
У нядзелю 20 ліпеня апоўдні адбылася святая Імша, якая завяршала Гудагайскі фэст у гонар Маці Божай Шкаплернай.
Узначаліў Эўхарыстыю арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. Разам з ім яе канцэлебравалі Віцэ-старшыня ККББ біскуп Алег Буткевіч, біскуп эмэрыт Аляксандр Кашкевіч, айцы кармэліты босыя на чале са сваім Рэгіянальным вікарыем айцом Пятром Фроштэгам OCD і шматлікія святары.
Перад распачаццем Імшы айцец Аркадзь Куляха OCD, пробашч гудагайскай парафіі і кусташ марыйнага санктуарыя, прывітаў удзельнікаў урачыстасці.
Затым арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў прысутным, што сёлетні фэст праходзіць пад знакам 35-годдзя аднаўлення служэння айцоў кармэлітаў ў гудагаскам санктуарыі, «дзе чалавечнасць спатыкаецца з Боскасцю». «Тут праз Марыю мы дакранаемся да крыніцы Божай ласкі, каб выратавацца з пандэміі грахоўнага каранавіруса, які пануе ў сучасным свеце», — сцвердзіў ён.

«У прамоўленай гаміліі арцыпастыр адзначыў, што ў гісторыі збаўлення было тры «fiat» — тры «так».
- Першае сказаў Бог, калі прыйшла «поўня часу».
- Другое сказаў Сын Божы, каб выканаць Божую волю і збавіць чалавецтва.
- Трэцяе сказала Марыя падчас Звеставання, калі згадзілася стаць Маці Збаўцы.
Дзякуючы «так» Марыі, нагадаў іерарх, адбыўся цуд Богаўцелаўлення. Бог стаў адным з нас і памёр за нас, каб мы маглі жыць жыццём, поўным Божай ласкі. Калі праз «не» Евы зачыніліся брамы раю, то праз «так» Марыі яны расчыніліся.
«Але каб Бог мог весці нас шляхам збаўлення, патрэбна нашае “так” з мэтай дазволіць Богу дзейнічаць у нашых сэрцах. А поле Яго дзеяння бязмернае», — нагадаў прысутным арцыпастыр.
Сучасная Еўропа з хрысціянскімі каранямі, паводле яго меркавання, ужо даўно сталася постхрысціянскай, часам нават з антырэлігійнай ідэалогіяй. Многія евангельскія пастулаты і традыцыі сёння не толькі пераглядаюцца, але нават забараняюцца.
«Мы перажываем глыбокі крызіс веры, які перадусім праяўлецца ў крызісе сям’і як падмурку грамадства, а таксама ў крызісе пераказу Божага дару жыцця.
Пошук лягчэйшага стылю жыцця і зашкальваючая колькасць перарывання цяжарнасці прывялі да нябачнага дагэтуль дэмаграфічнага крызісу, які змушае нас паўтарыць пытанне Папы Францішка: “Куды мы ідзем з пустымі калыскамі?” Перажываючы дэмаграфічнае цунамі, неабходна біць у набат. Божая Маці — Апякунка сем’яў — мы выміраем. Ратуй нас, выведзі з гэтага крызісу!»
— з болем у голасе ўсклікнуў арцыпастыр.
Сур’ёзным выклікам, паводле яго, з’яўляецца таксама маральная дэградацыя, якая абагаўляе свабоду амаральных паводзінаў. Сумленне чалавека становіцца нячулым на маральныя справы і ён адрынае грэх.
Вялікі непакой выклікае гендэрная ідэалогія, — наступная пагроза, пра якую папярэдзіў іерарх, — якая ўводзіць культурнае, а не біялагічнае паняцце полу, і таму, паводле яе, чалавек можа сам сабе яго выбраць. Аднак нават калі чалавек у выніку хірургічнай аперацыі зменіць свой выгляд, то ён не ў стане змяніць свайго ДНК, і таму застаецца такім, якім нарадзіўся — мужчынам ці жанчынай. Гендэрызм можа нават пагражаць забаронай Бібліі, паводле якой Бог стварыў чалавека як мужчыну і жанчыну. Нездарма Папа Францішак кажа, што гендэрызм з’яўляецца адной з самых небяспечных ідэалагічных каланізацый.
«Інтэрнэт, сацыяльныя сеткі і штучны інтэлект далёка не заўсёды спрыяюць духоўнаму выхаванню моладзі, хутчэй наадварот», — заўважыў арцыбіскуп. — Дзякуючы касмічным хуткасцям у развіцці навукі і тэхналогій, у тым лічбавых, чалавецтва набыло вялікае багацце, але неэтычнае яго выкарыстанне становіцца інструментам злоўжыванняў. Перадавыя тэхналогіі дамінуюць над этыкай і выкарыстоўваюцца для дэмаралізацыі людзей, асабліва дзяцей і моладзі».
Вялікай праблемай, згодна з думкай іерарха, з’яўляецца працагалізм, калі людзі «па-за працай нічога не бачаць». Яго дэвіз: «Рабіце ўсё, каб толькі не выпасці з мэйнстрыму, бо хтосьці зойме вашае месца». Арцыпастыр папярэдзіў слухачоў, што гэтая з'ява нішчыць духоўнае і грамадскае жыццё людзей.
«Свет перажывае занік маральнасці, — упэўнена прамовіў іерарх. — Многія жывуць так, як быццам Бог не існуе. Замест Яго яны пакланяюцца фальшывым багам грошай, улады і пажадлівасці. Самае галоўнае — добра паесці, паспаць і мець доступ да інтэрнэту».
«Сучаснаму чалавеку, які на свае пытанні шукае рацыянальнага адказу, Езус не патрэбны і нават шмат каму перашкаджае. Артысты, спартоўцы, знакамітасці, юцюберы, інфлюэнсеры і таму падобныя — вось сучасныя куміры шырокіх масаў», — з вялікім жалем сцвердзіў арцыбіскуп.

Далей ён звярнуў увагу на тое, што па прычыне адыходу людзей ад маральных каштоўнасцей назіраецца крызіс надзеі: «Мы патрабуем не толькі штодзённай надзеі, але і такой, якая можа заспакоіць нас у вечнасці. Хрысціянская надзея робіць чалавека шчаслівым, бо надае сэнс будучыні. Юбілейны 2025 год надзеі заклікае нас вярнуцца да яе ў часы, калі нярэдка нашае жыццё выдаецца бессэнсоўным».
У сітуацыі маральнай разгубленасці, паводле арцыпастыра, актуальнымі з’яўляюцца словы Папы Льва XIV: «Праўда — гэта не проста паняцце ці ідэя, але сустрэча з асобай Хрыста». Гэтым самым Пантыфік «падкрэслівае неабходнасць прыняцця праўды Евангелля, а не пошуку апладысментаў коштам адрачэння ад Божага закону і падабенства да Пілата, які ўмыў рукі».
«Езус пытаецца ў нас, кім мы Яго лічым? Гістарычнай асобай, магам ці Сынам Божым? Які наш адказ?»
— рашуча паставіў пытанне прамоўца і прадоўжыў: «Хрысціянства — гэта не прыклееная да нас этыкетка, але жыццё духам Евангелля. Мы не можам быць хрысціянамі на паўстаўкі. Мы павінны разам з апосталам Пятром адказаць Езусу: “Ты — Сын Бога Жывога, які мае словы вечнага жыцця”».
У Езусе нашае жыццё, паводле іерарха, «не з’яўлецца марным імкненнем да міража шчасця, але набывае сэнс, мэту і надзею, даючы суцяшэнне і спакой у сэрцы». Таму нездарма святы Аўгустын кажа: «Не супакоіцца маё сэрца, пакуль не спачне ў Богу».
Як Марыя прыняла Божае Слова, таксама і мы, згодна з думкай арцыпастыра, павінны прыняць Евангелле, каб быць асветленымі Божай праўдай і несці яе іншым людзям.
«Бог выбраў нас у гэты час гісторыі, падобна як у свой час выбраў Марыю, — працягнуў ён. — У нашых змаганнях мы перш за ўсё павінны прасіць Бога аб Яго прысутнасці ў нашых душах, а не аб прывілеях і багаццях. А гэта будзе тады, калі так, як Марыя, скажам Яму нашае “так” і ў хаосе сучаснасці ўсклікнем: “Мы хочам Бога!”, каб духоўна аздаравіць нашае грамадства».

Сваю гамілію арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў моцным заклікам:
«Беларусь – любая Айчына! Не бойся Бога! З надзеяй, якая здольная перамагчы нават самыя складаныя выпрабаванні, прымі Яго і верна служы Яму! Ён нічога не забірае, толькі дае! Скажы Яму “так” і будзеш разам з Марыяй спяваць яе гімн Magnificat, бо Бог учыніць табе вялікія рэчы».
Святая Імша, а з ёй і ўрачыстасці ў гудагайскім санктуарыі, завяршыліся пастырскім благаслаўленнем прысутных на ёй біскупаў.
Падчас усяго фэсту была магчымасць за невялікае ахвяраванне набыць кнігі з гаміліямі, прамовамі і канферэнцыямі арцыбіскупа Кандрусевіча, а таксама фотаальбом з дастойным іерархам на першым плане.























































































































