20 ліпеня ў санктуарый Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі як пілігрымы прыбылі каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй і біскуп намінат Андрэй Зноска, прызначаны напярэдадні дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі.
Абодва наймалодшыя прадстаўнікі каталіцкага епіскапату Беларусі раніцай выехалі з Браслава, дзе бралі ўдзел у распачацці Чацвёртых Агульнабеларускіх дзён моладзі.
Біскуп каад’ютар і біскуп намінат памаліліся перад цудадзейным абразом Маці Божай Шкаплернай, а таксама на парафіяльных могілках, што знаходзяцца пры касцёле.
Падчас традыцыйнага дыяцэзіяльнага фэсту ў Гудагаі, які там сёлета праходзіць 20 і 21 ліпеня, біскуп Гуляй узначаліць цэлебрацыю святой Імшы апоўначы. Ёй будзе папярэднічаць набажэнства Крыжовага шляху на самай вялікай Кальварыі ў Беларусі, а таксама працэсія са свечкамі і цудадзейным абразом Маці Божай Шкаплернай па мястэчку.