Пошук

21.07.2025 13:47   Фота: Дар'я Токарава / Catholic.by

Раніцай у нядзелю 20 ліпеня падчас урачыстасцяў Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі святую Імшу ўзначаліў біскуп эмэрыт Аляксандр Кашкевіч з Гродна.

Разам з іерархам Эўхарыстыю цэлебраваў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч з Мінска і Рэгіянальны вікарый кармэлітаў босых у Беларусі айцец Пётр Фроштэга OCD.

У прамоўленай гаміліі біскуп Кашкевіч накрэсліў у словах маляўнічы вобраз гары Кармэль, якая «адзначалася багатай і вельмі прыгожай расліннасцю на яе схілах». Гэтае прыгожае месца, на якім прарок Ілля аддаваў пашану адзінаму Богу, выбралі сабе законнікі кармэліты, каб там праз заступніцтва Маці Божай Шкаплернай выконваць Божую волю.

«Падобна як буйная, разнастайная расліннасць чыніць гару Кармэль асабліва прыгожай і маляўнічай, так і ў жыцці хрысціяніна добрыя плёны яго ўчынкаў надаюць прыгажосць яго душы»,

— сцвердзіў пастыр.

Ён заўважыў, што ў жыцці хрысціяніну недастаткова толькі «пазбягаць граху і таго, што вядзе да злога». Патрэбна яшчэ «развіваць у сабе ўсё добрае, прыгожае, шляхетнае і дзяліцца плёнамі ласкі з іншымі», гэта значыць, здзяйсняць добрыя ўчынкі, выконваючы Хрыстовую запаведзь любові.

Наступным чынам пастыр, схіляючыся ў сваіх разважаннях над гісторыяй паўстання культу Маці Божай Шкаплернай, нагадаў прысутным пра аб'яўленне Марыі генералу ордэна кармэлітаў Сымону Стоку. Даючы яму шкаплер, Багародзіца сказала, што ён «будзе знакам паратунку ў небяспецы», а той, хто будзе яго насіць, «не спазнае пякельнага агню».

Паводле слоў іерарха, шкаплер не дзейнічае аўтаматычна, але нагадвае нам, што «ў сакрамэнце хросту мы былі апранутыя ў адзенне ласкі, напоўненыя Божымі дарамі і што нашым абавязкам з'яўляецца свядомае і добраахвотнае супрацоўніцтва з гэтай ласкай». Праз гэты знак вернікі ўсведамляюць сабе, што знаходзяцца пад апекай Маці Божай, якая абараняе іх ад усяго, што пагражае іх збаўленню. Біскуп заахвоціў слухачоў моцна трымацца Марыі, услухоўвацца ў кожнае Яе слова, заклікаць Яе дапамогі і хавацца пад плашчом Яе апекі».

«Прыходзьце сюды, да Марыі, цэлымі сем'ямі. Няхай дзеці з маленства вучацца любові да Найсвяцейшай Маці. Няхай яны спазнаюць, што, апроч зямной маці ў іх ёсць Нябесная Маці. Няхай штодзённая малітва ўсёй сям'і, нядзельная святая Імша, рэгулярная катэхізацыя будуць для вашых дзяцей найлепшай школай жыцця»,

— заклікаў вернікаў пастыр, дадаючы да гэтых слоў просьбу аб малітве за сем'і.

Напрыканцы гаміліі біскуп Кашкевіч у малітоўным звароце папрасіў Маці Божую Шкаплерную аб апецы над сем'ямі, каб кожная з іх «ішла дарогай сапраўднага шчасця».

Абноўлена 21.07.2025 23:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа