Пошук

11.04.2026 10:17   Catholic.by

Ікона «Уваскрасенне Хрыстова»

З нагоды свята светлага Хрыстова Уваскрасення арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, кіруе віншаванні Мітрапаліту Веніяміну, Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі, і ўсім вернікам праваслаўнага веравызнання.

Ваша Высокапраасвяшчэнства
                                                           Уладыка Веніямін
                                                           Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі
                                                           Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі

Дарагія браты і сёстры ва Уваскрослым Хрысце!

Хрыстос уваскрэс!

Дарагія браты і сёстры, ад усёй душы віншую Вас з вялікай і радаснай падзеяй — са святам светлага Хрыстова Уваскрасення!

Пасха Гасподня, якую мы адзначаем, ёсць свята перамогі Жыцця над смерцю. Той, Хто ёсць само Жыццё, аддаў Сябе ў халодныя абдымкі смерці, апусціўся ў змрочныя глыбіні пекла дзеля таго, каб знайсці там чалавека і вызваліць яго ад улады граху і д’ябла. Смерць паглынула Жыццё, але сама аказалася пераможаная Жыццём, не здолеўшы ўтрымаць Таго, Хто даў быццё ўсяму існаму.

Уваскрасенне Хрыста — гэта фундамент нашай веры, гэта крыніца моцы і перамянення нашага жыцця. Яно напаўняе наша існаванне ў гэтым свеце сэнсам, дае веру ў будучае.

Уваскрасенне Хрыста — гэта наша надзея, гэта надзея ўсяго чалавецтва і ўсяго свету.

Вера наша аб Уваскрослым Хрысце натхняе нас на міласэрнасць, спачуванне, любоў і тым самым пераўтварае ўвесь лад нашага жыцця, асвячае кожную справу, умацоўвае ў подзвігах цярпення і служэння бліжнім. Яна навучае нас бачыць у кожным чалавеку вобраз Божы, пазнаваць у церпячым пакуты Гасподнія, у тым, хто мае патрэбу, — кліч Самога Збавіцеля.

У гэты вялікі і радасны дзень шчыра жадаю ўсім Вам дапамогі Божай і Божага благаславення, здароўя, спакою і дастатку, шчасця і дабрабыту. Няхай у сем’ях заўсёды пануе любоў і ўзаемаразуменне, а ў душах — неўміручая пасхальная радасць. Няхай гэта радасць умацоўвае ў нашых сэрцах веру, надзею, любоў і да Бога, і да ўсіх людзей, якія вакол нас.

З Пасхай Гасподняй!
Сапраўды Хрыстос уваскрэс!

✠ Арцыбіскуп Іосіф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця