Пошук

16.08.2021 14:57   Тэкст: cястра Яна Аляксеева CSSH / Фота: бр. Корнэль Консэк SVD / Catholic.by

15 жніўня, ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі пасвяціў касцёл у Старых Дарогах (Нясвіжскі дэканат) — першую ў гісторыі горада каталіцкую святыню.

Нягледзячы на тое, што хрысціянства на гэтай зямлі існуе шмат стагоддзяў, у Старых Дарогах да 1992 года не было ніводнай святыні.

Пасля з’яўлення тут праваслаўнай царквы ў райцэнтры распачалося будаўніцтва таксама каталіцкага касцёла.

Пра ўзнікненне парафіі і гісторыю будаўніцтва касцёла ў Старых Дарогах распавёў напачатку ўрачыстасці пробашч парафіі айцец Аляксей Рамановіч OFM, які ў 1992 годзе распачаў тут руплівую душпастырскую дзейнасць, клапоцячыся перадусім пра пабудову жывога Касцёла. У 2014 годзе ў Старых Дарогах, нарэшце, была асвячана пляцоўка пад новую святыню і закладзены фундамент, а ў 2016 годзе арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч здзейсніў благаслаўленне і ўмураванне вуглавога каменя ў сцяну будучай святыні.

15 жніўня дзверы прыгожага касцёла Унебаўзяцца Найсвяцейшай Панны Марыі, які быў пабудаваны паводле праекта архітэктара Уладзіміра Гаралікава, адчыніў біскуп Юрый Касабуцкі. Святыню напоўнілі вернікі горада і госці са Слуцка, Асіповічаў, Салігорска, Любані, Капыля і іншых мясцін. Ва ўрачыстасці ўзялі ўдзел прадстаўнікі мясцовай улады і дабрачынцы.

«Храм — гэта знак Божай прысутнасці. Храм — гэта асаблівае месца Божага культу; месца, дзе адбываецца Эўхарыстыя», — падкрэсліў у прамоўленай гаміліі біскуп Касабуцкі. «Святыня — гэта не проста месца сустрэчы чалавека з Богам; гэта асаблівае месца, таму мы кажам сёння пра тое, што мы здзяйсняем кансэкрацыю. Гэта слова азначае змену сутнасці.

З моманту кансэкрацыі Касцёл — гэта дом Божы. Тут Гаспадаром з’яўляецца сам Хрыстус. Сёння мы перадаём гэты дом ва ўласнасць Богу. Ён належыць Яму. Тут, у гэтым месцы, назаўсёды пасяляецца Хрыстус», — сцвердзіў іерарх.

На заканчэнне гаміліі Генеральны вікарый архідыяцэзіі падзякаваў мясцовым уладам і ахвярадаўцам за дапамогу ў будаўніцтве святыні, сёстрам ядвіжанкам за руплівую працу, а асаблівую падзяку скіраваў айцам францішканам, якія на працягу многіх гадоў самаахвярна служаць на нашай зямлі, будуючы не толькі касцёлы з муроў, але і жывы Касцёл — парафіяльныя супольнасці вернікаў.

«Гэты храм не проста прыгожы — гэта жамчужына. Няхай ён будзе не толькі жамчужынай звонку, але жамчужынай духоўнай, у якой чалавек будзе сустракаць любячага міласэрнага Бога, Хрыста. <…> Няхай заўсёды ў гэтым храме будзе атмасфера прысутнасці Бога і няхай заўсёды Божае Слова гучыць ў гэтых сценах, каб мы ўсе сустрэліся ў Божым Валадарстве», — пажадаў усім прысутным біскуп Касабуцкі.

Пасля гаміліі вернікі праспявалі Літанію да ўсіх святых, просячы аб іх апецы над новай святыняй. У малітве пасвячэння касцёла і алтара біскуп урачыста прысвяціў храм выключнаму служэнню Богу, пасля чаго адбылося намашчэнне хрызмам алтара, які з гэтага моманту стаў сімвалам Хрыста, і сцен Касцёла. Гэта з’яўляецца знакам таго, што Касцёл мае Божае вымярэнне і дасягае ўсіх куткоў свету і кожнага чалавека.

З моманту пасвячэння касцёл з’яўляецца домам малітвы, і сімвалам гэтага для прысутных стала акаджванне святыні і вернікаў.

На заканчэнне абраду біскуп Касабуцкі зачытаў Дэкрэт аб пасвячэнні касцёла, які падпісалі ўсе прысутныя святары.

З радасцю і ўдзячнасцю ў сэрцы вернікі ўпершыню перажывалі Эўхарыстую ў новапасвячаным храме, які назаўсёды стаў Божым домам.

Парафіяне Старых Дарог шчыра дзякавалі біскупу Юрыю за прамоўленае Божае слова і за пасвячэнне касцёла, у якім яны могуць штодня ўзносіць свае малітвы. Асаблівую ўдзячнасць вернікі выказалі свайму шматгадоваму душпастыру айцу Аляксею Рамановічу OFM, чыімі намаганнямі паўстаў прыгожы храм, дзе кожны чалавек можа сустрэць Бога ў святых сакрамэнтах.

Абноўлена 16.08.2021 14:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця