Пошук

16.02.2026 12:20   Тэкст: кс. Юзаф Сярпейка / Catholic.by

Парафія ў Бялынічах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Магілёўскі дэканат) запрашае далучыцца да навэнны напярэдадні ўрачыстасці Маці Божай Бялыніцкай, Каралевы Беларусі. Пробашч парафіі Маці Божай Бялыніцкай у Бялынічах і кусташ санктуарыя ксёндз Юзаф Сярпейка кіруе вернікам Беларусі адмысловы зварот.

Дарагія браты і сёстры, шаноўныя пілігрымы і ўсе людзі добрай волі!

У гэтым годзе мы перажываем незвычайную духоўную ўрачыстасць 265-годдзе каранацыі цудатворнага абраза Маці Божай Бялыніцкай папскімі каронамі. Гэтая падзея, якая адбылася ў 1761 годзе, паводле наказу папы Бэнэдыкта XIV стала знакам асаблівай Божай ласкі і мацярынскай апекі Найсвяцейшай Панны Марыі над нашай зямлёю і нашым народам.

З гэтай нагоды мы запрашаем кожнага з вас далучыцца да малітвы навэннай, якая будзе працягвацца да 5 верасня.

Гэта асаблівы час, каб у цішыні сэрца і ў адзінстве з Касцёлам схіліць калені перад абразом Бялыніцкай Божай Маці, каб выпрасіць неабходныя ласкі, падзякаваць за апеку і ўмацаваць нашу веру.

Навэнна распачалася 4 студзеня і праходзіць у кожную першую нядзелю месяца. У гэты дзень касцёл у Бялынічах можна наведаць з 7.00 да 18.00, прыняўшы ўдзел у малітвах, адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і святой Імшы ў 10.00.

Трэці дзень навэнны адбудзецца ў нядзелю 1 сакавіка.

Папа Леў XIV неаднойчы заклікаў нас быць бліжэй да Бога праз ціхую малітву і давер да Найсвяцейшай Панны Марыі. Маці Божая Бялыніцкая на працягу стагоддзяў з любоўю схіляецца над нашай Бацькаўшчынай і нашым народам, суцяшаючы і накіроўваючы нас да свайго Сына. Гэтая навэнна дапамагае нам сеяць у нашых сэрцах цішыню, пакору і давер.

Звяртаючыся па нябесную апеку да Найсвяцейшай Панны Марыі, просім Яе: няхай гэтая навэнна стане для нас магчымасцю ў нашым крочанні духоўнай дарогай старанна падрыхтавацца да ўрачыстасці Маці Божай Бялыніцкай, якая адбудзецца 6 верасня.

План навэнны да Маці Божай Бялыніцкай

  • Малітва святы Ружанец (прынамсі адну таямніцу)  разважанне над жыццём Езуса і Марыі з даверам Ёй нашых штодзённых клопатаў.
  • Малітва Літаніяй да Найсвяцейшай Панны Марыі (Ларэтанскай)  ушанаванне Яе велічы і прыгажосці.
  • Гадзінкі да Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі  праслаўленне Яе як выбранай дачкі Айца.
  • Малітва Святой Гадзінай (па жаданні)  духоўная лучнасць з Езусам у Ягоных муках.
  • Рэкамендуем ўдзельнічаць у адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і ў святой Імшы, каб у поўнай меры спазнаць радасць сустрэчы з Хрыстом праз матчынае заступніцтва Марыі.
  • Таксама заахвочваем чытаць малітву прысвячэння сябе і бліжніх Маці Божай Бялыніцкай:

О, велічная і ласкавая Маці Божая Бялыніцкая, Каралева Беларусі! Мы стаім перад Табою з бязмежным даверам і надзеяй. Да Твайго трону мы прыносім незлічоныя ахвяры мучанікаў за веру, яе сведкаў і вызнаўцаў. Табе ахвяруем і даручаем саміх сябе і ўсё, што маем: нашу Айчыну, наш народ і ўсе яго справы, Касцёл, які адраджаецца і развіваецца; сем'і; народжаных і не народжаных яшчэ дзяцей; моладзь, хворых, церпячых; ахвяруем і давяраем Табе нашы думкі і клопаты, кожнае біццё нашых сэрцаў і кожны парыў волі. Памятай, спагадлівая і ласкавая Пані, пра свой народ, які прысвячае сябе Твайму Беззаганнаму Сэрцу. Узглянь на яго сваім міласэрным позіркам і выслухай. Амэн.

Няхай гэтыя дні навэнны будуць часам выключнай асабістай і сямейнай малітвы. Заахвочваем таксама ўдзельнічаць у святых Імшах у санктуарыі ў Бялынічах, каб супольна прасіць аб міры ў сэрцах для жыхароў нашай краіны, аб ухоўным аднаўленні і аб усіх патрэбах, якія мы носім у сэрцах.

Ужо цяпер дзякуем усім, хто прысвяціць свой час гэтай духоўнай практыцы, не шкадуючы ўласных сіл дзеля развіцця Божага Валадарства ў нашых душах.

З Божым благаслаўленнем для ўсіх удзельнікаў навэнны
ксёндз Юзаф Сярпейка
пробашч парафіі Маці Божай Бялыніцкай у г. Бялынічы

Абноўлена 16.02.2026 13:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа