Пошук

16.02.2023 13:41   Тэкст і фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

11 лютага, ва успамін Маці Божай Люрдскай і Сусветны дзень хворага, вернікі парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Старых Дарогах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Нясвіжскі дэканат) сустрэлі копіі найбольш шанаваных на нашых землях Марыйных абразоў, якія перэгрынуюць па парафіях Беларусі.

На парозе навазбудаванага касцёла, які быў пасвячаны біскупам Юрыем Касабуцкім у 2021 годзе, Панну Марыю ў Яе цудадзейных выявах прывіталі тутэйшыя вернікі на чале са сваім душпастырам айцом Аляксеем Рамановічам OFM.

Доўгі час у Старых Дарогах не было ніводнай святыні. Ужо ў наш час спачатку ў горадзе з’явілася праваслаўная царква, а пазней, у 2014 годзе, быў закладзены падмурак і каталіцкага касцёла. Цяпер парафіяльная супольнасць мае сваю святыню, дзе ўзносяца малітвы да Бога і ўдзяляюцца святыя сакрамэнты. Апякуюца старадарожскай парафіяй айцы францішкане са Слуцка.

Падзяліць з мясцовымі вернікамі радасць гістарычнай падзеі для супольнасці прыбыў таксама іх сабрат, айцец Натанаэль Войтала OFM з Асіповічаў.

Вітаючы Найсвяцейшую Панну Марыю ў дзень Яе ўспаміну, звязанага з аб’яўленнямі Багародзіцы ў Люрдзе, што ў Францыі, айцец Аляксей звярнуў увагу на тое, што Марыя выбрала таксама нашую краіну, каб аб’явіцца і прабываць з намі ў цудатворных абразах, здаўна шанаваных на беларускай зямлі і католікамі, і праваслаўнымі. «Ты пакінула сваё аблічча, каб мы памяталі, што Ты заўсёды з намі: у смутку, у цярпенні і радасці. Углядаючыся ў Тваё аблічча на абразах, мы хочам памятаць, што Ты ніколі нас не пакідаеш. Ты прыходзіш, каб даць нам надзею, узмоцніць нашую веру, быць з намі ў кожную хвіліну нашага жыцця», — сказаў душпастыр.

Перэгрынацыя копій цудадзейных абразоў Маці Божай стала ў Беларусі адным з важных пунктаў духоўнай дзесяцігадовай падрыхтоўка да вялікага Юбілею 2000-годдзя Адкуплення чалавецтва, які будзе адзначацца ў 2033 Святым годзе.

Яе арганізатары спадзяюцца, што сустрэча з Марыяй у Яе цудатворных іконах кожнаму дасць сілы ў зямной пілігрымцы на шляху да неба.

Калі абразы былі ўрачыста ўнесены ў старадарожскую святыню, таксама пасвячаную ў гонар Маці Божай, там распачалася святая Імша ў інтэнцыі міру ў свеце, у нашай краіне і ў нашых сем’ях. Цэлебрацыю ўзначаліў духоўны апякун перэгрынацыі ксёндз Станіслаў Станеўскі CSsR. У прамоўленай гаміліі святар нагадаў, што Марыя вучыць нас заўсёды згаджацца з Божай воляй. «Прыкладам свайго жыцця Яна паказвае нам, як сёння давяраць Пану Богу, хоць часам гэта бывае цяжка. У першую чаргу, Найсвяцейшая Панна нас заахвочвае, каб мы ўслухаліся ў голас Езуса Хрыста, каб мы пачулі Яго словы і наказы.

Марыя з’яўляецца прыкладам паслухмянасці Божаму Провіду і заахвочвае кожнага быць заўсёды з Езусам  Хрыстом. Калі будзем выконваць тое, што Бог хоча ад нас, будзем на добрай дарозе да Неба», — дадаў ксёндз Станіслаў.

У нядзелю, якая з’яўляецца днём Пана, копіі абразоў прыбылі са Старых Дарог у парафію святога Антонія ў Слуцку. Урачыста, пад марыйны спеў, слуцкія парафіяне прывіталі Маці Божую ў Яе іконах.

165 гадоў таму аб’яўленні Маці Божай святой Бэрнардэце Субіру ў Люрдзе адбываліся на працягу двух тыдняў.

Панна Марыя ў копіях цудадзейных абразоў таксама на працягу двух тыдняў будзе прабываць у слуцкім касцёле, заклікаючы мясцовых жыхароў да малітвы і навяртання.

У суботу 25 лютага а 9-й гадзіне раніцы там будзе цэлебравацца святая Імша падзякі, пасля чаго іконы скіруюцца ў наступную супольнасць Нясвіжскага дэканату — парафію Найсвяцейшай Тройцы ў Клецку.

            
Абноўлена 16.02.2023 16:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа