Пошук

03.10.2023 13:37   Тэкст: с. Яна Аляксеева CSSH / Фота: Міхаіл Лагун / Catholic.by

1 кастрычніка Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі ў парафіі святога Антонія ў Слуцку (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Нясвіжскі дэканат).

Дваццаць чатыры асобы, моладзь і дарослыя, прынялі сакрамэнт канфірмацыі, пацвярджаючы такім чынам сваё жаданне цалкам належаць Езусу Хрысту і быць Яго вернымі сведкамі ў сучасным свеце.

Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў біскуп Юрый Касабуцкі. Разам з ім пры алтары маліліся пробашч парафіі святога Антонія ў Слуцку айцец Аляксей Рамановіч OFM, айцец Стэфан Пупейка OFM і айцец Натанаэль Войтала OFM з Асіповічаў.

У гаміліі пастыр нагадаў, што апосталы толькі пасля Пяцідзесятніцы з адвагай пачалі абвяшчаць Евангелле і мужна вызнаваць сваю веру. Іерарх падкрэсліў, што кожны чалавек слабы, таму патрабуе дароў Духа Святога, якія вернікі атрымліваюць у сакрамэнце канфірмацыі.

«Мы прагнем Духа Святога для мужнага вызнавання веры і для жыцця ў праўдзе»,

— адзначыў біскуп.

Іерарх звярнуў увагу на тое, што ў сакрамэнце канфірмацыі Бог дае вернікам сем дароў Духа Святога, але звычайна людзі не карыстаюцца гэтым напоўніцу. Біскуп параўнаў такія паводзіны з момантам, калі чалавек атрымлівае прыгожа запакаваны падарунак, не адкрывае яго і адкладае ў бок.

«Падобнае адбываецца з дарамі, якія мы атрымліваем ад Пана Бога: нам неабходна карыстацца імі, супрацоўнічаць з Божай ласкай і маліцца да Духа Святога»,

— падкрэсліў іерарх.

Пастыр заахвоціў усіх прысутных быць адважнымі сведкамі Езуса Хрыста і імкнуцца да святасці ва ўласным жыцці, а таксама распавёў пра сэнс сакрамэнта канфірмацыі. «Намашчэнне алеем — гэта „пячатка“ Духа Святога, бо „канфірмацыя“ з лацінскай мовы перакладаецца як „умацаванне“; пацверджанне нашай прыналежнасці Езусу Хрысту. Гэта нашая згода на тое, каб Езус Хрыстус кіраваў нашым жыццём», — дадаў біскуп Юрый Касабуцкі.

 

Абноўлена 03.10.2023 17:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.