
19 ліпеня ў санктуарыі Найсвяцейшай Панны Марыі з Гары Кармэль у Гудагаі (Гродзенская дыяцэзія, Астравецкі дэканат) распачаўся традыцыйны фэст у гонар цудадзейнага абраза Маці Божай Шкаплернай.
Цэлебрацыю вячэрняй святой Імшы на палявым алтары, якая распачынала фэст, узначаліў Генеральны сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі біскуп Юрый Касабуцкі. Разам з ім Эўхарыстыю канцэлебравалі арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, Віцэ-старшыня ККББ біскуп Алег Буткевіч, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, айцы кармэліты босыя, якія нясуць служэнне ў Беларусі, на чале з Рэгіянальным вікарыем айцом Пятром Фроштэгам OCD і іншыя святары.
Перад пачаткам Імшы ўсіх прысутных, якія прыбылі з розных дыяцэзій на Беларусі, прывітаў пробашч і кусташ санктуарыя Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі айцец Аркадзь Куляха OCD.
У прамоўленай гаміліі біскуп Касабуцкі звярнуў увагу на старадаўні гімн Flos Carmeli («Кветка Кармэлю»), спяваны перад Евангеллем, у якім «у гэтым Богам выбраным краі, у гэтым гудагайскім лесе» праслаўляецца Маці Божая. Звяртаючыся да прысутных пілігрымаў, ён сцвердзіў, што яны, здзейсніўшы «не проста падарожжа, а падарожжа ў імя Божае», прыйшлі, каб выпрошваць у Бога праз заступніцтва Марыі неабходныя ласкі.
Наступным чынам іерарх нагадаў слухачам пра юбілейны год хрысціянства, абвешчаны Папам Францішкам, у якім можна атрымаць поўны адпуст, наведваючы юбілейную святыню. Такой святыняй з’яўляецца касцёл у Гудагаі. Пастыр адзначыў, што гісторыя паўстання юбілейных гадоў у Касцёле мае свой пачатак у старажытным Ізраэлі, і ў сваіх разважаннях засяродзіўся на дэвізе, які спадарожнічае вернікам у перажыванні юбілейнага года: «Пілігрымы надзеі», вылучыўшы дзве катэгорыі: «пілігрымы» і «надзея».
«Пілігрымкай мы называем падарожжа, якое мае рэлігійную мэту і рэлігійнае значэнне»,
— так акрэсліў біскуп часта ўжываны ў санктуарыях рэлігійны тэрмін. Пры гэтым іерарх прыпомніў вернікам, што іхняе жыццё таксама з'яўляецца пілігрымкай. Ад зачацця, нараджэння і моманту хросту аж да біялагічнай смерці, нагадаў ён, мэтай жыцця веруючага чалавека ёсць дасягненне Божага Валадарства. Гэтаму спрыяе адпаведнае перажыванне юбілейнага года.
У Ізраэлі юбілейны год быў часам духоўнай падрыхтоўкі: трэба было дараваць бліжнім іх даўгі, выпусціць нявольнікаў на свабоду, прабачыць усе крыўды, падзяліцца хлебам з тымі, у каго яго не было.
Адносячыся да гэтага факту, пастыр звярнуў увагу, што Папа Францішак асаблівым чынам акцэнтаваў прабачэнне як спосаб плённага перажывання юбілейнага года. Выкарыстоўваючы прыклады з сусветнай літаратуры і штодзённага жыцця, біскуп Касабуцкі растлумачыў слухачам небяспеку так званай «кроўнай варажнечы», калі людзі станавіліся адзін аднаму ворагамі па нейкай прыкмеце, напрыклад, прыналежнасці да таго ці іншага роду. Адсюль яго акрэсленне юбілейнага года — «год прабачэння».
Наступнае акрэсленне юбілейнага года, якое прывёў пастыр, — «год адпустаў, год ласкаў Божых». Іерарх зазначыў, што вернікі могуць ахвяраваць адпуст не толькі за сябе, але і за душу, якая церпіць у чыстцы, тым самым заахвочваючы іх да духоўнай салідарнасці з памерлымі.
Далей біскуп засяродзіўся на другім слове сёлетняга дэвіза: «надзея». «Бо хрысціянства — гэта перш за ўсё рэлігія надзеі», — сцвердзіў ён, дадаючы, што «гэта не "сумная" рэлігія». «Езус узяў мае грахі, для мяне Ён памёр на крыжы, але для мяне і ўваскрос… З Яго ран праліваецца Кроў, але гэтая Кроў абмывае мяне з грахоў», — сказаў іерарх, адносячы гэтыя словы не толькі да сябе асабіста, але і да кожнага прысутнага на Імшы. Таму, паводле яго, веруючы чалавек, які прыбывае ў санктуарый, мае надзею на сустрэчу з Божай міласэрнасцю і выслуханне яго малітваў.
Пастыр заўважыў, што, хоць арыгінальны абраз Маці Божай Гудагайскай паволе сваіх фізічныях памераў невялікі, то духоўна ён «аграменны», бо «наша надзея дазваляе нам разумець, што Маці Божая прытуляе да свайго Сэрца не толькі маленькага Езуса, але… кожнага з нас». Таму вернікі без засцярогі могуць адкрыць перад Ёй свае сэрцы.
«Надзея не асароміць» — нагадаў назву папскага дакумента, які распачынаў год надзеі, біскуп Касабуцкі. Надзея, якая чэрпае моц з Уваскрослага Хрыста, дае чалавеку магчымасць здзейсніць учынак, які яго пераўзыходзіць, — шчыра прабачыць. Яна таксама дазваляе не паддацца сучасным тэндэнцыям, якія супярэчаць хрысціянскаму вучэнню, напрыклад, ідэалогіі «чайлдфры» (англ. child free), калі мужчына і жанчына, якія жывуць разам, або нават хрысціянскія сужонкі, якія шлюбаваліся ў Касцёле, не плануюць мець дзяцей, бо так лягчэй жыць.
«Вы прыйшлі да Бога і гэта вы — надзея Касцёла… вы — надзея сучаснага свету, — сказаў іерарх, звяртаючыся да прысутных. — Чалавек, які жыве з Богам і напоўнены надзеяй, сам становіцца надзеяй для іншых».
«Не саромейцеся рабіць дабро!»
— заклікаў пастыр і прывёў словы Папы Льва XIV, які, звяртаючыся да моладзі, загадаў ім «закасаць рукавы і прыступіць да працы», «сведчыць пра Хрыста, несці свету дабрыню, любоў і міласэрнасць».

На заканчэнне гаміліі біскуп Юрый Касабуцкі пажадаў, каб праз заступніцтва Маці Божай Шкаплернай, «Зоркі мора», Яе шанавальнікі сталіся «пуцяводнымі зорачкамі» і «праменьчыкамі надзеі» для бліжніх, якія дапамогуць ім адчуць дабрыню і цеплыню Бога, і самі напоўніліся «надзеяй, якая не асароміць».
Напрыканцы першай у шэрагу ўрачыстасцяў святой Імшы пастыр падзякаваў усім яе ўдзельнікам, асабліва музычнаму гурту Verbum Dei, які ўпрыгожваў літургію сваім спевам. Прыпамінаючы даўні звычай, які практыкаваўся падчас фэстаў, біскуп у жартаўлівай форме запрапанаваў яго ўдзельнікам пакаштаваць ледзянцоў у форме пеўнікаў, якія ён узяў з сабой, «каб ад доўгіх спеваў не пяршыла ў горле». Гэты жэст іерарха быў з радасцю прыняты не толькі ўдзельнікамі гурта, але і ўсімі прысутнымі.

Перад тым, як літургічная працэсія вырушыла ў накірунку касцёла, біскуп Касабуцкі, стоячы на каленях перад копіяй гудагайскага абраза Маці Божай, прамовіў адмысловую малітву, падчас якой кожны мог у цішыні сэрца далучыць свае інтэнцыі.
Пасля Імшы разам з братамі грэка-каталіцкага абраду прысутныя на ўрачыстасці праспявалі Акафіст у гонар Багародзіцы. Затым святары, манаскія асобы і вернікі вырушылі ў дарогу, каб з малітвай прайсці гудагайскі Крыжовы шлях па самай вялікай у Беларусі Кальварыі. Набажэнства ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч.



























































