У нядзелю 5 красавіка біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй цэлебраваў у катэдры святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне ранішнюю Імшу ўрачыстасці Уваскрасення Пана.
Літургіі папярэднічала рэзурэкцыйная працэсія з удзелам вялікай колькасці вернікаў, якая прайшла па вуліцах горада.
У гаміліі біскуп адзначыў, што, у адрозненне ад цяперашняга радаснага ўспрымання Вялікадня, самая першая велікодная раніца, калі Езус Хрыстус уваскрос, была сумнай і страшнай для тых, хто Яго любіў, — бо яны яшчэ не ведалі пра ўвакрасенне. Пасля смерці Хрыста «ў іх сэрцах згас слабы агеньчык надзеі, пасялілася цемра смутку, трывогі і болю», і «ў тую раніцу Марыя Магдалена ішла да магілы Езуса ў такім жа настроі, у якім і мы ідзём на могілкі праз некалькі дзён пасля пахавання нашых самых дарагіх людзей».
Біскуп звярнуў увагу на дзеянні Марыі Магдалены, апосталаў Пятра і Яна: «Марыя Магдалена бачыць, што камень, якім быў закрыты ўваход у магілу, адсунуты»; «яна не заглядае ў магілу, не спрабуе даведацца, хто і для чаго адсунуў камень, а толькі бяжыць да Пятра і Яна і паведамляе ім тое, што здаецца адзіным лагічным тлумачэннем: “Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе паклалі Яго”»; «Ян, маладзейшы, прыбег да магілы першы, убачыў, што ляжаць палотны, але не ўвайшоў унутр».
Ён не асмеліўся ўвайсці, хацеў пачакаць Пятра, які карыстаўся большым аўтарытэтам сярод вучняў. Калі Пётр прыйшоў і першы ўвайшоў унутр, ён убачыў палотны, якія там ляжалі, і хусту, якая была на галаве Езуса. Увайшоў таксама і Ян і ўбачыў тое ж. «Убачыў і паверыў».
«Як жа блізкія нам апосталы, якія паступова, павольна, з вялікім унутраным супраціўленнем, з ваганнем і няўпэўненасцю адкрываюць для сябе праўду аб уваскрасенні Хрыста. Парадаксальна, але гэтыя цяжкасці веры апосталаў сведчаць на іх карысць. Яны паказваюць нам, што апосталы не былі наіўнымі прастакамі, якія распавядалі направа і налева якіясьці непраўдзівыя, неверагодныя гісторыі. Ім сапраўды цяжка было паверыць, што Хрыстус уваскрос, і толькі калі яны самі моцна паверылі ў факт уваскрасення, то пачалі казаць пра гэта іншым»,
— заўважыў біскуп.
«Нам таксама цяжка паверыць ва ўваскрасенне. Можа, нават не столькі паверыць, што ўваскрасенне Хрыста мела месца, колькі жыць гэтай верай кожны дзень. Таму мы так часта дазваляем, каб нас прыгняталі пакуты і смутак, даем агарнуць нас неспакою і страхам, так лёгка паддаёмся засмучанасці і расчараванню і нават упадаем у безнадзейнасць і роспач. Аднак праўда пра ўваскрасенне — гэта не адарваная ад жыцця тэорыя. Яна закранае непасрэдна кожнага з нас, дазваляе нам адкрыць сапраўдны сэнс нашага жыцця. Гэтая праўда абавязвае нас», — сказаў іерарх.
«Кожны з нас уваскрасае, калі адкрывае сэрца на “тое, што ў вышынях”, значыць на справы добрыя і святыя. Мы ўваскрасаем, калі знішчаем у сабе нянавісць і помсту, пагарду і ганарыстасць, несправядлівасць і няпраўду. Уваскрасаем, калі сустракаем прыйсце Пана ў малітве і святых сакрамэнтах, Божым слове і цішыні эўхарыстычнай адарацыі. Уваскрасаем, калі, перамагаючы ўласны эгаізм і абыякавасць, заўважаем патрэбы нашых братоў і спяшаемся да іх з бескарыслівай дапамогай. Уваскрасаем кожны раз, калі ў нашых сэрцах зло перамагаецца любоўю»,
— дадаў біскуп.
Ён патлумачыў, што жыць велікоднай духоўнасцю азначае быць «на здаровай дыстанцыі адносна зямнога і прыземленага»; так, па яго словах, той, хто стаіць на вяршыні гары, апынаецца на дыстанцыі ад зямных клопатаў, «цяжкія справы, якія да гэтага часу непакоілі, ужо не здаюцца страшнымі, смутак і жаль праходзяць, а тое, што, здавалася, трэба вырашыць найхутчэй, аказваецца, можа спакойна пачакаць».
«Пустая магіла Хрыста заклікае кожнага з нас: перастань баяцца, клапаціцца аб дробязях, стань адважным, усміхніся і вытры слёзы. Нягледзячы на змучанасць рознымі асабістымі цяжкасцямі і паражэннямі, нягледзячы на штодзённыя навіны, якія зусім не напаўняюць аптымізмам, на ўяўнае бяссілле перад велізарнасцю чалавечых пакутаў, несправядлівасці, крывадушнасці і ўсяго зла гэтага свету — памятай, што трыумф зла не будзе доўжыцца вечна», — сказаў біскуп. Ён працытаваў словы Папы Льва XIV: «Уваскрослы пастаянна нагадвае нам аб тым, каб мы маглі быць Яго сведкамі нават там, дзе гісторыя чалавецтва не бачыць святла на гарызонце».
Біскуп пажадаў вернікам «мець адвагу для таго, каб быць сведкамі Хрыста Уваскрослага, абвяшчаць Яго перамогу словам і ўчынкам, перамяняць свет сілай надзеі».
У канцы літургіі пробашч катэдральнай парафіі ксёндз канонік Ян Кучынскі падзякаваў біскупу за цэлебрацыю ў катэдры набажэнстваў Пасхальнага Трыдууму і Велікоднай нядзелі.























