неспасцігальную міласэрнасць. У гэты дзень адкрытыя глыбіні Маёй міласэрнасці. Тая душа, якая прыступіць да споведзі і святой Камуніі, атрымае поўнае адпушчэнне правінаў і караў. У гэты дзень адкрытыя ўсе Божыя каналы, па якіх сыходзяць ласкі; няхай не баіцца наблізіцца да Мяне ніводная душа, нават калі б яе грахі былі, як пурпур…» (Дз., 699). Бог так любіць чалавека, што рознымі спосабамі клапоціцца пра тое, каб мы адчулі Яго міласэрнасць, Яго любоў, радасць і глыбокі спакой, каб пазбавіліся ад розных праяваў страху, каб у нашых душах знікла роспач і заяснела надзея.
Таму, дзякуючы за бязмежную любоў Езуса да нас, просім міласэрнага Збаўцу благаславіць наш Касцёл, усіх вернікаў і ўвесь наш народ.
Тваёй Міласэрнасці, наш Нябесны Ойча, давяраем лёс свету і кожнага чалавека. Дазволь усім жыхарам зямлі спазнаць Тваю Міласэрнасць, злітуйся над намі і захавай свет ад знішчэння. Будзь міласэрны да нас і да ўсяго свету! Езу Хрыстэ, давяраемся Табе і спадзяемся на Тваю Міласэрнасць! Маці Міласэрнасці, Маці нашай надзеі і нашай будучыні, цалкам Табе аддаемся і даручаем Тваёй апецы наш лёс, лёс нашай краіны, лёс усяго свету.
Давяраючы ўсіх нас Божаму Провіду і Яго Міласэрнасці, шчырым сэрцам благаслаўляю: У імя Айца і Сына, і Духа святога. Амэн.
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Мінск, 3 красавіка 2026 г.
Вялікая Пятніца Мукі Пана







