23 мая ў гродзенскай катэдры святога Францішка Ксавэрыя шасцёра дыяканаў, выпускнікі Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, прынялі пасвячэнне ў ступені прэзбітэрату. Удзяліў пасвячэнне біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.
Новымі прэзбітэрамі Гродзенскай дыяцэзіі сталі Максім Ваўчок з парафіі Маці Божай Тройчы Цудоўнай у Мастах (Мастоўскі дэканат), Марцін Лудзіч з парафіі Божага Цела ў Крамяніцы (Ваўкавыскі дэканат), Яраслаў Казлоўскі з парафіі святога Юзафа ў Гродне (дэканат Гродна-Усход), Дзмітрый Роўны з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Новым Двары (Шчучынскі дэканат), Віталій Сямёнаў і Аляксей Ціхан з парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Лідскі дэканат).
На літургіі, на якой адбылося пасвячэнне, прысутнічала вялікая колькасць вернікаў тых парафій, адкуль паходзяць новапрэзбітэры, і тых, дзе яны нядаўна праходзілі літургічна-душпастырскую практыку, родныя і блізкія новапрэзбітэраў, вернікі іншых парафій, кансэкраваныя асобы. Сярод шматлікіх святароў, якія ўдзельнічалі ў цэлебрацыі, быў біскуп эмэрыт Аляксандр Кашкевіч.
Біскупу Гродзенскаму прадставіў кандыдатаў да пасвячэння рэктар семінарыі ксёндз Ян Раманоўскі, у звароце да іерарха нагадаўшы, што для пасвячэння яны прайшлі адпаведную падрыхтоўку.
У гаміліі біскуп Гуляй сказаў дыяканам, што Езус Хрыстус праходзіць праз іх жыццё і звяртаецца да кожнага асабіста тым самым голасам, якім калісьці паклікаў апосталаў над Галілейскім морам, назваў «вялікай радасцю Касцёла» тое, што дыяканы далі станоўчы адказ на гэты зварот. «Гэта адказ чалавека, які пасля многіх гадоў распазнання, малітвы, барацьбы, сумненняў, унутраных крызісаў, выпрабаванняў і духоўнага сталення адважыўся даверыць сваё жыццё Богу. Гэта адказ чалавека, які разумее, што ўжо не належыць толькі самому сабе. Гэта адказ чалавека, які хоча сказаць Хрысту: "Пане, я не ўсё разумею, я бачу сваю слабасць і сваю недасканаласць, але веру Табе больш, чым самому сабе". Бо сапраўднае святарства нараджаецца не з чалавечых амбіцый, не з жадання рэалізацыі сябе, не з пошуку прызнання ці стабільнасці, а з сустрэчы з Хрыстом», — дадаў іерарх.
Ён звярнуў увагу, што святарства — не ўзнагарода за вучобу ў семінарыі, не «духоўны дыплом», а «пачатак жыцця, у якім чалавек ужо не можа жыць толькі для сябе».
«Касцёл верыць і вучыць, што ў сакрамэнце святарства чалавек атрымлівае незнішчальны духоўны знак. Гэта азначае, што сённяшні дзень застанецца ў вас назаўсёды. Можна пазней быць слабым. Можна перажываць крызісы. Можна стаміцца. Можна плакаць. Можна адчуваць адзіноту. Але нельга ўжо перастаць быць святаром. Бо Хрыстус аднойчы выбраў чалавека і ўжо ніколі не адмаўляецца ад свайго выбару», — патлумачыў біскуп.
Найбольшай небяспекай для святара іерарх назваў «паступовае прывыканне да таго, што святое, да Эўхарыстыі, да людзей, да сакрамэнтаў, калі сэрца пачынае стамляцца любіць», «калі святар перастае здзіўляцца таму, што Бог дзейнічае праз яго бедныя рукі, калі служэнне становіцца толькі функцыяй, а не любоўю».
«Таму святы Ян Павел ІІ пісаў, што дар святарства заўсёды павінен быць у чалавеку нібы агонь, які трэба пастаянна распальваць нанова. Бо святар без малітвы пачынае павольна губляць самога сябе. Святар без Эўхарыстыі становіцца пустым. Святар без асабістай сустрэчы з Хрыстом хутка ператвараецца толькі ў рэлігійнага функцыянера», — адзначыў біскуп.
Па яго словах, «людзі чакаюць ад святара не дасканаласці, а сэрца», «свет вельмі стаміўся ад халодных людзей, людзей, якія шмат гавораць, але не любяць», таму святара хочуць бачыць «не толькі добрым арганізатарам, не толькі адукаваным чалавекам, не толькі адміністратарам парафіі, а перадусім тым, хто сапраўды верыць у Бога і сапраўды любіць людзей». Біскуп дадаў, што святар «не можа будаваць уласнае валадарства, бо калі ён пачынае шукаць улады, выгоды, чалавечага прызнання, тады павольна губляе смак, як соль, якая выветрылася». У сувязі з гэтым ён заахвоціў:
«Будзьце пастырамі, а не чыноўнікамі, братамі, а не панамі (…) каб людзі не баяліся падысці да вас».
Выказваючы падзяку бацькам дыяканаў, іерарх назваў вельмі кранальным момант, калі пасля намашчэння рук у час пасвячэння «біскуп спецыяльным ручніком выцірае святы алей з рук новага святара, а пасля гэты ручнік перадаецца маці новапрэзбітэра»: «Які глыбокі сэнс мае гэты просты, але надзвычай прыгожы жэст! Бо гэтым жэстам Касцёл хоча сказаць, што ў таямніцы святарскага паклікання вельмі важнае месца займае маці святара”.
Біскуп дадаў, што ў некаторых краінах «існуе вельмі кранальная традыцыя, калі пасля смерці маці святара ручнік, якім былі выцерты святыя алеі з рук яе сына ў дзень пасвячэння, кладуць у яе рукі перад пахаваннем, і гэты жэст нібы гаворыць: “Ты аддала свайго сына Хрысту і Касцёлу, а цяпер Пан прымае цябе ў сваю вечнасць”». «Такую традыцыю прагну распачаць і ў нашым Касцёле на Гродзеншчыне, — сказаў пастыр дыяцэзіі. —
Дарагія маці сённяшніх новапрэзбітэраў! Касцёл сёння ад усяго сэрца дзякуе вам за вашу веру, за вашу малітву, за вашу ціхую ахвяру, за тое, што вы мелі мужнасць не затрымаць свайго сына толькі для сябе, а дазволілі яму пайсці за Хрыстом».
Біскуп папрасіў усіх вернікаў маліцца за святароў: «Бо святар — не анёл. Ён чалавек. Ён носіць у сабе слабасць, стомленасць, раны і змаганне. Таму святару вельмі патрэбны людзі, якія не толькі патрабуюць, але і падтрымліваюць. Калі ў сем’ях перастануць маліцца за пакліканні — святароў стане менш. Калі моладзь перастане слухаць Божы голас — святыні будуць пустымі. Калі свет перастане шукаць Бога — чалавек пачне губляць самога сябе».
Кандыдатам да пасвячэння біскуп пажадаў:
«Калі прыйдзе радасць — заставайцеся пакорнымі. Калі прыйдзе поспех — памятайце, каму вы служыце. Калі прыйдзе крыж — не ўцякайце. Калі прыйдзе стомленасць — вяртайцеся да Эўхарыстыі. Калі прыйдзе цемра — глядзіце на Хрыста».
У канцы Імшы ксёндз Марцін Лудзіч ад імя новапрэзбітэраў выказаў словы ўдзячнасці ўсім, хто падтрымліваў іх на шляху да Хрыстовага алтара, і папрасіў аб далейшым малітоўным спадарожнічанні.
У той жа дзень новапрэзбітэры атрымалі першыя прызначэнні на служэнне ў парафіі дыяцэзіі. Дэкрэты аб прызначэнні ўручыў ім біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй у канцы Імшы, на якой было ўдзелена пасвячэнне.
Новапрэзбітэры прызначаны вікарыямі наступных парафій:
- ксёндз Максім Ваўчок — парафіі Святой Сям’і ў Лідзе;
- ксёндз Марцін Лудзіч — парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе;
- ксёндз Яраслаў Казлоўскі — парафіі святога Вацлава ў Ваўкавыску;
- ксёндз Дзмітрый Роўны — парафіі Святога Духа ў Гродне;
- ксёндз Віталій Сямёнаў — парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі;
- ксёндз Аляксей Ціхан — парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне.
Касцёл на Гродзеншчыне выказвае Богу ўдзячнасць за дар новых святароў для дыяцэзіі і заахвочвае вернікаў прасіць аб неабходных гэтым святарам ласках, каб яны верна ўдзялялі Божыя таямніцы, радасна абвяшчалі Евангелле і вялі вызнаўцаў Хрыста Яго шляхам.





























































































































