Пошук

28.10.2025 14:42   Паводле: church.by

Фота: church.by

27 кастрычніка ў Мінску адбылася сустрэча спецыяльнага пасланніка Льва XIV кардынала Клаўдыё Гуджэроці, Прэфекта Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў, і Апостальскага нунцыя ў Рэспубліцы Беларусі арцыбіскупа Іньяцыё Чэффаліа з Патрыяршым Экзархам ўсяе Беларусі Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Веніямінам. Кардынал Клаўдыё Гуджэроці прыбыў у Беларусь па даручэнні Папы, каб узначаліць урачыстасці з нагоды 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь.

Як падае афіцыйны партал Беларускай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхату church.by, у пачатку сустрэчы Мітрапаліт Веніямін павіншаваў кардынала Клаўдыё Гуджэроці з 70-годдзем з дня нараджэння, якое ён адзначыў 7 кастрычніка бягучага года. У прывітальным слове Экзарх падкрэсліў, што кардынала добра ведаюць у Беларусі і цэняць яго намаганні па ўмацаванні пазітыўнага вобразу нашай краіны за мяжой.

Даведка: на працягу 4 гадоў, з 2011 па 2015 гады, Клаўдыё Гуджэроці з'яўляўся Апостальскім нунцыем у Беларусі, у 2023 годзе ў якасці спецыяльнага пасланніка Папы Францішка прысутнічаў на ўрачыстасцях з нагоды 25-годдзя каранацыі Будслаўскага абраза Маці Божай.

7 сакавіка 2017 года «За значны асабісты ўклад у развіццё культурнага супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Ватыканам» ён быў узнагароджаны ордэнам Францішка Скарыны.

У ходзе гутаркі бакі абмеркавалі актуальныя пытанні, якія ўяўляюць узаемную цікавасць. Была адзначана станоўчая роля ўзаемадзеяння паміж Беларускай Праваслаўнай Царквой і Рыма-каталіцкім Касцёлам, якое склалася яшчэ з часоў Мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева), першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Бакі пагадзіліся, што вельмі важна захоўваць добрыя і даверлівыя адносіны ва ўмовах няпростай сітуацыі ў свеце. Важным фактарам з'яўляецца тое, што менавіта хрысціяне, як паслядоўнікі Езуса Хрыста, пакліканы паказваць у гэтым добры прыклад ўсяму свету.

У ходзе размовы, якая праходзіла ў даверлівай і паважлівай атмасферы, была таксама разгледжаная тэма магчымасці візіту Папы Рымскага Льва XIV у Рэспубліку Беларусь. 

Кіраўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы адзначыў, што візіт Папы ў любую краіну ― асаблівая падзея. Папа з'яўляецца не толькі кіраўніком дзяржавы Ватыкан, але адначасова кіраўніком найбольшай хрысціянскай канфесіі. Яго візіт закліканы несці дух міру, згоды, узаемаразумення і павагі мясцовых асаблівасцяў і традыцый.

У Беларусі адносіны Царквы і Касцёла складваюцца станоўчым чынам, нягледзячы на папярэднія складаныя перыяды ў айчыннай гісторыі. Бакі пагадзіліся, што неабходна ўлічваць факт таго, што ў краіне большасць веруючага насельніцтва належыць да Беларускай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхату, і важна, каб тэма візіту абмяркоўвалася таксама са Свяцейшым Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам і з улікам меркавання Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы. 

Удзельнікі сустрэчы адзначылі, што для жыхароў Беларусі ва ўмовах абвастрэння міжнароднай абстаноўкі, асабліва ўздоўж яе заходняй і паўднёвай межаў, важна ўмацоўваць добрасуседскія адносіны з дзяржавамі, захоўваць у краіне міжканфесійны мір, узаемаразуменне і павагу паміж людзьмі, абапіраючыся на шматвяковы вопыт духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народу.

Абноўлена 28.10.2025 20:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа