Пошук

21.07.2024 17:46   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Марыя Ахрамовіч / Catholic.by

20 ліпеня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Найсвяцейшай Панны Марыі з Гары Кармэль у Гудагаі (Астравецкі дэканат) распачаўся традыцыйны фэст у гонар цудадзейнага абраза Маці Божай Шкаплернай.

На свята ў санктуарый пешкі і на транспарце прыбылі шматлікія пілігрымы. Сярод іх былі група байкераў, а таксама моладзь, якая прыехала на роварах з Нарачы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Мядзельскі дэканат) разам з айцом Генрыхам Валэйкам OCD. У першы дзень фэсту Гудагайскі санктуарый як пілігрым наведаў таксама прызначаны напярэдадні дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі ксёндз канонік Андрэй Зноска.

Цэлебрацыю першай святой Імшы на фэсце ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Разам з ім Эўхарыстыю канцэлебравалі арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй, а таксама айцы кармэліты босыя, якія ўжо 260 гадоў нясуць служэнне ў Гудагайскай парафіі, на чале з пробашчам і кусташам санктуарыя айцом Аркадзем Куляхам OCD і ншыя святары.

Біскуп Касабуцкі сардэчна прывітаў усіх удзельнікаў фэсту, якія прыбылі да Маці Божай Шкаплернай, асабліва арцыбіскупа Кандрусевіча, які 35 гадоў таму менавіта тут, у Гудагаі, быў абвешчаны першым з часоў Другой сусветнай вайны каталіцкім біскупам у Беларусі.

Увечары ў межах урачыстасцяў адбылося набажэнства Крыжовага шляху, у якім узялі ўдзел сотні вернікаў.

Гэтае пакутнае набажэнства на самай вялікай Кальварыі ў нашай краіне, маршрут якой складае каля трох з паловай кіламетраў, стала неад’емнай часткай Гудагайскага фэсту.

Набажэнства, якое правёў айцец Аркадзь Куляха, распачалося пры касцёле, а завяршылася пры апошняй стацыі — Пахаванні Хрыста — на парафіяльных могілках. Па дарозе святары ў ыіялетавых стулах спавядалі тых, хто жадаў сакрамэнтальнага паяднання з Богам.

Кальварыйскім шляхам разам з іншымі ішоў таксама біскуп Уладзімір Гуляй, які ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы, што распачалася апоўначы працэсіяй са свечкамі і цудадзейным абразом Маці Божай Гудагайскай.

Вітаючы сабраных, іерарх перадусім адзначыў, што «сёння мы стаім перад нашай Маці як пілігрымы ўдзячнасці, каб разам з Марыяй падзякаваць Богу за вялікія рэчы, якія Ён нам учыніў».

«Сярод многіх вялікіх рэчаў, якія атрымала супольнасць нашага Касцёла, — дзясятая гадавіна абвяшчэння гэтага святога месца дыяцэзіяльным санктуарыем, у які мы прыбываем са сваімі цяжкімі жыццёвымі праблемамі, просячы Марыю аб дапамозе і заступніцтве перад Езусам. Мы прыбываем сюды, зносячы цяжар пілігрымкі, каб падзякаваць Маці за атрыманыя з Яе дапамогай ласкі. Прыбываем сюды ў духу перапрашэння і кампенсавання, каб у прысутнасці Маці сказаць Богу, як моцна шкадуем, што змарнавалі шмат нагодаў чыніць дабро. Аднак, незалежна ад інтэнцый, усе мы стаім тут, каб браць прыклад са сваёй Маці і будаваць сваё хрысціянскае жыццё на Яе ўзор», — падкрэсліў іерарх, дадаўшы, што Касцёл — гэта «вялікая сям’я, у якой ёсць свая Маці».

«Аб гэтым нам нагадвае таксама сённяшняе свята. Нагадвае і тытул гэтай парафіяльнай супольнасці, якая з самага пачатку была даручана заступніцтву Маці Божай з гары Кармэль, Маці Божай Шкаплернай. Мы добра ведаем, што шкаплер — гэта не якісьці цудоўны талісман, а выраз нашай любові і пашаны да Марыі. Пры гэтым ён паказвае, што мы аддаліся ў Яе матчыны далоні і пад Яе апеку над намі», — сцвердзіў біскуп каад’ютар.

Ён заахвоціў да малітвы праз заступніцтва Марыі, каб Маці Божая дапамагла вернікам стаць, як Яна сама: Божым домам, жывой святыняй Яго любові, людзьмі добрых сэрцаў і адкрытых вачэй, здольнымі выходзіць да іншых, несці Хрыста, абвяшчаць Божую міласэрнасць і даваць пра Яго праўдзівае сведчанне словам, учынкам і малітвай.

«Давайце ж вяртацца з Гудагая людзьмі веры, любові і адзінства. Мы — адзін Хрыстовы Касцёл: Божая сям’я і Яго ўласнасць! Тое, што нас злучае — гэта Дух Пана! Будзем жа прабываць у гэтым адзінстве, будзем адказнымі за яго! Няхай ніхто нас не падзеліць, але няхай нас яднаюць у адной веры і любові Сын Божы і Яго Маці Марыя», — выказаў пажаданне іерарх.

Сваю гамілію біскуп Уладзімір Гуляй завяршыў заклікам: «Беларусь, не бойся прыняць веру, давер, любоў і адзінства Маці, бо кожнаму народу патрэбна Маці, і кожны народ мае права мець Маці! Беларусь, слухай Маці Сына Божага, бо ніколі не было чуваць, каб Яна пакінула кагосьці, хто да Яе звяртаецца і просіць Яе дапамогі. Маці, не пакідай нас, будзь з намі і вядзі, каб мы вытрывалі ў веры, як Ты».

 

Абноўлена 22.07.2024 08:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.